6 жніўня 1517 года Францыск Скарына ў Празе выдаў першую друкаваную кнігу на старажытнабеларускай мове – "Псалтыр". Гэта адна з 23 кніг Бібліі, надрукаваная выдатным прадстаўніком рэнесанснай духоўнай культуры Беларусі пад агульнай назвай “Біблія Руска”.
Невыпадкова 6 жніўня ў нашай краіне лічыцца днём нараджэння беларускага кнігадрукавання, 505-годдзе якога мы адзначылі сёлета. Біблія Скарыны стала першай друкаванай кнігай для ўсходніх славян і выйшла нават раней, чым англійскі і французскі пераклады, а таксама амаль на 50 гадоў апярэдзіла “Апостал”, выдадзены першым рускім кнігадрукарам Іванам Фёдаравым.
Сама гісторыя развіцця кнігадрукавання вельмі цікавая. Спазнаць яе ў поўнай меры і літаральна дакрануцца да іншай эпохі, на шчасце, сёння можна дзякуючы старадрукам, якія захаваліся да нашых дзён. Іх беражліва захоўваюць музеі і бібліятэкі па ўсім свеце.
Адна з самых багатых кніжных калекцый Рэспублікі Беларусь захоўваецца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі – звыш 23 тысяч рэдкіх і старадрукаваных кніг (у тым ліку 3 інкунабулы і 26 палеатыпаў) і каля 13 тысяч рэдкіх перыядычных выданняў). Самая ранняя кніга, напрыклад, была выдадзена на зары кнігадрукавання – ў 1493 годзе.
Пра тое, як фарміравалася кніжная калекцыя, карэспандэнту "ГП" распавяла загадчык аддзела рэдкіх і старадрукаваных кніг музея Алена Развановіч.
Гісторыя ўнікальнай калекцыі
– Сярод усіх музеяў Рэспублікі Беларусь у нас самы вялікі і каштоўны кнігазбор, а сярод бібліятэк – трэці ў краіне па колькасці інкунабул і старадрукаў. Музейны кнігазбор пачаў фарміравацца яшчэ ў 1920-м годзе па ініцыятыве першага дырэктара і галоўнага захавальніка музея Юзафа Ядкоўскага. Кнігі з яго асабістай бібліятэкі і сталі першым укладам у музейны збор, – адзначае Алена Развановіч.
Паступова калекцыя пашыралася. Ужо ў 1920 годзе ў фонды музея трапілі рэшткі бібліятэкі з былога кляштара гродзенскіх дамініканцаў, якая лічылася адной з найбуйнейшых кляштарных бібліятэк на Гродзеншчыне: у 1805 годзе ў ёй налічвалася 11500 тамоў кніг XVI – пачатку ХІХ стагоддзя і рукапісаў. Юзафу Ядкоўскаму ўдалося выратаваць 905 тамоў.
– У 1927 годзе адбылася знамянальная для нашага горада падзея – графіня Марта Красінская з роду Пуслоўскіх падаравала Гродзенскаму дзяржаўнаму музею свой кнігазбор з маёнтка Свіслач пад Гродна, які на працягу ўсяго жыцця збіраў яе бацька граф Вандалін Пуслоўскі і іншыя прадстаўнікі гэтага рода, – расказвае загадчык аддзела рэдкіх і старадрукаваных кніг.
Калі ў 1882 годзе Марта Пуслоўская выходзіла замуж за графа Казіміра Красінскага, бацька даў ёй частку сваёй бібліятэкі з Косава і маёнтак Свіслач.
– Так кнігі з Косава аказаліся пад Гродна. Графіня Марта стала такой жа аматаркай збірання кніг, як бацька, і значна павялічыла калекцыю. А ў 1920 годзе яна пазнаёмілася з маладым гісторыкам і археолагам, заснавальнікам і першым дырэктарам Дзяржаўнага музея ў Гродне Юзафам Ядкоўскім. Яго ведалі і паважалі як чалавека адукаванага, адданага справе. Гэтая сустрэча і вырашыла лёс свіслацкага кнігазбора. У 1927 годзе графіня Марта Красінская падаравала музею свой унікальны кнігазбор – каля 10 000 кніг (XV – пач. ХХ стагоддзяў). У знак удзячнасці за такі багаты падарунак навуковая бібліятэка музея атрымала назву “Бібліятэка імя графа Вандаліна Пуслоўскага і графіні Марты Красінскай”, – адзначае Алена Развановіч.
Некаторыя кнігі патрапілі ў музей у выніку абмена з калекцыянерамі, былі набыты на аўкцыёнах ці атрыманы па падпісцы. Шмат цікавых кніг было атрымана ў якасці дарэнняў школ, музеяў, выдавецтваў, навуковых устаноў.
Пасля ўсталявання ў Заходняй Беларусі савецкай улады ў 1939 годзе ў музей трапілі кнігі з шэрагу канфіскаваных навакольных шляхецкіх маёнткаў. Самай значнай сярод іх была бібліятэка Патоцкіх з маёнтка Рудка на Беласточчыне, дзе граф Францішак Салезы Патоцкі стварыў рэгіянальны гістарычны музей.
– Кніжная калекцыя Бруляў – Мнішкаў – Патоцкіх збіралася на працягу двух стагоддзяў рознымі прадстаўнікамі гэтых родаў у маёнтках Тульчын, Сіткавец, Пячара і Рудка. На сённяшні дзень у музейнай калекцыі захоўваецца амаль 3000 кніг, у асноўным заходнееўрапейскія выданні XVІ – пач. XX ст. на французскай, польскай, рускай, італьянскай і лацінскай мовах, – дапоўніла Алена Развановіч.
Пасля ўтварэння аддзела рэдкай кнігі, калі камплектаванне калекцый вялося мэтанакіравана, фонды музея папоўніліся значнай колькасцю старадрукаў, рэдкіх кніг і перыядычных выданняў за кошт дароў ад прыватных асоб – аўтараў, бібліяфілаў, устаноў і арганізацый. Напрыклад, самы буйны дарунак – больш за 500 выданняў беларускага замежжа. Яго ў чэрвені 1994 года даслаў музею дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель.
Некаторыя рэдкія выданні былі перададзены музею мытнымі органамі, частка кніг была набыта ў прыватных асоб, у букіністычных крамах як на тэрыторыі Беларусі, так і за межамі краіны.
Скарбы ў вокладках
Сапраўдным скарбам музея з'яўляецца ўладальніцкі канвалют, у якім пад адной вокладкай пераплецены тры інкунабулы – кнігі-першадрукі, выдадзеныя ад пачатку кнігадрукавання да 1500 года ўключна.
– Вось самая ранняя з іх – трактат “Аб быцці і сутнасці” прафесара Парыжскага ўніверсітэта Эгідзія Рымскага, выдадзены ў Лейпцыгу ў 1493 годзе, – паказвае загадчык аддзела рэдкіх і старадрукаваных кніг. – Сярод інкунабул “Падручнік па логіцы” (Лейпцыг, 1500) прафесара Кракаўскага ўніверсітэта Яна Глагоўскага, вучнямі якога былі сусветна вядомы астраном Мікалай Капернік і славуты беларускі першадрукар Францыск Скарына, і рэлігійна-філасофскі слоўнік “Аб тлумачэннi складаных тэрмінаў тэалогіі, філасофіі і логікі” (Кёльн, 1499) нямецкага філосафа і тэолага Арманда з Белавізы.
Яшчэ адным гонарам кнігазбору гісторыка-археалагічнага музея з’яўляюцца палеатыпы. Іншымі словамі, друкаваныя еўрапейскія выданні першай паловы XVI стагоддзя.
– Сярод іх кніга гуманіста эпохі Адраджэння Рафаэля Андрэа Фульвіа “Выявы знакамітых людзей”, выдадзеная ў Рыме ў 1517 годзе. Гэта быў адзін з першых каталогаў па нумізматыцы, – дапоўніла Алена Развановіч.
Выданне надзвычай прыгожае: на 228 старонках кнігі змешчаны 190 ксілагравюр, на кожнай з якіх – профільны партрэт знакамітай асобы старажытнай Грэцыі, Рыма, Егіпта ці часоў Сярэднявечча.
Дарэчы, за аснову большасці с графіту з профільнымі партрэтамі караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, візантыйскіх і рымскіх імператараў, якія сёння ўпрыгожваюць уязную вежу Старога замка, былі ўзяты выявы з кнігі Андрэа Фульвіа “Выявы знакамітых людзей”.
Захоўваецца ў музеі і перавыданне славутага “Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года” на польскай мове, выдадзенае ў Вільне ў 1619 годзе ў друкарні Лявона Мамоніча. Друкарня братоў Мамонічаў была заснавана на іх сродкі ў 1574 годзе вядомым усходнеславянскім друкаром Пятром Мсціслаўцам і прадоўжыла традыцыі кнігадрукавання Францыска Скарыны ў Вільні.
З 1775 па 1796 год у нашым горадзе дзейнічала славутая Гродзенская каралеўская друкарня, заснаваная па ініцыятыве гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза. У друкарні працавалі каля 30 чалавек, мелася ўласная майстэрня для адліўкі літар. За гады свайго існавання друкарня выдала каля 100 кніг на розных мовах, 22 з іх сёння можна знайсці ў фондах гісторыка-археалагічнага музея. Гэта канстытуцыі сеймаў Рэчы Паспалітай, матэрыялы трыбунала ВКЛ, навуковыя працы, малітоўнікі, мастацкія творы, панегірыкі. Сярод іх таксама гродзенскія календары, якія выходзілі з 1776 года.
– Акрамя звыклай інфармацыі ў календарах друкаваліся матэрыялы сеймаў, главы з канстытуцыі, агляд палітычнага становішча ў Еўропе, імёны пануючых манархаў, розныя матэрыялы на надзённыя тэмы, такія як касацыя ордэна езуітаў, знаходжанне караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродне, наведванне ім медыцынскай школы, батанічнага саду. Таксама друкаваліся спісы сенатараў і высокіх чыноўнікаў. Фактычна гэта быў даведнік для дзелавых людзей. У зборы ёсць два такія календары: 1778 і 1785 – маленькія, яны лёгка памяшчаюцца на далоні, іх было зручна пакласці ў кішэню, – дзеліцца Алена Развановіч.
Вельмі прыгожым у калекцыі кніг музея з'яўляецца "Евангелле", выдадзенае ў Маскве ў 1668 годзе. Яно было надрукавана з пажадання маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча і раздадзена па цэрквах стольнай Масквы.
Сярод другіх каштоўных кніг – грунтоўная энцыклапедычная праца “Слоўнік васьмі моў” (Ліён, 1681 г.) знакамітага італьянскага лексікографа XVІ стагоддзя, манаха-аўгусціна Амбросія Калепіны. Ён усё жыццё прысвяціў складанню тлумачальнага слоўніка на 11 мовах. Ад цяжкай навуковай працы пад старасць вучоны нават страціў зрок.
– Як памяць аб гэтым працавітым вучоным вялікія навуковыя творы з таго часу ў пераносным сэнсе сталі называць “калепінамі”. Наша выданне – гэта скарочаны варыянт слоўніка: прадстаўлена ўсяго 8 моваў. Тым не менш у ім больш за 2 000 старонак, – дапаўняе Алена Развановіч.
Сапраўдным упрыгожваннем музея з’яўляецца кніга “Іерусалімская перагрынацыя найяснейшага князя Мікалая Крыштофа Радзівіла” 1614 года выдання, надрукаваная ў антверпенскай тыпаграфіі Плантэна. Яе аўтарам з’яўляецца Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка – вядомы дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат, пісьменнік, сын пачынальніка беларускай рэфармацыі і канцлера вялікага літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага.
– У адной з бітваў Сіротка быў цяжка паранены і даў сабе абяцанне ў выпадку выздараўлення здзейсніць паломніцтва да Гроба Гасподняга. І гэтае абяццанне ён выканаў. Паломніцтва ў Святую зямлю заняло амаль два гады (з верасня 1582 г. па 7 ліпеня 1584 г.). За гэты час князь наведаў Сірыю, Палестыну, а таксама Егіпет. Там ён агледзеў піраміды, набыў дзве муміі і некалькі экзатычных жывёл для свайго звярынца. З Егіпта Сіротка прывёз сакрэт бальзамавання, пабудаваў у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы фамільную крыпту-пахавальню, дзе захоўваюцца забальзамаваныя целы Радзівілаў, якія былі пахаваныя да канца XIX стагоддзя, бо ў ХХ ст. сакрэт бальзамавання быў згублены, – расказвае Алена Развановіч. – Падчас падарожжа Мікалай Радзівіл вёў падрабязны дзённік, які пазней пад уплывам сваякоў і нясвіжскіх езуітаў ён перапрацаваў і выдаў у 1601 годзе ў Бранёве пад назвай “Hierosolymitana peregrinatio ill. p. Nicolai Christophori Radziwili, ducis in Olyka, epistolis comprehensa”. Першае выданне выйшла на латыні. На лацінскую мову з польскай яе пераклаў вядомы польскі пісьменнік і мастак Тома Трэтэр (1550 - 1610). Наш экзэмпляр – гэта 2-е лацінамоўнае выданне кнігі.
Сярод іншых кніжных скарбаў – выданні, пазначаныя суперэкслібрысамі французскага караля Людовіка XV (“Служба Страснога тыдня”. Парыж, 1731) і апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага (Шмідт Ф.А. “Гісторыя Каралеўства Польскага”. Варшава, 1766), а таксама 3-томнае выданне “Параўнальны слоўнік усіх моў і дыялектаў, у азбучным парадку размешчаны” (Санкт-Пецярбург, 1790), якое было падаравана расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ графу Станіславу Шчэнснаму Патоцкаму і многае другое.