У мінулую пятніцу быў дадзены старт творчаму праекту - Тыдню культуры Іўеўшчыны "Іўе - зямля сяброў", які будзе доўжыцца да 18 верасня.
Урачыстае адкрыццё пад назвай "Іўе шматнацыянальнае" расказала гледачам аб тым, наколькі багатая і разнастайная народная культура Іўеўскага краю, дзе ў яркім суквецці перапляліся матывы ўсіх культур і народнасцяў, якія тут жылі і жывуць цяпер. Мноства талентаў дала наша зямля. Славіцца яна мілагучнымі песнямі, танцамі, звычаямі і рамёствамі.
Каштоўным набыткам для Іўеўшчыны стала творчасць таленавітых землякоў: паэта і пісьменніка - Івана Карэнды, самадзейнага паэта і музыкі - Яўгена Карпуця, паэтэссы, гісторыка-краязнаўцы Алены Смалянічэнка.
Добрыя традыцыі творчасці працягваюць таленавітыя мастакі : член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь, выкладчык кафедры мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Генадзь Козел; настаўнік мастацкага аддзялення дзяржаўнай установы адукацыі "Іўеўская дзіцячая школа мастацтваў" Іван Струкаў, самадзейны мастак Іван Васюкевіч, рэжысер і акцёр народнага драматычнага тэатра Віктар Багушэвіч.
Сваю творчасць роднаму краю прысвяціў эстрадны спявак, лаўрэат першага Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні Юрый Мудрык, удзельнік тэлепраекта "Голас" малады эстрадны спявак Рыгор Лавыш.
Прыкладам адданасці творчай справе былі сапраўдныя творцы культуры: Віктар Шарэцкі - заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, кіраўнік першага народнага калектыву ў раёне - Бараўскага народнага хору, Іван Чарняк - носьбіт рэгіянальнай культуры, былы кіраўнік народнага ансамбля беларускай музыкі "Чабарок", Іосіф Януковіч - заснавальнік народнага хору Іўеўскага раённага Дома культуры.
Права адкрыць Тыдзень культуры Іўеўшчыны было даручана намесніку старшыні Іўеўскага райвыканкама Аляксандру Аляксандравічу Раманюку. Затым на сцэну Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу паднялася гісторык-краязнаўца, паэтка, жыхарка аг. Геранёны Алена Іванаўна Смалянічэнка, якая падзялілася сваімі творчымі здабыткамі з гледачамі.
Мерапрыемства прадоўжылася выступленнем лепшых творчых калектываў. А затым удзельнікаў урачыстасці запрасілі яшчэ на адну цікавую імпрэзу - адкрыццё персанальнай выставы мастака Івана Васюкевіча "Жывыя фарбы".
Творчасць мастака мае шырокі дыяпазон: жывапіс алеем, лінагравюра, экслібрыс, разьба па дрэве; вялікі вопыт рэстаўрацыі харугваў, ікон, іканастасаў і храмаў: касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла, царквы святога мучаніка Гаўрыіла Беластоцкага (г. Іўе), Свята-Троіцкай царквы (аг. Морына Іўеўскага раёна), касцёла святой Марыі (в. Дуды Іўеўскага раёна).
Іван Іванавіч Васюкевіч прымаў удзел у абласных і раённых выставах самадзейных мастакоў, кірмашах ("Аненскі кірмаш"-2004 г., 2005 г., г.Зэльва; "Траецкі кірмаш" - 2000 г., г. Мінск), Яго работы знайшлі прызнанне ў мастацкай "СТЭП-галерэі" г. Познань; многія палотны знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Іспаніі, Швецыі, Германіі, Расіі, Беларусі.
Трэцяя персанальная выстава жывапісу і графікі мастака адбылася ў верасні 2006 года ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Рэтраспектыўная выстава "Сувязь часу" ахоплівала творчыя набыткі аўтара за значны перыяд: прадстаўлены жывапісныя палотны, якім уласцівы сюррэалістычная тэматыка, яркасць фарбаў, кантраснасць, нестандартнае бачанне звычайных рэчаў. Значную частку экспазіцыі складала калекцыя графічных твораў, выкананых тушшу і пяром ("Партрэт жонкі", "У майстэрні", "Зерне жыцця").
У графіцы аўтар спрабуе нанава асэнсаваць біблейскія сюжэты, языч-ніцкія святы, перадаць прыгажосць краявідаў роднай прыроды, нацюрмортаў, абстрактных кампазіцый.
У 2008-2010 годах - персанальная выстава жывапісу і графікі ў раённым Доме культуры. У 2009 годзе - у Іўеўскім музеі нацыянальных культур, персанальная выстава "Мой шлях у мастацтва".
Другі дзень Тыдня культуры - Дзень гісторыка - культурнай спадчыны "Нашчадкі Еўрапейскай спадчыны" - прайшоў у Іўеўскім музеі нацыянальных культур, трэці - быў прысвечаны рамёствам і традыцыйнай культуры, чацвёрты - музыцы, пяты - кнізе. Сёння дзень для прыхільнікаў тэатра, заўтра - сустрэцца з прыгожым змогуць аматары жывапісу. Завершыцца Тыдзень у пятніцу канцэртным марафонам " З песняй па жыцці".
Падрабязней аб самых цікавых мерапрыемствах, якія прайшлі ў рамках Тыдня культуры Іўеўшчыны, мы раскажам у наступных нумарах "Іўеўскага краю".
І. МІХАЙЛАВА.
С. ЗЯНКЕВІЧ (фота).