Звыш дваццаці гадоў з надыходам восені ўся Еўропа святкуе Еўрапейскія дні спадчыны. На працягу верасня краіны згаданага кантынента праводзяць мерапрыемствы для знаёмства сваіх жыхароў з аб'ектамі культурнай спадчыны.
Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу сумесна з Іўеўскім музеем нацыянальных культур пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама і Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў з мэтай папулярызацыі спадчыны, патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення правялі цікавае мерапрыемства - краязнаўчы фотапраект "Праз далеч стагоддзяў", у якім прынялі ўдзел дзеці і падлеткі ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў.
У праграме фотапраекта адбыўся майстар-клас фатографа - кіраўніка фотагуртка Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Веранікі Каранюк. Падчас экскурсіі дзеці і падлеткі фатаграфавалі аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны раёна: мячэць і касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, касцёл Святога Казіміра ў аг.Ліпнішкі, касцёл Святога Мікалая ў аг.Геранёны, касцёл Святога Уладзіслава ў аг. Суботнікі, палац Умястоўскіх у аг.Жамыслаўль.
Заключным этапам мерапрыемства стала выстава-конкурс на лепшы фотаздымак "праз далеч стагоддзяў", якая прайшла 2-7 верасня ва ўстанове культуры "Іўеўскі музей нацыянальных культур".
Па якасці работ, наяўнасці сюжэту, тэматыкі і мастацкай апрацоўкі вызначыліся работы Джульеты Кішкель і Аляксея Нехвядовіча.
Л. КІШКЕЛЬ.