Язык:

Юбілейныя матывы

Культура и творчество

 

Іван Карэнда нарадзіўся 17 верасня 1950 года ў вёсцы Крывічы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Па прафесіі – настаўнік і журналіст. Працаваў у школе, рэдакцыі газеты “Чырвоная змена”, у дзяржаўных органах, на дыпламатычнай службе.Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Саюза пісьменнікаў Расіі.Аўтар зборнікаў лірыкі “Белы наліў” (1995 г.), “Знічка” (2003 г.), “Васількі надзеі” (2008 г.), паэтычнай кнігі для дзяцей “На загадкі ёсць адгадкі” (2001 г.).У 2004 годзе выйшла кніга лірыкі "Апошняя малітва" на балгарскай мове. У перакладзе на рускую мову творы друкаваліся ў расійскіх літаратурна-мастацкіх часопісах, "Литературной газете".Вядомы таксама як празаік. У 2011 годзе Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова "Літаратура і Мастацтва" выпусціла ў свет кнігу прозы "Воплаўская госця".На вершы Івана Карэнды беларускія кампазітары І.Лучанок, В.Раінчык, Дз.Далгалёў,  М.Сацура, А.Чыркун і іншыя напісалі больш за 30 песень.

 

 Дарагія землякі!

Сустракаючы сваю юбілейную, 65-ю восень, я хачу звярнуцца да вас са словамі глыбокай павагі і шчырай удзячнасці.

Бог падарыў мне шчасце нарадзіцца ў маляўнічым куточку беларускай зямлі, на беразе бацькі-Нёмана, сярод працавітых, таленавітых і добрых людзей.

Родны прынёманскі край даў мне сілы для вучобы і працы, азарыў маё жыццё святлом кахання.

Грунтоўную базавую адукацыю я атрымаў ў Крывіцкай васьмігодцы і Морынскай сярэдняй школе, за што нізкі паклон маім настаўнікам.

Найперш тым, хто ўжо пакінуў гэты свет, – як сведчанне маёй светлай памяці пра іх.

А таксама педагогам, чый зямны шлях яшчэ доўжыцца, з кім мне зрэдку выпадаюць радасныя хвіліны сустрэч падчас наведвання родных мясцін, ці каго даўно не бачыў, а вельмі хочацца сустрэцца.

Мая бязмежная падзяка – аднавяскоўцам: у Крывічах, як нідзе на свеце, я адчуваю сябе сапраўды шчаслівым чалавекам. У роднай вёсцы склаліся многія вершы, тут жывуць героі маёй аповесці “Воплаўская госця”, іншых твораў.

Дзе б я ні быў, – заўсёды з цікавасцю сачу за сацыяльна-эканамічным  і культурным развіццём Іўеўшчыны, радуюся поспехам землякоў. З вялікім задавальненнем прыязджаю, калі выпадае, на свята горада Іўе, якое ўжо стала традыцыйным.

Шчыра жадаю ўсім жыхарам раёна моцнага здароўя, міру і дабрабыту, новых дасягненняў на карысць роднай Беларусі.

З нагоды юбілею, прапаную ўвазе чытачоў раённай газеты нізку вершаў, напісаных у розныя гады, якія можна аб’яднаць адным словам – РОДНАЕ.

Гэта – мая сардэчная споведзь перад вамі, дарагія мне людзі.

Іван Карэнда

Сардэчная споведзь

 Беларусь

 Дзе ні быў я ў далёкіх краях,

Ты душу спавіваеш журбою,

Снішся мне, Беларусь дарагая мая,

Сэрца прагне сустрэчы з табою.

 

Дзе ні быў я ў далёкіх краях,

Па якіх толькі сцежках ні крочыў, –

Не знайшоў прыгажэй, як старонка мая,

Як твае, Беларусь, васільковыя вочы.

 

Дзе б ні быў я ў далёкіх краях,

Куды б лёс ні закінуў, – я знаю,

Што заўсёды чакае Радзіма мая...

 Ёй сыноўскай любоўю навек прысягаю.

 

Мая зорка

 Насустрач ранку, дню насустрач

Іду сцяжынай палявой,

І думкі ўвішныя нясуцца,

Як жаўрукі над галавой.

 

Зямля плыве ў блакіт бясконцы,

У таямнічы, вечны свет.

Мы разам з ёй плывём да Сонца,

Да іншых казачных планет.

 

Але мілей за ўсё на свеце

Мой пешы шлях у збажыне

Да роднай хаты, што ў Сусвеце

Нязгаснай зоркай свеціць мне.

 

 Вытокі

 Родны край, прыехаў зноў я

Прывітаць твой светлы дзень.

Тут жыцця майго высноўе,

Скрыжаванне ўсіх надзей.

 

На прынёманскай сцяжыне

Тут зрабіў свой першы крок,

Першы след тут свой пакінуў,

Першы вывучыў урок.

 

Дыхаў тут тваім паветрам,

Рваў на полі васількі

І навыперадкі з ветрам

Бегаў босы да ракі.

 

Тут юнацтва росным раннем

У пракосы палягло.

З ім і першае каханне

Адцвіло і адышло.

 

Колькі восеняў і вёснаў

Прамінула з той пары,

А прыеду – шматгалоссем

Адгукаюцца ў бары.

 

Тчэ ўспаміны летні вечар,

Водар траў духмяных п’ю,

І салоўка  – лепшы фельчар –

Лечыць тут душу маю.

 

Школьных вёснаў адгалоскі,

Як бальзам жывой вады.

...Ад’язджаю з роднай вёскі,

Каб прыехаць зноў сюды.

 

 Вёска Крывічы

 Мой радзімны куток,

Дзе мая пачыналася доля.

Тут радзінны пупок,

Тут пазнаў смак і хлеба, і солі.

 

Тут на бераг ракі

Бегаў роснаю сцежкаю з вудай.

Нёман з шэптам ракіт

Для мяне быў і шчасцем, і цудам.

 

Як убачу буслоў

На пасаджанай мною таполі, –

Разумею без слоў,

Што такое і доля, і воля.

 

Толькі тут, у цішы,

Ля лугоў і бароў векапомных,

Лёгка, вольна душы

І на сэрцы, на дзіва, спакойна.

 

Тут гасцінны абрус

Рассцілае на свята матуля…

Тут мая Беларусь…

Не забыць сюды сцежку святую.

 

 Матулі

Кросны

Цябе не радавалі вёсны, 

А зімы доўгія былі,

I ратавалі толькі кросны,

Што ў хаце з зазімкаў жылі.

 

Яны – спагадлівыя сведкі

Тваёй нядоліцы-бяды.

Больш давярала, чым суседкам,

Ты ім у слотныя гады.

 

Рыпелі з ранку чынна ляды,

Снавалі ўвішна чаўнакі.

За пару тыдняў, на Каляды,

Былі гатовы ручнікі.

 

А потым ткаліся дзяругі,

Бо  з імі ў вёсцы самы рух:

Яны – і ў поле, і да лугу,

Без іх жанчына, што без рук.

 

За імі – вабіў вока новы,

3 вясновых колераў, узор –

Малюнак зыркі, дывановы,

Сатканы з кветак, мар і зор.

 

Пасля – яшчэ адна абнова,

Ажно цьмянела ўсё наўкол:

Была настольніца гатова

На велікодны шчодры стол.

Пазней, як браўся дзень угору

I набліжалася вясна,

Плыла тканіна без узору –

Кавалак ладны палатна.

 

...Я гойсаў з раніцы да ночы

Ля таямнічых кроснаў тых,

А ты ўздыхала: "Мой памочнік,

Хутчэй, хутчэй бы вырас ты..."

 

...На ўсе вясковыя прыборы,

На ўсю вялікую сям’ю

Дабра наткала, пэўна, горы...

...1 зорку выткала маю.

 

Родная мова

 У перашэпце каласоў жытнёвых 

І шорганні няскошанай травы,

У пошуме дубровы стогадовай

І гомане няўрымслівай дзятвы,

У розгаласе рэха над ракою

І бульканні крынічкі пад гарой,

У звонкіх перапевах жаўруковых

І першым громе веснавой парой,

У скрыпе палазоў на снезе белым

І грукаце натруджаных млыноў,

У трэсканні каштанаў пераспелых

І перазвоне храмавых званоў, –

Паўсюдна чую роднай мовы гукі.

Яна – ад нараджэння і да смерці –

Найпершая і лепшая навука

І розуму майму, і сэрцу.

 

 * * *

Я ў хату родную ўвайшоў –

Цяплом дыхнула печ старая,

А дзед з партрэта пазірае:

“Глядзіце, госць які прыйшоў!”

 

Я ў хату родную ўвайшоў –

З вачэй матуліных злятае

Сляза шчымлівая, святая:

“Сынок, як сцежку ты знайшоў?”

.

Я ў хату родную ўвайшоў –

Нібы нанова нарадзіўся.

Чаму так лёс распарадзіўся,

Што госцем я сюды прыйшоў?”

 

Я ў хату родную ўвайшоў –

Які ж я госць? – я сёння дома!

Тут мне з маленства ўсё знаёма,

Хоць і даўно адсюль сышоў.

 

Я ў хату родную ўвайшоў –

Нібыта ў боскі храм на споведзь.

Ды хто мае грахі тут помніць? –

Анёлам я сюды ўвайшоў.

 

Я ў хату родную ўвайшоў –

Цяпер няма куды спяшацца.

Не трэба большага мне шчасця.

 …Я ў хату родную ўвайшоў.

 

 Тост “За Вёску!”

{jcomments on}

Я за Вёску прапаную тост,

Бо яна была, і ёсць, ібудзе

Нашай славы і надзеі пост.

 

Кожны горад пачынаўся з вёскі,

Да яе туліўся ў час бяды.

Тут эпох далёкіх адгалоскі

І вайны пачварныя сляды.

 

Вёска наша – сэрца, пульс краіны,

І дарэмна горад нос задраў,

На яе глядзіць, як на руіны, –

Будзе ў вёскі светлая пара!

 

Прамаўляю з гонарам: ”За Вёску!

За яе святыя мазалі!

За рупліўцаў, спадкаемцаў лёсу      

Нашай роднай, спадчыннай зямлі! –

 

Патрыётаў Бацькаўшчыны нашай,

Да канца адданых ёй людзей!

П’ю, вяскоўцы, за здароўе ваша,

І за ваш шчаслівы новы дзень!"

 

 

 

 

 

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.