Язык:

Умястоўскія і іх зямельныя ўладанні

Культура и творчество

На старонках нашай газеты друкавалася вытрымка з кнігі Чэслава Янкоўскага "Павет Ашмянскі", якая была надрукавана у С.-Пецярбургу ў 1898 годзе. Сёння  размова пра род Умястоўскіх.

 Род пачынаецца

Шырокай падковай над старажытнымі Геранёнамі Геранёны Гаштольдавыя ахопліваюць зямельныя ўгоддзі Умястоўскіх.

Радавод Умястоўскіх пачынаўся з Роха, аказаліся яны на Ашмяншчыне ў палове мінулага стагоддзя. У цэлым, радавая стужка іх губляецца дзесьці ў старажытнасці. Адзін з геральдыкаў выводзіць гэты род з Пешхалаў. Вайцех Пешхала, выхадзец са сваёй вотчыны Умястова з-пад Варшавы, узяў сабе прозвішча Умястоўскі.

Адзін з прашчураў таго Вайцэха - Ян, - памёр у 1609 годзе, быў пачаткам роду лініі Умястоўскіх на Літве. Упраўляў ён каралеўскімі абшарамі, выконваў абавязкі інтэнданта ў Сабарове над Бугам. Набыў значныя ўласнасці як на Літве, так і ў Інфлянтах, між іншых, Шлюкум з рэзідэнцыяй Найдэльштадт. І стаў тады называць сябе Найдэльштадт-Умястоўскім.

Сын вышэй упамянутага, Ян Казімеж Умястоўскі, быў каралеўскім сакратаром, земскім суддзёй, земскім пісарам і падкаморным Брэсцкім і, нарэшце, рэгентам канцылярыі ВКЛ. На сейме 1655 года быў маршалкам пасольскай суполкі. Дачка яго Анна была замужам за Фларыянам Сапегам з лініі Чарэйскай, - старастам, уладаром Панямуння ў Гродзенскім павеце. Сапега памёр у 1637 годзе бяздзетным. Яго ўдава, атрымаўшы ад швагра Паўла Сапегі 30 000 польскіх злотых, адраклася ад спадчыны па мужу.

Унук Яна Казімежа, Эрнест Вільгельм Нандэльштадт-Умястоўскі, жанаты з Марыяй з Бічэвічаў, пражываў у Шакарнях Упітскага павета ў маёнтку, набытым у 1684 годзе ад Анташэўскага. Яго сын Геранім Тадэўш, маёр літоўскай артылерыі, чэснік Валынскі, - набыў у 1760 г. ад Стэфана Кунцэвіча невялікую маёмасць Апіту-Тэлькаўшчыну.

Знаходзілася яна ў Ашмянскім павеце паміж Геранёнамі і Ліпнішкамі. Тут і зарадзілася гняздо Умястоўскіх на Ашмяншчыне.

Геранім Тадэўш ажаніўся з Мар'янай з Багіньскіх, меў чатырох сыноў: Яна, які пасля бацькі ўзяў Тэлькаўшчыну і Закрэўшчыну ў Ашмянскім павеце; Марціна - рэгента гродзкага упітскага, камісара павета Лідскага, Томаша і Якуба.

Заможнасці і значэння Умястоўскіх на Ашмяншчыне даў пачатак і на працяглы час узмоцніў Тамаш Умястоўскі - рэгент земскі Лідскі, у наступным - Ашмянскі рэгент Галоўнага Віленскага трыбуналу, а з 1792 г. - суддзя земскі Ашмянскі і, нарэшце, прэзас правінцыяльных Галоўных судоў Літоўскіх. Быў працавіты і бязмерна здольны. Значна паскараў разгляд судовых спраў. Ім была напісана і выдана кніга кодэксаў "Працэс Літоўскі", які доўгі час служыў настольнай кнігай для прававедаў. Першы пробліск слыннай фартуны ўсплыў на Умястоўскага з пратэкцыі заслужанага пісьменніка літоўскага Сумістроўскага. Ён запрасіў для Умястоўскага ў генерала літоўскай артылерыі Казімежа Сапегі пасяленні Ліпнішкі і Геранёны на выгадных умовах. Умястоўскі са шчырым замілаваннем узяўся за гаспадарчыя справы на такім вялікім наваколлі і праслыў як узорны гаспадар. Працавітасць і ашчаднасць, прывітыя з дзяцінства, дапамаглі заваёўваць пашану і славу. У хуткім часе павялічыў свой дабрабыт, калі купіў у 1784 годзе Бердаўшчыну.

Пасля некалькіх гадоў край ахапіла паўстанне Касцюшкі. Умястоўскі ў ім прыняў актыўны ўдзел, праз некаторы час быў у складзе Рады рэвалюцыянераў. Пасля паражэння паўстання Умястоўскі вымушаны быў эмігрыраваць за граніцу. Бердаўшчыну аддаў брату Якубу і пасля вяртання на радзіму не патрабаваў звароту сабе маёнтка. У гэты час яго здароўе пагоршылася, але ён па-ранейшаму працавіты і здольны чалавек, быў захоплены рознымі справамі. Усё  сваё жыццё прысвяціў дабрабыту сваёй сям'і. Такім быў Тамаш Умястоўскі. Сам не жаніўся, але высватаў Пузынянку свайму брату Якубу. У 1796-м годзе Тамаш Умястоўскі здабыў для сваіх братоў, Якуба і Марціна, Клевіцу. Марцін Умястоўскі сваю частку перадаў Якубу. Сам застаўся ў Бердаўшчыне, дзе і закончыў сваё жыццё. Затым, заўсёды думаючы пра сваю сям'ю, набыў Тамаш Умястоўскі ад Чэховіча Аргеўцішкі, а ад Дыбоўскіх - маёнтак паезуіцкі Гелошы, радзівілаўскі маёнтак Суботнікі і, нарэшце, ад Кеневіча, - Жэмласлаў (1807 г.).

Спадчына

ў гістарычным развіцці

Гэта была папская земляная фартуна, якую Тамаш Умястоўскі скрупулёзна ачышчаў ад даўгоў. Брат Якуб ад гэтага не меў карысці. Памёр, пакінуўшы брату Тамашу ўсю сваю маёмасць. Падлічана, што пад канец жыцця ён - пан ашмянскі маршалак - меў гадавы даход ад 1000 да 15000 чырвоных злотых.

Калі ў 1822 годзе сышоў са свету Тамаш Умястоўскі, то ўсе тыя маёнткі і фальваркі: Жэмласлаў, Суботнікі, Квяткоўцы, Бердаўшчына, Клевіца з фальваркамі, Тамашполь, Круканье, Антонава, Залессе, Туланка, Геложы, Гедуні, Аргеўцішкі, Лушнева, Карэвічы, Нацкавічы і іншыя - перайшлі да сыноў Якуба, Антонія, - Людвіка і Казімежа. Сыны Яна, уладара Талькаўшчызны, брата Якуба: Геранім Гіляры і Якуб - унаследавалі пасля Тамаша 300000 польскіх злотых.

Такім быў пачатак земскай фартуны Умястоўскіх у Ашмянскім павеце.

На тым фундаменце ўзрос не толькі дабрабыт Якуба Умястоўскага, але вырасла яго значнасць у павеце. Дваццацітрохгадовы лідскі (1780 г.) пагранічны служачы, - вельмі хутка вырастае на аснове чыноўніцтва: з'яўляецца ашмянскім земскім суддзёй,  з 1792 г. - ашмянскім гарадскім суддзёй земскім, а ў 1809 годзе праз ашмянскую шляхту быў выбраны на найвышэйшую пасаду маршалка. Жанаты быў з Аннай Пузынай. Пакінуў пасля сябе трох сыноў і дачку Тэклю - жонку Марціна Важынскага.

З сыноў Якуба Умястоўскага Людвік памёр у 1828 г. нежанатым. Антоній і Казімеж падзялілі род Умястоўскіх на дзве лініі. Антоній, будучы старшынёй ашмянскіх пагранічных судоў (памёр у 1852 годзе), быў жанаты з Палубіньскай, меў рэзідэнцыю ў Квяткоўцах, налічваючых 606 мужчын. Казімеж, жанаты з Юзэфай Раецкай - маршалак ашмянскакй шляхты, яго жонкай была Станіслава Свянтэцкая. Яго родная сястра Малання падаравала Бердаўшчыну Ксаверыю Даўгяле. Праз нейкі час Бердаўшчына зноў была аддадзена ва ўласнасць Эмілю Умястоўскаму.

Сын Эміля Умястоўскага - Браніслаў, - жанаты з Геленай Сальмашовічавай, з'ўляецца ўладаром Бердаўшчыны, а яго родны брат Мар'ян - жанаты з Марыяй Нажымскай, валодае Квяткоўцамі і Суботнікамі. Іх родная сястра Малання - замужам за Лявонам Шастакоўскім.

Барацьба

за ўласнасць

Казімеж Умястоўскі пакінуў пасля сябе дваіх сыноў, з якіх Альберт, маючы сваю рэзідэнцыю ў Клевіцы, вядомы сквапным замілаваннем да ўсяго, што звязана з нашым мінулым, захапляўся старажытнасцю, гістарычнымі помнікамі. Не лічыўся з выдаткамі і карпатлівай працай, - сабраў каштоўную калекцыю кніг, малюнкаў і нумізматычных экспанатаў.

Альберт Умястоўскі памёр маладым у 1876 годзе, пакідаючы прыемную памяць аб сабе. Меў намер усе сабраныя ім экспанаты падарыць Акадэміі, або Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве. Заўчасная смерць не дала магчымасці такому тактоўнаму, захопленаму высокімі ідэямі чалавеку, здзейсніць свае планы. Яго збор старажытнасці перайшоў ва ўласнасць брата Уладыслава. Граф Уладыслаў Умястоўскі, ротмістр гусарскіх войск расійскіх, - з 1879 года маршалак троцкі. З 1882 года адзначаны графскім тытулам праз папу Рымскага Леона ХІІІ. Уладар Жэмласлава, Клевіцы, Альберціна, Канвелішак, маёмасці ў губернях Мінскай і ў Каралеўстве Польскім, а таксама палацаў у Вільні і ў Варшаве. Жанаты з Янінай Садоўскай - уладаркай усёй зямельнай і грашовай уласнасці, - не меў сабе родных у цэлай краіне.

Родная сястра Альберта і Уладыслава Умястоўскіх - Аляксандра, - выйшла замуж за Мікалая Вольскага, а другая іх сястра Габрыеля - за Канстантага Скірмунта.

Неабходна ўспомніць пра некаторыя аседласці Умястоўскіх і іх гаспадарчае значэнне на Ашмяншчыне.

Сённяшняя Бердаўшчына, праз доўгі час называўшаяся Падліпнішкамі, з'яўляецца агламератам меншых і большых самаробных фальваркаў, якія ў  канцы мінулага стагоддзя зліліся ў адзіную паказную аседласць. Фальваркі тыя носяць самыя розныя назвы (Апіта-Крузоўшчына, Сураж і іншыя), праз шматлікія рукі яны праходзілі. Некаторыя з іх належалі Сангалам, якія ў 1521 годзе былі ўладарамі самых Падліпнішак (у цяперашні час Бердаўшчына), Белазораў (1574 г.), Бердаўскіх (1662 г.) (ад якіх узялі сённяшнюю назву Падліпнішкі), Кшэсаў (1700 г.), Гінтылаў (1750 г.) і, нарэшце, той Гештылаў усе разрозненыя пасяленні аб'яднаў у адзіную маёмасць.

Уладары

і характары

Сабраную з частак Бердаўшчыну Ян Гінэт, крайчы і ротмістр лідскі, - сумесна з жонкай сваёй Петранэляй з Бажымаўскіх, - прадалі ў 1784 г. Тамашу Умястоўскаму. Тры гады пазней той жа Тамаш Умястоўскі набыў Белазёраўцы ад Катажыны з Канапельскіх Кшываблоцкай, брэсцкай лоўчай, - і ад падлеткавага яе сына Ізыдара Кшываблоцкага.

На захад ад Геранён знаходзіцца фальварак Круканы, былое Антонава, - уладары Аборскія (1594 г.), Садлуцкія, Авясковічы, Гурыновічы, калі аж у 1802 г. набыў ад іх Якуб Умястоўскі.

Фальварак Лушнеў паміж Геранёнамі і Суботнікамі належыў па чарзе да Валэйкаў, а наступныя два вякі  - да Трацякоў. Палавіну Лушнева трымаў у 1775 г. Казімеж Трацяк, генерал. Трацякі прадалі фальварак Крываблоцкім і ад Ізыдара Крываблоцкага і яго жонкі Зофіі з Вішнеўскіх, набыў Лушнеў у 1811 г. Тамаш Умястоўскі.

Квяткоўцы на сённяшні час з фальваркамі налічваюць да 2000 дзесяцін, ад вякоў належалі да Суботнік. Так, напрыклад у 1689 годзе Станіслаў Казімеж Радзівіл, апошні ардынат у Клецку, - аддаў у арэнду Гэўлёвай-Тарнаўскай, стольнікавай, з дому Тызенгаўза. Прыкладна ў 1805 г. набыў разам з Суботнікамі Умястоўскі.

Старадаўняй уласнасцю Радзівілаў былі Суботнікі (па ранейшаму Старыя Геранёны).

У Суботніцкім архіве, які знаходзіўся ў Бердаўшчыне, захаваўся дакумент караля Казімежа Ягелончыка, у якім на пажыццёвае ўладанне перадаюцца праз Зофію з Монвідаў братавай сваёй Эльжбеце, дачцы Вайцеха Манвіда, - Суботнікі і Жупраны. Той запіс зроблены ў 1492 г. А выйшлі з рук Радзівілаў Суботнікі ў 1805 г.

Пасля смерці Мікалая Чорнага-першага, князя ў Несвіжы, Суботнікі перайшлі (разам з Лебедзевам і Лаздунамі) ва ўласнасць Альбрыхта Радзівіла - першага ардыната Клецка, паўторна вярнуўшагася ў пабудаваны ў Суботніках касцёл пад тытулам святога Ежага. Касцёл у Суботніках існаваў яшчэ перад 1572 годам, калі адбылося спусташэнне праз ерэтыкаў, - ксяндза ў той час не было. Альбрыхт Радзівіл вярнуўся да рымска-каталіцкай веры, і ў 1573 г. запрасіў ксяндза Высоцкага, забраў касцёл у ерэтыкаў. Радзівіл шчодра адарыў касцёл - выдзеліў 20 валок зямлі, тры агароды, тры карчмы ў мястэчку, дваццатую капу ўсялякага збожжа з суботніцкага двара, спецыяльную даніну з кожнай ворнай валокі суботніцкіх поданых, - нарэшце, магчымасць вольнага памолу збожжа ў млынах. Радзівіл пісаў: "Выклікаю на Божы суд, каб не парушалася мая фундацыя, інакш не пазбегнуць суда і гневу божага, страшнага і суровага."

Каля 1774 года касцёл нанова быў пабудаваны з дрэва Ежы Абрамовічам, пасэсарам суботніцкім. Ва ўпамянутым годзе ў касцёле суботніцкім у алтары з дрэва з разьбой, на беламаляваным, аздобленым пяццю фігурамі - абраз Маці Божай з Дзіцём на руках у сярэбранай сукенцы з пазалотай, у кароне, аздобленай дыяментамі, перламі і рубінамі. Абраз невялікі, намаляваны на меднай дошцы ў сярэбранай раме - быў як цуд сярод народу. На хорах іграў "пазітыў шуфлядовы", патрабуючы рамонта. Да касцёла належала каплічка ў Даўгялаўшчыне за рэчкай Лынтупкай, фундацыі Рафала Даўгялы. Узамен 80 польскіх злотых, якія выплачваліся кожны год са двара ад 1687 г., у касцеле суботніцкім на працягу года адбывалася 35 імшаў за душы памерлых Ізабэлі і Радзівіла. Філіяльны касцёл у Лаздунах абслугоўваўся суботніцкім ксяндзом кожную першую нядзелю месяца.

На працягу цэлага стагоддзя Суботнікі належалі роду клецкіх Радзівілаў. Калі ў 1690-м г. памёр апошні ардынат клецкі Станіслаў Казімеж Радзівіл, усе яго ўладанні перайшлі да канцлера Даменіка. Той адрокся ад усіх зямель на карысць свайго брата Міхала Казімежа, каштэляна віленскага. Такім чынам, Суботнікі перайшлі ва ўласнасць несвіжскіх ардынатаў. У суботніцкіх абшарах, у самым мястэчку ў той час знаходзіліся 73 дымы і вёскі: Дабраўляны, Рамановічы, Таруці, Залессе, Нарбуты, Даўтаны, Рыбакі, Юхноўшчына, Баравікі, Лынтупы, Слесары, Кудэйшы, Канюхі (увогуле 193 дымы).

Новыя людзі, новыя падзеі

Ад 1747 да 1805 г. Суботнікі належалі Абрамовічам. Яны ўзялі паселішча пад сваю апеку. Многа гадоў яны там пражывалі. Гэта быў род старажытны і заслужаны, але мы мала пра яго ведаем.

Геральдзікі нашы вельмі бедную інфармацыю даюць аб доме Абрамовічаў, не лічачы таго, што з іх роду было трое сенатараў. Шматлікія меў маёмасці род, лічыўся самым старажытным.

Захавалася толькі частка дакументаў пра Абрамовічаў з так званай лініі варнянскай, якія ўдалося адшукаць з панішчанага архіву ў Варнянах. З усяго таго збору шматлікіх дакументаў уцалела невялікая колькасць. Яны былі сабраны ў вазоўні і на працягу года імі карысталіся для распалу вогнішча і вокладак. На жаль, усе дакументы ў адносінах да варнян прапалі.

Самую даўнюю звестку аб Абрамовічах адшукалі ў дакуменце ад 9 жніўня 1574 года. Гэта было пасланне, выданае канцлерам Мікалаем Радзівілам Яну Абрамовічу, на карыстанне палацам Дубінак, перададзеным ад Радзівілаў.

Ян Абрамовіч у Варнянах (+-1602) - быў старастам лідскім, намеснікам віленскім, прэзыдэнтам дэрпцкім (1591-1598), ваяводам мінскім (1593), ваяводам смаленскім (1596), старастам вендэнскім. Апрача Варнян валодаў маёнткам Язаў у віленскім ваяводстве. У 1583 годзе набыў Свіраны і Сураж (першыя - у свенцянскім павеце, другія - у 17 вярстах ад Дзявенішак у ашмянскім павеце) за 3000 коп грошаў ад Яна Грыгарэвіча Остыка. Жонкай меў Дароту Валовіч. Гэта быў мудры, вучоны чалавек, засядаў у саборы таруньскім і пісаў яго статут.

Мікалай Абрамовіч з Варнян (+-1561) быў каралеўскім палкоўнікам, генералам літоўскай артылерыі, каштэлянам і ваяводам мсціслаўскім, ваяводам троцкім, чэснікам літоўскім, старастам старадубаўскім і мядзельскім. Першай жонкай яго была Эва з Курцэвічаў Булыгаў, - паўторна жанаты з Эльжбетай з Гарнастаяў. Першай сваёй жонцы (у 1620 г.) адпісаў Кабыльнікі, цяпер яны ў свенцянскім павеце. Другой жонцы адпісаў Хэльмаг у рэчыцкім павеце.

Быў ён ушанаваны каралём Уладыславам IV і быў знакаміты ў свой час па справе, так званай Трубецкай. Княжна Трубецкая Галешка, з дому Друцка-Сакалінскіх, удава пасля князя Пятра, паўторна мела шлюб з Кшыштафам Валадлковічам, пісарам мінскага ваяводства, уладара Трубецка, самай усходняй акраіны Рэчы Паспалітай. У 1645 г. кароль Уладыслаў IV перадаў Трубецк Маскве - па прычыне спраставання граніцы. Княгіня Трубецкая з сынам Ежы Трубецкім па гэтай прычыне пазбавілася сваіх уладанняў.

З сям'і Абрамовічаў быў Андрэй, віленскі стольнік, харужы пяцігорскі, віленскі земскі пісар, каштэлян брэсцкі, памёр у 1763 г.

Рэзідэнцыі

і гаспадарчыя справы

Адным з нашчадкаў Абрамовічаў быў Ежы, падваявода віленскі, пісар ваяводства віленскага, стараста старадубаўскі. Ён узяў Суботнікі ў залог ад Радзівілаў у 1747 годзе, выплаціўшы 68 153 польскіх злотых. У 1762 г. сума за Суботнікі ўзрасла да 90653 польскіх злотых. У склад яго ўладанняў уваходзілі Дабраўляны, Рамановічы, Таруці, Залессе, Нарбуты, Даўтаны, Рыбакі, Юхноўшчына, Баравікі, Лынтупы, Слесары, Кудэйшы, Канюхі - увогуле 193 дымы.

Узяўшы пад сваё ўладанне Суботнікі, Ежы Абрамовіч меў рэзідэнцыю і ў Варнянах. Яго жонкай была Марцыяна з Дэрнаговічаў, нявеста вельмі спраўная і энергічная, якая не толькі пасля смерці мужа, але і пры яго жыцці мела моцны ўплыў на гаспадарчыя справы. А спраў тых і інтарэсаў была вялікая моц! Скрыжоўваліся пісьмы да крэўных і прыяцеляў, ад касцельных настаяцеляў да сціплых манахаў і законнікаў, ад чыноўнікаў і камісараў, кіруючых далёкімі маёнткамі, і ўсё гэта злучала Варняны з рэзідэнцыяй каштэляна Андрэя ў Берчыцы. Ежы Абрамовіч аб'язджаў свае фальваркі, а пры яго адсутнасці, ад імя мужа, Марцыяна вяла справы па гаспадарцы, так і замацавала сваё кіраванне на ўсе адлеглыя маёнткі з мэтай утрымаць іх у сваіх руках.

Жамчужына

зямлі Іўеўскай

Жэмласлаў - уласнасць графа Уладыслава Умястоўскага, - вызначаецца як адна з лепшых рэзідэнцый, яму падуладных. Знаходзіцца ў 35 вёрстах ад Ашмян па дарозе праз Граўжышкі, Даржы, Сурвілішкі. Мінуўшы Даржы, уязджаем у суцэльныя пяскі, густа ўсеяныя камеянямі, сустракаецца поле, засеянае грэчкай, усыпанае буйнымі астраўкамі зялёных ядлоўцаў, - усё гэта, быццам вобраз ашмянскай Сахары, - працягваецца да Дуд і за Ліпнішкі. Па такой нібы то пустыні і бязлюддзю вядзе дарога, абсаджаная старымі бярозамі, аж пад самую веранду гасцінічнага двара. Тым часам мінаюць абасобленыя хутары з чырвонымі дахоўкамі, яны прыгожа выдзяляюцца між зеляніны дрэў і кустарнікаў. Праедзем па мосціку каля вадзянога млына і цяжкай яздой па пясчанаму тракту рушым далей. Нечакана, маляўніча на ўзгорку на перасячэнні дарог убачым Сурвілішскі касцёл. Навакол маляўнічая прырода хутка ператвараецца ў запусцелыя далі, толькі сцелецца дарога, вакол якой гушчары ядлаўца. Нечакана забягае нам дарогу фантастычнымі закрутамі невялікая, але хуткацечная рэчка Гаўя. Зрэдку да берага рэчкі прымкне зялёны прамень - як быцца ясная пляма сярод кустарнікаў!

Нечакана дарога вядзе ў чысты сасновы бор, а пасля ўязджаем у зусім іншы край. Тут на ўскраіне бора ля самай дарогі - пошта. Кідаецца ў вочы паштовая скрынка, прыбітая коса да вугла, і тэлеграфны слуп. Гэта ўжо Жэмласлаў, яго спецыяльная паштовая і тэлеграфныя станцыі, злучаючыя рэзідэнцыю са станцыяй палесскай чыгункі - Беняконі, - ў адлегласці больш за 30 вёрст. Імгненна закончылася бязлюддзе і пустэча. Тут назіраецца рух і жыццё. Пасыпаліся дамы і домікі, агароды і нават кусты чаромхі і бэзу, шмыгаюць дваровыя куры, у полі працуюць людзі.

І вось у вочы кідаецца палац. Цяжка адшукаць прыгажэйшую рэзідэнцыю, злучаючую ў сабе чароўны архітэктурны стыль і цудоўнае наваколле. У глыбіні ўязной алеі ўзносіцца палац, напамінаючы здалёку паваршаўскія Лазенкі, а з блізкай адлегласці, - павіленскую Ваку Тышкевічаў. На франтоне ў пад'езда чатыры кароны, а за імі гасцёўня, - ў мазаіцы вылажаны сцены, мноства кветак, лёгкіх агародных лавак, - усё гэта стварае вельмі прыгожы летні салон. На другі паверх вядуць лёгкія, зробленыя з густам, сходы; па адным боку - салон-гасціная, па другім - вялікая бібліятэка. Кнігазбор вельмі багаты і цікавы, увогуле, калекцыя кніг вельмі цэнных і рэдкіх, польскіх выданняў. Усё гэта з вялікай любоўю сабрана святой памяці Альбертам Умястоўскім.

Палац, які сёння упрыгожвае Жэмласлаў, будавала маці сённяшняга ўладара. Унутраную апрацоўку і прыгожае афармленне пакояў здзейсніў асабіста граф Уладыслаў. У першай палове гэтага стагоддзя былы палац быў знесены да фундамента, хоць і быў вялікі, але па архітэктурным знешнім выглядзе - больш сціплы. Можна сказаць, што па цэлым Жэмлаславе засталося з даўніх часоў многа прыгожых дрэў, адцяняючых прыгажосць будынка ў некалькі радоў, ствараючых цень, напаўняючых паветра непаўторным водарам жывой прыроды, упрыгожваючых берагі хуткаплыннай Гаўі, працінаючай стаў (возера) насупраць палаца.

Жэмласлаў,

казка мая,

альбо рэзідэнцыя адпаведнай заможнасці гаспадароў

Ніколі на працягу свайго існавання не меў Жэмласлаў такога захапляючага выгляду і ніколі не было там панскай рэзідэнцыі. Можна сказаць, што вякамі тут жыла дробная шляхта. Праз якісьці час тут абаснаваўся род Жэмлаў, ад якіх і пасяленне атрымала назву, хоць цэлы абшар не вызначаўся вялікай урадлівасцю глебы. Аднак у апошнія гады на Жэмласлаў пасыпаўся цудатворны манетны дождж. Пасярод убогага краявога абшару выраслі прыгожыя забудовы, задымілі гажэльні, працягнуліся тэлеграфныя правады, і назва "Жэмласлаў" атрымала небывалы разгалос на ўвесь ашмянскі павет. Гэтую славу, у асноўным, здабыў граф Уладыслаў Умястоўскі. Калі граф знаходзіцца за граніцай, разнагалоссе прыціхае на нейкі час. Хаця, калі грунтоўна разважаць, то бачым, што Жэмласлаў ніколі не вызначаўся ні сельскай гаспадаркай, ні прамысловасцю, а з'яўляецца летняй рэзідэнцыяй адпаведнай заможнасці гаспадароў.

Жэмласлаўская аседласць утваралася вякамі з адного больш-менш велькага і некалькіх меншых пасяленняў. Тая большая аседласць у свой час насіла назву Кандрацішкі, якая ужо выйшла з успамінаў, -  фальварак называўся Пятроўшчына, а па суседству з Кандрацішкамі і Пятроўшчынай былі рассеяны дробныя самаробныя аседласці, зваліся яны Пагаўе, Пшыбышэўшчына, Абрамаўскія хутары і іншыя.

Пра тыя фальваркі

Кандрацішкі - пасяленне, якое знаходзілася ў Ашмянскім павеце над ракой Гаўя, належалі ў XVI ст. да Яна Зановіча, земляўладальніка Ашмянскага павета. Яго сыны: Ян і Ежы, а таксама дачка Дарота, у будучым жонка Вайцеха Ўорца, прадалі тое ўладанне 12 лістапада 1587 г. за тысячу коп грошаў Стэфану Львовічу Роскаму, маршалку гаспадарскаму, падкаморнаму ашмянскаму. У той час да Кандрацішак належалі вёскі: Шадзюны, Высоцкія і Жамайтукі, а таксама пушча, якая знаходзілася пры дарозе з Навагрудка да Дзявенішак. На дакуменце куплі-продажы акрамя подпісаў прадаўца і пакупніка свой аўтограф учыніў стараста лідскі Ян на Варнянах Абрамовіч.

Праз якісьці час Кандрацішкі былі ўласнасцю Стахоўскіх, пасля дасталіся ва ўласнасць Швыкоўскіх. У 1649 г. удава Яна Швыкоўскага, віцебскага падкаморнага, - Анна з Козелаў, - і яе сын Давід Швыкоўскі прадалі Кандрацішкі Грузяву, ашмянскаму чэсніку, і яго жонцы Канстанцыі з Падбярэзскіх.

Некалькі раней упамянутыя дробныя фальваркі былі ўласнасцю Жэмлаў. І ўсе яны насілі назву простую - Жэмлоўскае. У той склад таксама ўваходзіла Пятроўшчына. Ян Станіслававіч Жэмла прадаў яе Андрэю Крыўцову. Крывец перапрадаў у 1625 г. Пятру Кміце, земяніну Кракаўскага ваяводства. Праз час родныя браты Ян, Якуб і Эліяш Жэмлы паўторна адкупілі Пятроўшчыну і паступова дакуплівалі некалькі суседніх дробных фальваркаў. Эліяш, жанаты з Зофіяй Макрыцкай, меў трох сыноў - Матэўша, Даніеля і Філіпа. Аднак жа - аддаліў іх ад спадчыны пасля сябе, маючы добрую прывязанасць да свайго сыноўца Ежага Ваўжынца Жэмла, - яму ён і адпісаў сваю Пятроўшчыну. Таму ж Ежаму Ваўжынцу Жэмле - прадалі свае спадчынныя пасяленні Пятроўшчыны і прылеглыя фальваркі браты Эліяша - Ян і Якуб Жэмла, муж Марыны з Дарэўскіх.

У гэты час уладарка Кандрацішак, адзіная дачка Мікалая Груздзя, - Крыстына Канстанцыя, законніца-бенедзіктынка пры касцеле св. Катажыны ў Вільне, - прадае ў 1684 г. Кандрацішкі Ежы Ваўжынцу Жэмла.

Такім чынам, Ежы Ваўжынец Жэмла стаў уладаром цэлага абшару зямлі, носячага сёння назву Жэмласлаў. Кандрацішкі захавалі сваю назву ў маленькім фальварку, зліўшыся ў адно цэлае з назвай "Жэмласлаў". Найменне Петраўшчына і Прыбышэўшчына, і многія іншыя, назаўсёды зніклі. Ежы Ваўжынец Жэмла стаў поўным гаспадаром Кандрацішак і Жэмласлава. Ён быў чалавекам паважаным у павеце. Выконваў грамадскія абавязкі: ашмянскага падстольніка віленскага канюшага, у наступным - ашмянскага падкаморніка. Быў скарбавым пісарам літоўскім і дзявенішскім старастам. Двойчы быў жанаты: першы раз з Барбарай з Куроўскіх, у другі раз - з Барбарай Гэленай з Аборскіх, падлескай ваяводзіхай.

Ад першага шлюбу меў сына Міхала, памёршага яшчэ маладым у 1700 годзе і пахаванага ў Вільне пры касцеле святога Яна, - і яшчэ Мар'яна. Другая жонка нарадзіла яму дзве дачкі, - Анну і Ангелію.

У завяшчанні, напісаным перад самай смерцю Ежы Ваўжынцам з Тэнчына, Жэмла пакінуў сваёй жонцы ў пажыццёвае карыстанне Жэмласлаў і Кандрацішкі, а сыну свайму невялікі маёнтак Арлоўцішкі, якія знаходзіліся каля самай граніцы Ашмянскага павета паміж Клевіцай і Канвелішкамі, - а кожнай дачцэ па 15000 польскіх злотых. Анна Жэмланка пакінула гэты свет у дзявочым узросце, а яе сястра Ангелія была замужам за Пятром Пацам, графам на Ражанцы, вілейскім старастам. Мар'ян Жэмла, як і яго бацька, пісар дзявенішскі,  атрымаўшы пасля смерці бацькі і мачыхі ўсе іх уладанні, нічога не выплаціў сваім родным сёстрам. Тады Ангелія Пацава праз судовы працэс атрымала Жэмласлаў з фальваркамі. Гэта не вельмі спадабалася Марцьяну Жэмла. І паміраючы бяздзетным, у сваім завяшчанні ад 8 лютага 1728 года з Арлоўцішак, усе свае ўладанні запісаў сваёй цётчынай сястрэ Ёанне з Керсноўскіх, - Верашчакавай, брэсцкай скарбнікавай і яе дзецям.

Пасля доўгага судовага працэсу дачка Пятра Паца і Ангеліі Жэмла, - Людвіка Пацаўна, жонка Яна Неміровіча Шчыпа, кашталянка смаленская, як адзіная наследніца Ежы Ваўжынца і Марцьяна Жэмлаў, - пратэндавала на Жэмласлаў. Шчыты і выкупілі Жэмласлаў у 1745 годзе пад залог Андрушкевічаў.

Людвіка з Пацаў, Шчытава, перажыўшы мужа, у 1781 г. падарыла ўсе свае ўладанні ў Ашмянскім павеце, а дакладней: Вяльбутаў, Гедэйкі і Жэмласлаў сваім двум сынам: Кшыштафу, вітагольскаму старасту і Юзафу, будучаму брэсцкаму каштэляну. Юзаф узяў сабе Вяльбутаў і Гедэйкі, а Кшыштаф - Жэмласлаў (1784 г.). У той час у Жэмлаславе пражывала 213 мужчын і 198 жанчын, у акругу ўваходзілі вёскі: Руня, Жэмайтукі, Высоцкія, Шадзюны, Шаркуці, Лаўкенікі, Гута, Падваранцы. Пражывалі самі ў Жэмлаславе (1804 г.) у вялікім палацы з брусавага дрэва, памаляваным на белы колер пад гонтавым чырвоным дахам. Палац меў чатыры ганкі, а перад ганкам лятарні (фанары), вуглы памалявалі ў шэры колер, рамы вакон былі жоўтымі. Самы парадны пакой (гасцінны) быў упрыгожаны галандскім белым палатном, печ кафельная, паркет сасновы, суфіт і тарціцы былі абцягнуты палатном белага колеру. У пярэднім пакоі стаяла гіпсавая статуя цара Аляксандра I. Насупраць уваходных дзвярэй у парку стаяла дзеравянная капліца найсвяцейшай Маці Божай.

Юзаф Шчыт, мазырскі маршалак, прадаў Жэмласлаў у 1806 годзе мазырскаму земскаму суддзе Антоняму Кеневічу. Той праз пару месяцаў прадаў ужо набытую маёмасць Якубу Умястоўскаму, - Чыжу, у наступным - Длускім, яшчэ пазней - Ластоўскім, якія ўсе ўладанні ў 1645 г. прадалі Адаму Літавору Хрэптовічу, навагрудскаму ваяводзе, і яго жонцы Гальшцы Далматаўне Ісайкоўскай. Сын Адама - Ян Адам Літавор Хрэптовіч, жанаты на Зофіі Альшэўскай, намесніцы лідскага суддзі, прадаў Арлоўцішкі ў 1667 г. разам з фальваркам Даўбуцішкі і Карагенчамі - Яну Казімежу Дамброўскаму. Дамброўскі ў той год, зарабіўшы тысячу злотых, прадаў усю зямельную аседласць Ежы Ваўжынцу Жэмле. Марцьян Жэмла падарыў усё Чэховічу, які прадаў у 1753 г. Крыштафу Шчыту, а пасля дакупіў, і нарэшце набылі Арлоўцішкі з рук Чэховічаў Тамаш і Якуб Умястоўскія.

На пачатку 1850 г. бацька ўладара Жэмласлава Казімеж Умястоўскі набыў Канвелішкі ад караля Янкоўскага з Палян.

 

Пераклаў з польскага І. ПРАКОПЧЫК.

Літаратурную апрацоўку тэкста зрабіў А. ІГЛІЦКІ.

Падрыхтаваў да друку У. ПОБАЛЬ.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.