Так сталася, што і юбілейная дата ў жыцці гэтай апантанай творчай натуры супала з Годам культуры, якім стаў у Беларусі сёлетні 2016 год. Не здарма гэта ўсё, хутчэй, глыбока сімвалічна. Насуперак усяму такія людзі, як Вера Паўлаўна Чурэйна, знаходзяць свае правільныя жыццёвыя і прафесійныя шляхі. Дарма, што скончыла палітэхнічны тэхнікум па эксплуатацыі кінаабсталявання, а стала зусім не кінатэхнікам, а найпершым у раёне народным майстрам па саломапляценні, першапраходцам у сонечным рамястве - найдаўнейшым рамястве нашых прашчураў, найпрыгажэйшым…
Культура раёна атрымала сапраўднага падзвіжніка на сваёй ніве толькі таму, што на вёсцы ёй у свой час знайшлася толькі адна работа - у вясковым клубе - Лелюкінскім Доме культуры…
Шлях дзяўчынкі, дзяўчыны, маладой жанчыны ў Лелюкі, якія сталі назаўжды жыццёвай прыстанню, быў не простым, а часам і вельмі цяжкім. Аднак быў у ёй той самы грунтоўны стрыжань, які вывядзе з любых цяжкасцей, які застаўляе верыць у ідэю, людзей наўкол, у свае асабістыя сілы; які дае разуменне, што перш-наперш усё залежыць ад самога сябе. І свет наўкол заўжды мяняецца да лепшага, калі ты асабіста нясеш у яго хоць крышачку таго лепшага.
Ёй заўжды хацелася быць лепшай, быць асаблівай. Мо таму, што на самой справе не было ў яе жыцці таго чалавека, які б ёй аб гэтым казаў без усялякіх заслуг. Не было ў дзяўчынкі ні мамы, ні таты. Толькі яны скажуць, што ты самы лепшы, самы разумны, самы здатны, самы прыгожы. Яна імкнулася ўсё гэта сказаць сама сабе праз поспехі ў вучобе, мастацкай самадзейнасці, спорце, грамадскім жыцці Хоцімскай школы - інтэрната, што знаходзілася ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Камсамолка, спартсменка, актывістка, завадатар усіх добрых спраў… Як шмат эпітэтаў меў той час для падлеткаў і моладзі, якім цяжка было жыць абыякава!
Затым яна вучылася ў палітэхнічным тэхнікуме, а кожнае лета праводзіла ў студэнцкім будаўнічым атрадзе, які працаваў у самых аддаленых кутках былога СССР. І са школы, і з тэхнікума, і з будаўнічых атрадаў складвала яна ў свой асаблівы сейф - чамадан граматы і дыпломы, лісты падзякі - доказ таго, што яна (без таты і мамы) - лепшая і разумная.
…Лёс даў ёй найвялікшае шчасце - сяброў і добрых людзей на жыццёвым шляху. Ніводных канікул яна не правяла ў школе-інтэрнаце. Сябры і сваякі забіралі яе дамоў.
Тады, у юнацтве, сустрэла яна сяброўку на ўсё жыццё - Алу Грыкень з вёскі Лелюкі. Стала амаль членам іх сям'і, адагрэлася ў іх і душой, і сэрцам. У Лелюках і свайго суджанага сустрэла…
Забыўшыся аб горадзе (працавала ў магілёўскім кінатэатры "Космас" інжынерам па эксплуатацыі кінаабсталявання і займалася завочна ў палітэхнічным інстытуце), паехала да мужа ў вёску на Іўеўшчыну… Там працавала кінамеханікам.
Біяграфія працягвалася ў тым жа ключы - падзякі, граматы. Не магла яна не быць лепшай. І жонкай такой стала, і маці двух чароўных дзяўчынак. А затым ёй прапанавалі заняць пасаду дырэктара Лелюкінскага Дома культуры.
І яна сваёй гіперадказнасцю да любой справы, сваёй добрасумленнасцю і працавітасцю вярнула ва ўстанову культуры саму… культуру: і паводзін, і адносін, і працы ўстановы ў патрэбным накірунку. Дом культуры стаў пры ёй сапраўдным асяродкам культурнага жыцця на вёсцы.
Прайшло крыху часу - і Веру Чурэйна накіравалі на курсы па саломапляценні. Час такі быў - культработнікі сталі актыўна шукаць і адраджаць народныя рамёствы, промыслы - шыкоўны пласт беларускай культуры. Кожны клуб, кожная бібліятэка лічылі для сябе прэстыжным мець этнакуткі, музеі. Экспанаты іх - паднятыя з небыцця рэчы сялянскага побыту, дзяружкі, перабіранкі, вышываныя рэчы, калаўроты, шмат чаго іншага.
У Лелюках жыццё віравала ў тым жа беларускім, нацыянальным накірунку. А яна… Яна быццам была створана для таго, каб сваёй цёплай істотай даваць жыццё цёпламу майстэрству. І зайграла сонейкам саломка пад яе ўмелымі рукамі.
За два дзесяцігоддзі яна стварыла цэлую калекцыю творчых работ - непаўторных, цудоўных. Здаецца, майстэрства адно. Формы і стылі - таксама, аднак кожны майстар дадае нешта сваё, што ідзе з душы, з істоты. Таму і ўзоры, і нюансы работ атрымліваюцца рознымі.
Менавіта яе значны ўклад у адраджэнне народных рамёстваў, яе поспехі і поспехі яе гурткоўцаў у саломапляценні былі прычынай таго, што сельскі Дом культуры ў Лелюках набыў статус цэнтра народнай творчасці. А Вера Паўлаўна стала яго дырэктарам.
Асноўнымі накірункамі дзейнасці ўстановы сталі зберажэнне і развіццё нацыянальных культурных традыцый, адраджэнне традыцыйнай культуры свайго рэгіёна, развіццё мастацка-творчых здольнасцей, арганізацыя змястоўнага вольнага часу насельніцтва.
Дырэктар Лелюкінскага цэнтра народнай творчасці, майстар па саломапляценні, член саюза майстроў Рэспублікі Беларусь Вера Паўлаўна Чурэйна з выставамі сваіх саламяных вырабаў стала ўдзельніцай кожнага Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур у г. Гродна, выставы-кірмашу народных рамёстваў і промыслаў "Каляровае кола дзён" у в. Камарова Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, Міжнароднага эканамічнага форуму "Северный вектор" у г. Ошмяны і іншых мерапрыемстваў міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Вера Паўлаўна неаднаразова ўзнагароджвалася дыпломамі і падарункамі за высокую якасць сваіх работ. Частка з іх знаходзіцца ў музеі абласнога метадычнага цэнтра культуры, Беларускага фонда культуры, у прыватных калекцыях жыхароў Расіі, Літвы, Англіі , ЗША, Галандыі, Польшчы і іншых.
Яна пайшла ўжо на заслужаны адпачынак, аднак працягвае займацца саломапляценнем дома, вучыць гэтаму дзяцей у гуртках.
Дзве дачушкі пераўтварыліся ў дзвюх прыгожых маладых жанчын. Выйшлі замуж, нарадзілі маме і тату ўнукаў. Усе яны сабраліся на юбілейны дзень нараджэння, а таксама сябры, якія з ёй з самога юнацтва, родныя, суседзі. Як шмат людзей зараз у жыцці Веры Паўлаўны, якія могуць сказаць тыя чаканыя з дзяцінства словы: "Ты самая лепшая, самая цудоўная, самая патрэбная".
…Ёсць у Веры Паўлаўны чамадан, якімі яшчэ карысталіся ў сярэдзіне і нават крыху напрыканцы 20 стагоддзя, калі ехалі ў дарогу. У кагосьці ён даўно на гарышчы, хтосьці аднёс яго на сметнік, а ў Чурэйнаў той чамадан чамусьці яшчэ стаіць на самым відным месцы. І заўжды зацікавіць кожнага з гасцей. І амаль кожны задасць пытанне: а што ў тым чамадане?
Задалі і мы такое ж пытанне, хоць адказ напрошваўся сам па сабе. Там - памяць, там - успаміны, там - спадчына, там дзяцінства і мары пра лепшае жыццё, там жа і спраўджаныя надзеі гэтай дзіўнай жанчыны, майстрыцы Веры Паўлаўны Чурэйна. Там - жыццёвы лёс. Ну як жа яго выкінуць?! Нездарма разумныя сваімі асаблівымі ўсходнімі пачуццямі і адчуваннямі кітайцы стварылі ў сваёй Паднябеснай музей памяці, куды кожны можа прынесці самыя дарагія рэчы са свайго мінулага жыцця. Іх немагчыма выкінуць, адарваць ад душы, аднак і дома ім ужо няма месца. І тады іх можна пераўтварыць у экспанаты гэтага дзіўнага музея - даніны людской удзячнасці жыццю…
В. ГУЛІДАВА.