14 жніўня на канцэртнай пляцоўцы набярэжнай возера г. Іўе ўпершыню прайшло цікавае і непаўторнае свята народнай творчасці "Вышыванка - пасланне праз стагоддзі".
Ужо даўно ўсе пераканаліся ў тым, что вышыванка - гэта стыльна, патрыятычна і вельмі прыгожа. Элементамі беларускай вышыўкі сталі ўпрыгожваць многія рэчы: адзенне, посуд, жаночыя аксесуары. Асфальтныя дарожкі ў Мінску і тыя з прыгожым узорам. Прыемна бачыць, што вышыванка вяртаецца да нас і ўсе яе прымаюць не як штосьці новае, а проста як даўняга сябра.
Мастацтва вышыўкі ў славян з'явілася яшчэ ў дахрысціянскі перыяд і мае багатую гісторыю. Сведчаць аб гэтым шматлікія археалагічныя раскопкі. І тое, што зараз беларусы імкнуцца вярнуць вышыванку ў быт, гаворыць аб патрыятызме і вернасці традыцыям сваіх продкаў.
Свята пачалося з шэсця па вуліцах горада і прадоўжылася на канцэртнай пляцоўцы. Гасцей чакала тэатралізаваная прэзентацыя "Гімн адвечнай прыгажосці", дзе аддзелы і сектары культурна-масавай работы прадставілі свае фальклорныя абрадава-святочныя асаблівасці з элементамі вышыўкі. На працягу ўсяго мерапрыемства дзейнічала акцыя "Гэта наша", дзе кожнаму прысутнаму павязвалі на руку ленту з нацыянальным узорам вышыўкі.
- Паважаныя сябры, жыхары наша любага горада. Вышыванка - гэта мінулае, гэта нашы традыцыі. І вельмі прыемна, што сёння мы памятаем аб традыцыях сваіх продкаў, гісторыі свайго беларускага народа. З года ў год, са стагоддзя ў стагоддзе вышыванка змянялася, з'яўляліся новыя сімвалы, але кожны сцяжок і кожны крыжык на вышыванцы нешта ды азначаў. Ён аберагаў ад нячыстай сілы, ад бед, ад благога вока. Я хачу, каб для нас, беларусаў, вышыванка была абярэгам, своеасаблівай бязмоўнай, нямой малітвай. Давайце разам умацуем гэтыя традыцыі і працягнем гісторыю, каб нашы дзеці, унукі і праўнукі памяталі і шанавалі, як гэта робім мы. Са святам, і я спадзяюся, што гэтае свята замацуецца і будзе добрай традыцыяй на нашай іўеўскай зямлі, - павітала гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемста намеснік старшыні Іўеўскага райвыканкама Таццяна Віктараўна Хінская.
Побач з пляцоўкай размясціліся майстры народнай творчасці са сваімі майстар-класамі. Умельцы ахвотна вучылі і дзяцей, і дарослых плесці з саломкі, вышываць крыжыкам, рабіць з нітак сваю ляльку. Таксама была арганізавана выстава-продаж вырабаў майстроў народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Горад майстроў", дзе можна было набыць унікальныя сувенірныя рэчы, чым прысутныя актыўна займаліся. Што цікава, сярод іўеўскіх умельцаў можна было знайсці і прадстаўнікоў другіх раёнаў нашай вобласці.
Парадавала гасцей канцэртная праграма фальклорных калектываў не толькі нашага раёна. Павіншаваць са святам прыехалі народныя гурты і выканаўцы з Ліды, Воранава і Мінска. Гледачы спявалі разам з удзельнікамі беларускія народныя песні, паспрабавалі свае сілы ў танцах народнага побыту, змаглі атрымаць асалоду ад дэманстрацыі народных і стылізаваных касцюмаў з вышыўкай. Прадоўжылі свята народныя гульні і малюнкі на асфальце.
А ШЫМКО.