Падрыхтоўка да маючых адбыцца святаў ужо ідзе ва- ўсю. Пераднавагодняя мітусня падымае настрой і вяртае назад у дзяцінства, дзе так верылася ў цуд і чароўную казку. Ва ўспамінах - пах ігліцы, шкляныя ёлачныя цацкі і мноства маляўнічых паштовак, якія бацькі атрымлівалі штогод.
Здаецца, далёка ў мінулым усё гэта засталося. Але сапраўдны чараўнік, гаспадар гісторыка-краязнаўчага музея Іван Буйко здолеў павярнуць назад час і зноў адкрыць старонку дзяцінства. На мінулым тыдні ў актавай зале Іўеўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі была прадстаўлена яго выстава "Навагодняя паштоўка ў маім жыцці: мае гады, маё багацце (1957-2017 гг.)". Яна змяшчала ў сабе навагоднія і калядныя паштоўкі за апошнія 60 гадоў. Неверагодна настолькі, што аж вочы разбягаюцца ад такой разнастайнасці.
Самай старэйшай - 102 гады, адносіцца да 1914 года. За ёй - паштоўкі 1944 года, а потым - 1957-а, з якога і пачынаецца калекцыя. Снегавік і Дзед Мароз, Крэмль і ракета, лясныя жывёлы, фотаздымкі дзяцей і многае іншае ўпрыгожвае кожную з іх.
Дзецям, якія прыйшлі на адкрыццё выставы, пашчасціла пачуць аповед ад самога Івана Мечыслававіча аб гісторыі паштоўкі, які ведае пра гэта ўсе. А потом перайшлі да другой экспазіцыі, дзе былі прадстаўлены шкляныя ёлачныя цацкі, падсвечнікі замест гірляндаў і пластмасавы Дзед Мароз са Снягуркай.
І не трэба тут больш ніякіх слоў, бо ўспамінаў - неверагодная колькасць, праўда?
А. ШЫМКО.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.