Менавіта так называецца адна з галоўнейшых экскурсій Іўеўскага музея нацыянальных культур, які дзейнічае ў нашым горадзе. Менавіта гэтая ўстанова культуры і была створана для таго, каб расказаць і паказаць, наладзіць мост між былым і сённяшнім, паказаць, у якім унікальным месцы мы жывём, як у ім арганічна перапляліся культуры Усходу і Захаду, утварыўся той непаўторны пласт культурнай спадчыны.
Сёння музей - месца, дзе культурнае жыццё віруе і адорвае нас непаўторнымі сустрэчамі, выставамі, экспазіцыямі, майстар-класамі, вернісажамі і г.д. Яго супрацоўнікі лічаць гонарам для сябе быць гідамі вандровак у мінулае Бацькаўшчыны і ў дзень сённяшні. Яны, бы сапраўдныя гаспадары горада, сустракаюць дэлегацыі розных краін, у склад якіх уваходзяць нашы былыя землякі ці тыя, хто мае івейскія карані і хоча дакрануцца да высноўя менавіта на той зямлі, па якой хадзілі іх прашчуры, у якую назаўжды заўчасна ляглі цэлымі сем'ямі ахвяры халакосту - іх супляменнікі.
Музей нацыянальных культур, як і памятны знак у гонар згоды і добрасуседства людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў - гэта візітка горада, гэта наш духоўны скарб і наша адметнасць у гэтым жыцці.
Завяршыўся Год культуры і яшчэ адзін надзвычай плённы год працы. Амаль больш шасці з паловай тысяч чалавек наведалі летась музей.
Распрацаваны новыя экскурсіі: "Гістарычнае падарожжа па горадзе Іўе: вуліцы Віленская і Бернардынская"; велаэкскурсія "Мір вам"; велаэкскурсія "Вежы івейскіх храмаў".
Былі арганізаваны выставы мастакоў і майстроў з розных гарадоў Беларусі: А. Кашуцін (г. Ліда), Я. Сянько (г. Маладзечна), К. Фацеева, В. Раковіч , А. Драбышэўскі, М. Старасціна (Мінск), Т. Масленік (Міоры);
Восем перасоўных выстаў пад назвай "Мір вам!" адбыліся амаль ва ўсіх аграгарадках раёна.
Былі выбраны незвычайныя месцы для экспанавання перасоўных выстаў: пляцоўка каля кафэ "На скрыжаванні" (траса Мінск-Гродна), у некаторых арганізацыях г. Іўе, у бібліятэцы горада, у г. Гродна, на пляцоўцы музея).
Акцыя памяці і смутку "Памяць", прысвечаная 75-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, на падвор'і музея пачалася а чацвёртай гадзіне раніцы. І яшчэ раз паказала, наколькі творчы і неабыякавы штат супрацоўнікаў маецца ў музеі.
Дзве сустрэчы ўдзельнікаў аўтавелапрабегу і восеньскі велапрабег-экскурсія "Мір вам" па яўрэйскім квартале горада з заездам у вёску Стоневічы, дзе знаходзіцца мемарыял ахвярам халакосту, таксама кранулі душы ўдзельнікаў гэтага мерапрыемства.
Музей нацыянальных культур сустракаў летась удзельнікаў прэс-туру для журналістаў з краін СНД, якія адзначылі, што наш горад і музей, безумоўна, заслугоўваюць самай пільнай увагі турыстычных фірм і проста людзей, якія хочуць ведаць гісторыю беларускага мястэчка і ўсёй краіны.
А тэатр "Батлейка" Іўеўскага музея нацыянальных культур (мастацкі кіраўнік Марыя Гут) узнагароджаны дыпломам Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці за захаванне беларускіх традыцый, развіццё аматарскага тэатральнага мастацтва і ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе тэатральных калектываў.
Творчы калектыў яго супрацоўнікаў і дырэктар музея Ірына Анатольеўна Халява трымаюць гэтую марку, працуюць на выхаванне патрыятызму, любові да Радзімы, сваёй гісторыі.