Дзіўна, але ў такім маленькім па тэрыторыі і колькасці насельніцтва раёне, як наш, працуе шмат творчых асоб менавіта ў сферы тэатральнага мастацтва. Лічу, што нам проста пашчасціла на сваіх Неміровічаў-Данчанка і Станіслаўскіх. І не толькі апошнім часам. Тут ужо некалькі дзесяцігоддзяў ёсць каму весці гледачоў у той дзіўны свет у святле рампы, свет, дзе плачуць і смяюцца, іграюць і танцуюць як бы не па-сапраднаму, а здаецца, што пражываюць жыццё.
Таму, напэўна, і не дзіўна, што маюцца два тэатральныя калектывы, якія носяць званне народных. Гэта народны тэатр Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу (рэжысёр Мікалай Пятровіч Завадскі), народны тэатральны калектыў аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Трабы (рэжысёр Міхаіл Станіслававіч Калышка). Пры гэтых творчых калектывах дзейнічаюць дзіцячыя тэатральныя калектывы - спадарожнікі. У кожным клубе ці доме культуры таксама ставяць маленькія спектаклі, інтэрмедыі, тэатральныя прадстаўленні.
Ёсць яшчэ адзін тэатральны калектыў. Гэта вучні тэатральнага аддзялення Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў разам са сваёй настаўніцай, чалавекам, якога нябёсы талентамі так узнагародзілі, што і на некалькі чалавек хапіла бы. Гутарка ідзе, канешне, пра Наталлю Афоніну, якая адначасова з'яўляецца і салісткай народнага ансамбля "Чабарок", канферансье розных канцэртаў, чытае са сцэны.
У гэтым годзе споўніцца пяць гадоў, як яна стала працаваць у Іўеўскай дзіцячай школе мастацтваў. У гэтым годзе Наталля Алегаўна выпусціць свой першы выпускны класс юных ліцэдзеяў. Яны прыйшлі ў гэтую ўстанову разам - настаўніца і яе выхаванцы з тэатральных гурткоў дзіцячага садка і гімназіі №1 горада Іўе. І разам паглыбіліся ў свет тэатра. Колькі эмоцый, колькі жаданняў, колькі перажыванняў! І на рэпетыцыях, і на сцэне.
Выхаванцаў Наталлі Афонінай нельга пераблытаць з іншымі. Яны пластычныя, яны музыкальныя, яны так старанна вывучаюць сцэнічнае майстэрства. Яны чытаюць са сцэны, яны ўдзельнічаюць у спектаклях, таленавітым рэжысёрам якіх выступае зноў жа Наталля Алегаўна. Тры сур'ёзныя спектаклі пастаўлены за гэты тэрмін: "Вперед, котенок", "Все мыши любят сыр", "Дюймовочка и Мотылек". Рыхтуецца новы паказ у старэйшай групы па апавяданнях Надзеі Тоффі, а малодшая группа рыхтуе паказаць гледачам спектакль "Здравствуй, принцесса!".
Мінулы год выдаўся плённым, яркім. Юныя артысты сталі лаўрэатамі 1 ступені Міжнароднага інтэрнэт-конкурсу "Зорны праект" (Расія, Украіна, Беларусь). Цудоўна паказалі яны сябе ў абласным аглядзе-конкурсе тэатральных калектываў. Абраны чатыры лепшыя дарослыя і чатыры лепшыя дзіцячыя калектывы. Выхаванцы Наталлі Афонінай - сярод іх.
У сакавіку мінулага года юных тэатралаў школы мастацтваў запрасілі да ўдзелу ў абласным конкурсе ўзорных дзіцячых тэатральных калектываў. У той "кампаніі", як сказала Наталля Алегаўна, яны былі адзінымі без звання. Але гэта не перашкодзіла вельмі добра сябе паказаць. Цудоўна ігралі яны і на нядаўнім семінары рэжысёраў тэатральных калектываў, які прайшоў у Іўі напрыканцы года мінулага.
Наталля Алегаўна яшчэ мае і талент выкладаць свой талент, дзяліцца ім з дзецьмі. Аднак, на мае словы пра яе поспехі, адказала, што без жадання дзяцей, без іх падтрымкі нічога б не атрымалася. И падмацавала свае словы выказваннем вялікага рэжысёра Усевалада Мейерхольда "Научить нельзя. Можно только научиться".
Няхай усё атрымаецца ў нашых настаўнікаў- тэатралаў і іх вучняў!