Наша Гродзеншчына – непаўторны куток беларускай зямлі з багатай гісторыяй. Кожная вёсачка тут дыхае спадчынай мінулага. Навучэнцы, настаўнікі, бацькі Лелюкінскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна рашылі павандраваць па сваей малой радзіме. Восьмага кастрычніка у дарогу накіраваліся вучні 4-11 класаў. Падарожжу паспрыяла нават сама восень: дзянёк выдаўся сонечны і вельмі яскравы. Першым прыпынкам вандроўкі стаў школьны музей імя Э.С. Корзуна, заснавальніка музея, былога дырэктара дадзенай установы. Музей мае статус народнага. У яго фондзе больш за тысячу экспанатаў. Сярод іх - фотаздымкі, рэчы сялянскага побыту, архіўныя дакументы, маўклівыя сведкі далёкіх падзей. Дзеці пазнаёміліся з гісторыяй краю, школы.
Наступны прыпынак - Крэўскі замак, які з’яўляецца адным з найстарэйшых беларускіх замкаў, створаны ў пачатку XIV стагоддзя. З руінамі Крэўскага замка звязана шмат легенд, у тым ліку гісторыі пра падземны тунэль з замка да Вільні і пра прыгажуню, якую замуравалі жывой ў сценах замка. Пра гэта мы даведаліся ад нашага экскурсавода Ваўчка А.В.
Трэці прыпынак - былы палацава-паркавы комплекс роду Сапег ў аг.Гальшаны. Менавіта тут адчуваецца подых гісторыі, пазнаецца глыбіня культурнага мінулага. Першыя крокі, зробленыя па тэрыторыі гэтага музея, даюць магчымасць наладзіць страчаную сувязь з мінулым. Ведаеце, з’явіўся нейкі зусім іншы настрой. Мы проста былі зачараваны прыгажосцю, незвычайнай архітэктурай замка, таямнічасцю белай Панны і Манаха, залай шляхецкай славы .
Цікава, весела і незабыўна правялі мы свой адпачынак. Сябры, падарожнічайце: наша краіна самая прыгожая!
Вольга Аксёнава, настаўнік хіміі і біяогіі.