Геранёны… У нашым раёне гэта, бадай што, адзінае такое знакамітае гістарычнае месца, да якога калісьці ў Сярэднявеччы былі накіраваны погляды ўсёй Польшчы, яе караля і каралевы. А найбольш, канешне, каралевы - Боны Сфорцы, прыгажуні-дачкі італьянскай герцагіні, якая мела дачыненне да старажытнага і багатага роду Італіі. Страта ўсіх багаццяў і прывілей становішча ў магнацкім свеце заставіла яе шукаць выгадны шлюб для сваёй дачкі… І тая апынулася ў Польшчы.
Бона Сфорца адчула, як страчвае ўплыў на сына, гаспадара Літвы, калі той у Геранёнах сустрэў юную ўдаву аднаго з гаспадароў замка Гаштольдаў - Барбару з роду Радзівілаў. Каханне еўрапейскага значэння ўскалыхнула палітыку Польшчы, занепакоіла каралеву Бону. Аднак, хоць асобныя гісторыкі і звязваюць заўчасную і незразумелую смерць маладой каралевы Польшчы Барбары з імем Боны Сфорцы (атручванне было майстэрствам яе продкаў), усё ж сёння мы гаворым не пра яе, а менавіта пра Геранёны і ўспамінаем Барбару Радзівіл як тую, хто ўпрыгожыў гісторыю старадаўняга месца сваім кароткім жыццём. Таксама дзякуючы ёй, да сённяшняга дня цікаўнасць да Геранён не гасне і для краязнаўцаў, і проста для людзей, якія хочуць ведаць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны.
Геранёны - гэта таксама яшчэ і Ігнацій Корвін-Мілеўскі - значная асоба палітычнага, грамадскага і культурнага жыцця Літвы, Польшчы, Расійскай імперыі і, наогул, Еўропы.
Тут пісаў свае палотны Напалеон Орда. Тут віравала культурнае і палітычнае жыццё. Тут вялікае раздолле для даследаванняў культуролагаў, гісторыкаў, краязнаўцаў, аматараў сівой даўніны. Чарговая канферэнцыя, якая адбылася нядаўна ў Геранёнах, - яркае сведчанне таго.
Краязнаўчую канферэнцыю "Помнікі архітэктуры Геранён" у рамках рэгіянальнага культурна-гістарычнага праекта "Старажытныя Геранёны ў адлюстраванні часу. Падзеі. Асобы" падрыхтавалі метадысты аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў і гасцей канферэнцыі звярнулася галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама Ірына Мечыславаўна Грынкевіч.
Геранёнцы ахвотна адклікаюцца на наладжванне розных мерапрыемстваў, якія маюць дачыненне да іх аграгарадка. Мясцовы патрыятызм адчуваецца паўсюдна. Таму на канферэнцыі былі і тыя, хто па сваёй пасадзе павінен падтрымліваць падобныя праекты, і тыя, каму цікава, каму хочацца ведаць і карані, і гісторыю, і дзень сённяшні, ды і расказаць пра тое іншым, не такім дасведчаным.
На канферэнцыі выступіў старшыня Геранёнскага сельвыканкама Віктар Эдвардавіч Вершаловіч, які павёў сваю гутарку аб праблемах захавання гісторыка-культурнай спадчыны і помнікаў Геранёнскага сельсавета. Безумоўна, у гэтым рэгіёне ёсць што захоўваць, ёсць пра што непакоіцца.
На тэрыторыі сельсавета маецца шмат помнікаў прыроды, гісторыі, пабудоў 18-19 стагоддзя. Гэта помнік невядомаму саддату, помнік культавай архітэктуры - касцёл Святога Мікалая, тры каменныя капліцы, лядоўня, млячарня, дом аховы; пяць помнікаў археалогіі (курган-могільнік, руіны замка, каменныя могілкі), помнікі прыроды туланскі камень і камень у вёсцы Забалаць.
Віктар Эдвардавіч адзначыў, што ўсе пытанні захавання гісторыка-культурнай спадчыны ў Геранёнскім сельсавеце вырашаюцца станоўча.
На канферэнцыі прысутнічала і няўрымслівы творца на ніве краязнаўства Алена Іванаўна Смалянічэнка, якая, прынамсі, у мінулым годзе выдала кнігу- даведнік пра Геранёны. На канферэнцыі Алена Іванаўна расказала прысутным пра касцёл Святога Мікалая.
I. Грынкевіч
А. Смалянічэнка
Юны даследчык вучань 3 класа Геранёнскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Кірыл Жалтко, які пад кіраўніцтвам настаўніцы Алены Іванаўны Жылевіч правёў работу па вывучэнні гісторыі роднага краю і прадставіў прэзентацыю "7 чудес агрогородка Геранёны" - агульная характарыстыка помнікаў архітэктуры Геранён: гісторыя і сучаснасць". Юны краязнаўца - даследчык выступіў перад прысутнымі.
З выставай літаратуры "Духоўнае багацце народа" пазнаёміла загадчык бібліятэкі-філіяла аг.Геранёны Вольга Андрэеўна Уляш.
Гасцям і ўдзельнікам канферэнцыі быў прапанаваны відэафільм тэлепраграмы беларускага тэлебачання "Падарожжа дылетанта. Геранёны".
На канфэрэнцыі таксама працавала выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аг. Геранёны.
Завяршыла краязнаўчую канферэнцыю "Помнікі архітэктуры Геранён" міні-экскурсія "Касцёл Святога Мікалая як аб'ект гістарычна-культурнай спадчыны регіёна", якую правяла Алена Іванаўна Смалянічэнка.
В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.