Гісторыя прыгожага краю, які мы, іўяўчане, называем сваёй малой радзімай, стваралася на працягу некалькіх стагоддзяў, і цяпер мы ствараем яе - літаральна ў гэтую хвіліну.
Лепшыя прадстаўнікі кожнага пакалення зямлі іўеўскай, што тут нараджаліся і жылі, пакідалі свой значны і добры след, таму яна такая прыгожая – наша малая радзіма! Чыесьці імёны, на жаль, незваротна згублены ў мінулым. А вось у наш век інфарматызацыіі і прагрэсіўных тэхналогій не цяжка зберагчы для нашчадкаў тое, што яшчэ магчыма, што ім будзе патрэбна для нармальнага існавання і як надзейны падмурак у гістарычнай памяці. Дарэчы, думаецца, яны таксама ацэняць прыгажосць роднай прыроды і населеных пунктаў, прыгажосць нашых суседскіх зносін і, безумоўна, сапраўдны талент, увасоблены ў мастацкіх вырабах, карцінах, песнях, вершах.
Думаецца, яны будуць памятаць тыя імёны, якія мы для іх захаваем, калі самі іх не страцім.
Як паведаміла выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама Святлана Кішкель, менавіта з мэтай папулярызацыі культурнай спадчыны рэгіёну, азнаямлення насельніцтва з гістарычнымі фактамі развіцця культуры Іўеўскага раёна і ў рамках абласнога праекта “Наша культурная спадчына” работнікамі ўстаноў культуры быў падрыхтаваны і праведзены напярэдадні тыдзень «Знакамітыя людзі культуры Іўеўшчыны».
Адкрыла мерапрыемства літаратурная гасцёўня па кнізе “Іўеўшчына літаратурная”, якая адбылася ў Іўеўскай раённай бібліятэцы на пачатку мінулага тыдня. На яе запрашаліся самадзейныя паэты і пісьменнікі, чые творы можна пачытаць у выпушчаным у 2014 годдзе бібліятэкай зборніку, а таксама блізкія людзі творцаў, якіх ужо няма з намі. Сваімі поглядамі і меркаваннямі наконт творчасці, духоўнага сэнсу жыцця з прысутнымі ахвотна падзяліліся Алена Смалянічэнка, Алена Карпыза, Леанід Трафімчык. Вельмі
эмацыянальным атрымалася і дэкламацыя асабістых вершаў. І не менш кранальнымі былі ўспаміны блізкіх людзей і проста знаёмых пра тых, хто ўжо ніколі не зможа расказаць чытачу, як нараджаецца верш ці апавяданне… З цеплынёй успомнілі імёны таленавітых землякоў Васіля Горбача, Яніны Халява, Ліліі Свякла, Генадзя Магільніцкага і іншых.
Вельмі зразумела, што прыгажосць іўеўскай зямлі натхняе не толькі мастакоў слова, але і майстроў фарбаў і алоўка. У рамках тыдня Іўеўскі музей нацыянальных культур запрасіў на знаёмства з творчасцю мастака Івана Струкава. Усе жадаючыя змаглі наведаць выставу работ пад назвай “Союз воды и земли”.
Вечар-успамін “Усё жыццё ў песні” быў прысвечаны Іосіфу Януковічу -былому мастацкаму кіраўніку Іўеўскага народнага хору.
На вечары прысутнічалі ўдзельнікі былога саставу калектыву, работнікі культуры і госці. Успамінамі аб заснавальніку народнага хору, яго творчай, таленавітай асобе, а таксама аб канцэртных выступленнях, паездках і гастролях разам з хорам падзяліліся Яніна Зянюк і Ян Пашэль. Усе прысутныя і госці вечара ўшанавалі памяць Іосіфа Валяр’янавіча хвілінай маўчання.
Падчас мерапрыемства гучалі песні ў выкананні народнага хору ў новым складзе, якім сёння кіруе Вольга Аўдзевіч.
Тыдзень «Знакамітыя людзі культуры Іўеўшчыны» прадоўжыўся вечарам-партрэтам “Чабарок,чабарок, ды каля дарожкі”, які быў прысвечаны былому дырэктару Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў, мастацкаму кіраўніку народнага ансамбля беларуской музыкі “Чабарок” Івану Чарняку. Мерапрыемства адбылося ў Іўеўскай дзіцячай школе мастацтваў.
Аб жыцці і творчым шляху расказала дырэктар установы Іна Шукава, якая помніць Івана Паўлавіча не толькі як удзельніца ансамбля, а таксама як былая вучаніца гэтай установы.
Сваімі ўспамінамі пра Івана Паўлавіча падзяліўся Леанід Журко, які з’ўляецца прадаўжальнікам традыцый народнага ансамбля беларускай музыкі “Чабарок” і мастацкім кіраўніком калектыву.
З канцэртнымі нумарамі ў апрацоўцы Івана Чарняка і Леаніда Журко выступіў знакаміты і любімы мастацкі калектыў – народны ансамбль беларускай музыкі “Чабарок” Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
І зноў цікавых і неабыякавых да мастацтва людзей запрасіла гасцёўня, на гэты раз не толькі літаратурная, але і музычная, таму што чалавек, творчасці якога прысвячалася, з’яўляецца і паэтам, і кампазітарам. Гаворка ідзе пра нашага таленавітага земляка, вершы якога ўпрыгожваюць час ад часу старонкі рэгіянальнай прэсы на Іўеўшчыне і на Стаўбцоўшчыне, дзе жыве наш зямляк, а песні гучаць у выкананні мастацкіх калектываў, - Яўгена Вікенцьевіча Карпуця. На сустрэчу запрасілі ўсіх жадаючых работнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі.
Заключным мерапрыемствам тыдня стала свята песні «Паляцела птушкай у вырай песнь яго аб роднай ніве» у гонар яшчэ аднаго нашага слаўнага земляка - Віктара Канстанцінавіча Шарэцкага. Свята адбылося ў весцы Барава. Тут жыў і працаваў заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, былы мастацкі кіраўнік Бараўскага народнага хору.
На свяце, прысвечаным памяці беларускага дзеяча самадзейнага мастацтва, харавога дырыжора, землякі ўзгадалі жыццёвы і творчы шлях Віктара Канстанцінавіча. Уважліва слухалі прысутныя дачку Віктара Шарэцкага – Веру Віктараўну Гулідаву, былую ўдзельніцу Бараўскага народнага хору Веру Паўлаўну Чурэйна, якая да таго ж выканала некалькі песень з рэпертуара хору.
Настрой гасцям свята стваралі народны ансамбль народнай песні “Спадчына” аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Лаздуны 1, індывідуальныя выканаўцы сектара культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Лелюкі, народны ансамбль беларускай музыкі “Чабарок” Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
Як заўважыла пры закрыцці тыдня «Знакамітыя людзі культуры Іўеўшчыны» Святлана Кішкель, падобныя мерапрыемствы будуць праводзіцца і далей, таму што яшчэ ёсць імёны, якія нельга пакінуць без увагі ці забыць.
Скарбонка творчасці нашых землякоў невычэрпная… Таму і мы павінны памятаць і шанаваць тых людзей, якія бераглі і берагуць нашу беларускую культуру і традыцыі.
Падрыхтавала Т. БОЛАТАВА.