…Трабы - былое ўладанне літоўскіх князёў Трабусаў, вядомае з ХV стагоддзя, калі князь Трабус пабудаваў тут замак. Напрыканцы таго ж стагоддзя ўнук княгіні Марыі Трабскай - Альбрэхт Гаштольд стаў валодаць Трабамі, а ад Гаштольдаў маёнтак перайшоў да караля польскага, вялікага князя літоўскага Сігізмунда I Старога, а затым да яго сына Сігізмунда II Аўгуста. Тут знаходзілася каралеўская рэзідэнцыя… Пры Сігізмундзе III Вазе Трабы сталі цэнтрам стараства…
Кажуць, вада захоўвае праз стагоддзі інфармацыю. Аб чым? Аб гэтым свеце, напэўна, пра людзей, пра падзеі і асобы. І стромкая, гарэзлівая Клява, што так хутка і нястомна нясе свае воды сярод плыткіх берагоў, напэўна, памятае і тыя далёкія часіны сярэднявечча, і далейшыя гады і эпохі, што плылі і ляцелі над каралеўскім мястэчкам. Напэўна, вада Клявы павінна памятаць і тыя страшныя, зусім нядаўнія ў рамках стагоддзяў падзеі, калі гарэлі трабскія хаты і хаціны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі гінулі на палях барацьбы мужчыны, а жанчыны цягнулі на сваіх плячах цяжкую місію ўдавіц, гаспадынь, проста жанчын, якія жывуць на акупіраванай тэрыторыі…
Шмат памятае рэчка-вяртушка, воды якой насуперак усяму сучаснаму застаюцца чыстымі, і між імі снуе нават фарэль - рыбка, якая не жадае жыць у брудзе.
Калі б магла вада не толькі захоўваць, але і выдаваць інфармацыю, то адной з самых трапяткіх тэм назвала б, безумоўна, расказ пра творчых, таленавітых людзей, якія праз стагоддзі не пераводзяцца тут. І не толькі ва ўстановах культуры. Спяваюць, танцуюць, дэкламуюць, ліцэдзейнічаюць на сцэне трабчане-урачы, настаўнік, медыцынскія сёстры і прадстаўнікі многіх іншых прафесій і заняткаў.
Канцэрты на сельскай сцэне гадоў 30-20 назад былі дзейснымі, бо вёска яшчэ жыла паўнакроўным жыццём, было каму артыстам быць, было каму і гледачом. А зараз, часцей за ўсё, тыя канцэрты і прадстаўленні праходзяць пры пустых залах. З гэтым маім выказваннем, прынамсі, не пагодзяцца жыхары "каралеўскага мястэчка". І, напэўна, будуць мець рацыю. Самае цікаўнае, што зала трабскай установы культуры і зараз не пустуе. І справа не толькі ў тым, што працуюць у ёй аддадзеныя сваёй справе людзі (таленавітых і творчых людзей у культуры раёна шмат). Справа, бадай, у саміх трабчанах, нашчадках жыхароў таго самага каралёўскага мястэчка. А хто трапляе на мясцовую сцэну з іншых месцаў, той прыжыўся ў Трабах. Ці абавязкова прыжывецца.
Вось такім вялікім атрымаўся мой уступ да матэрыялу аб правядзенні ў Трабах рэгіянальнага свята "Зямля пад белымі крыламі".
І стала яно сапраўдным калектыўным бенефісам і культработнікаў, і артыстаў народнага тэатральнага калектыву, і народных музыкаў, і ўсіх неабыякавых людзей, якія хочуць святкаваць і дарыць свята людзям, і мясцовага сельвыканкама.
… Вольна раскінулася ўрачыстаць на школьным стадыёне, які паволі пераходзіць у такі прыгожы ці то сад, ці то лясны масіў.
Як і паўсюдна апошнім часам на такіх святах, раскінуліся да радасці трабскай дзятвы ўсемагчымыя атракцыёны, латкі і прылаўкі з рознымі смачнасцямі, цацкамі, вырабамі народных майстроў і г.д.
Рэгіянальныя святы, якія ладзяць ужо колькі год запар работнікі культуры, прыцягваюць увагу не толькі жыхароў тых мясцін, дзе яны праходзяць, але і гараджан, выхадцаў з гэтых вёсак. Яны з задавальненнем едуць, каб пачуць гімн сваёй малой радзіме.
Гэты гімн у Трабах рыхтаваўся па сцэнарыі асобы творчай - рэжысёра народнага драматычнага калектыву аддзела культурна-массавай і асветніцкай работы аграгарадка Трабы Міхаіла Калышкі. І ва ўсім прадстаўленні таксама былі задзейнічаны артысты гэтага драматычнага фармавання.
Таму і свята пачалося незвычайна. Раздаліся гукі музыкі сярэднявечча. І пад стрэлы з блізляжачага лесу выйшла група людзей. Два юнакі ў зрэбным адзенні неслі запаленыя факелы, а ў цэнтры шэсця разам са сваім сакратаром-летапісцам ішоў …князь Трабус.
Да гонару трабскіх культработнікаў, яны ўрэшце заклікалі яго да жыцця. І сапраўды, у Геранёнах і на раённых святах ужо з'яўляецца Барбара Радзівіл са сваёй світай. У Іўі ніводнае свята не абыходзіцца без княгіні Евы, зусім нядаўна нарабіў шуму баль у графа Умястоўскага… А Трабус жа яшчэ з даўнейшых часін вядомы ў летапісных крыніцах як заснавальнік і ўладар Трабаў і рэгіёна. І яго фігуру патрэбна зрабіць, як зараз кажуць, трабскім брэндам ва ўсёй гісторыка-культурнай рабоце. Па ўсім адчуваецца, што так яно і будзе…
…Летапісец ад імя князя Трабуса уручыў прывітанні - падзякі старшыні мясцовай гаспадаркі КСУП "Трабы" Івану Іванавічу Васілеўскаму, старшыні Трабскага сельвыканкама Валянціне Мечыславаўне Марусавай…
Тым часам цырымонія ўзнагароджвання перарвалася аб'явай аб пачатку таварысцкага матча па футболе між ваеннаслужачымі тэрміновай службы вайсковай часці паветранай абароны першага радыётэхнічнага цэнтра і зборнай моладзі аграгарадка.
Зусім побач накаляліся спартыўныя страсці, а на канцэртнай пляцоўцы працягваліся сцэнарныя дзеянні. І летапісец князя Трабуса ўжо ўручаў узнагароды ад імя сельвыканкама. За асобыя заслугі перад людзьмі, вёскай і дзяржавай іх атрымалі: галоўны інжынер КСУП "Трабы" Юрый Гедымінавіч Пятроўскі, работнік прадпрыемства "Рэлуі Бел" Алена Раманаўна Тарнаповіч, намеснік дырэктара Трабскай сярэдняй школы па вучэбнай рабоце Алена Тадэўшаўна Астрамецкая, работнік Трабскага лясніцтва Таццяна Чаславаўна Гардзей, выхавальнік Трабскага ясляў-сада Алена Іванаўна Гутнікава, медыцынская сястра Трабскай урачэбнай амбулаторыі Людміла Фёдараўна Маліноўская, паштальён аддзялення паштовай сувязі "Трабы" Лілія Канстанцінаўна Бычко, прадаўшчыца магазіна прадуктовых тавараў ЧУП "Нерыя" Данута Эдуардаўна Юралевіч, фельчар вайсковай часці Аляксей Анатольевіч Цуканаў, сяржант тэрміновай службы пагранічнага паста вёскі Сурвілішкі Аляксандр Сяргеевіч Буры, адна з лепшых гаспадынь па ўтрыманні прысядзібнага ўчастка Яніна Віктараўна Яцкевіч…
Свята вітала самую старэйшую жыхарку рэгіёна 97 - гадовую Яніну Феліксаўну Буйніцкую і самага маленькага - Сямёна Маліка…
Было шмат музыкі, цёплых слоў, добрых пажаданняў. І гэта цудоўна. А то, як сказалі вядучыя свята, за штодзённымі клопатамі мы не заўважаем свайго суседа, аднавяскоўца. А свята сабрала ўсіх разам. І калі на пляцоўку выйшлі мясцовыя знакамітасці: музыкант - легенда, без якога не абыходзіліся ні вяселлі, ні провады ў арміі, ні хрэсбіны, ні юбілеі - Валяр'ян Іванавіч Дабраловіч, музыканты Валянцін Вітольдавіч Бягун, і сам рэжысёр Міхаіл Станіслававіч Калышка з баянамі, а таксама Анатоль Закіравіч Аліеў з бубнам, - народ ажывіўся. І не здарма. Ах, якія то былі мелодыі, якія песні! Колькі душы і сэрца было ў тых напевах і песнях, музыцы, колькі талентаў у тых самародкаў-музыкаў! Усе наўкол падпявалі, асобныя ў пляс пусціліся. Свята дасягнула свайго кульмінацыйнага моманту - выдала тое, што дорага кожнаму з гэтага рэгіёна. І атрымался "ізюмінка" свята. Не, цэлыя прыгаршчы таго ізюму, мяркуючы па рэакцыі гледачоў! І аказался, што не трэба чакаць артыстаў - знакамітасцяў, не трэба плаціць вялікія грошы сталічным гастралёрам, трэба прыйсці да сваіх, часам ужо трохі і забытых музыкаў, і шчыра папрасіць іх зайграць для землякоў. Так, як гэта зрабіў Міхаіл Калышка. І вось вам вынік - вясёлае, шыкоўнае свята. Брава!
В. ГУЛІДАВА.
Фота С. ЗЯНКЕВІЧА.