У мінулую пятніцу, 22 верасня, супрацоўнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі" наведалі першы абласны фестываль кнігі "Кніжныя скарбы Беларусі", які праходзіў у горадзе Гродна на тэрыторыі Новага замка.
Арганізатарам фестывалю стала абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама.
Усе святочныя мерапрыемствы ладзіліся з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. На фестывальных пляцоўках можна было пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі і рарытэтамі, паназіраць за працай друкарскага станка сярэдзіны XX стагоддзя, паспрабаваць пісаць пяром і чарніламі падчас адпаведнага майстар-класа, памаляваць 3D-ручкай, паглядзець гістарычныя фільмы, тэатралізаваныя прадстаўленні, прэзентацыі выдавецтваў і шмат іншага.
Адметнай падзеяй фестывалю стала выстава самаробных кніг - творчых работ, прадстаўленых на абласны конкурс "На лепшую самаробную кнігу", што праводзіўся з 1 красавіка да 1 верасня 2017 года з мэтай папулярызацыі кнігі і чытання сярод насельніцтва праз знаёмства з гісторыяй беларускага кнігадрукавання.
Усяго на выставе было каля сотні конкурсных работ (3 - ад нашай бібліятэкі), выкананых у самых разнастайных тэхніках: кнігі, упрыгожаныя інкрустацыяй з саломкі і вышыўкай, створаныя пры дапамозе гелевай графікі, драўляныя, з выпаленым тэкстам, рукапісныя, у скураных вокладках.
І самым прыемным момантам фестывалю для іўяўчан стала падвядзенне вынікаў конкурсу "На лепшую самаробную кнігу" і ўзнагароджанне пераможцаў. Творчы калектыў Іўеўскай раённай бібліятэкі атрымаў перамогу ў намінацыі "На лепшае мастацкае афармленне твора (ці яго ўрыўка) Ф. Скарыны".
Супрацоўнікаў бібліятэкі ўзнагародзілі Дыпломам I ступені і каштоўным падарункам.
На конкурс была прадстаўлена рукапісная кніга, якая змяшчала ўрыўкі з "Апостала" Ф.Скарыны. А трымаў кнігу ў руках сам Францыск Скарына - вобраз першадрукара быў увасоблены ў самаробнай ляльцы.
В. КЕПЕЛЬ,
бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Іўеўскай раённай бібліятэкі.