
Фестываль калядных песень «Gloria in excelsis Deo», гісторыя якога распачалася ў 2003 годзе, ужо на працягу двух дзесяцігоддзяў з’яўляецца не толькі візітнай карткай Іўя, але і адным з вядучых культурных брэндаў горада. Па традыцыі творчы форум збірае не толькі мясцовых ўдзельнікаў, але і шчыра вітае гасцей з розных куточкаў Беларусі.
Ідэя фестывалю належыць тагачаснаму пробашчу іўеўскай парафіі ксяндзу Яну Гавецкаму. Ён падкрэсліваў, што гэта не проста канцэрт ці конкурс, а трыўмф нованароджанаму Збаўцу, каб з кожнай калядкай маленькі Езус нараджаўся ў нашых сэрцах. Нездарма ксёндз Ян казаў, што фестываль падобны да дзіцяці, і вось у гэтым годзе яму ўжо дваццаць.
Як і маленькае дзіця, фестываль павольна, але ўпэўнена рос і развіваўся, знаходзіў сяброў і заяўляў пра сябе, збіраючы на галоўнай сцэне Іўеўшчыны сваю вялікую дружную сям’ю.
У першыя шэсць год свайго існавання ўдзельнікамі фестывалю былі жыхары Іўеўшчыны. Сення многія іўяўчане памятаюць выступленні тых першых канкурсантаў. Асабліва цёплыя ўспаміны звязаны з выступленнем хору жыхароў вёскі Урцішкі. Людзі сталага ўзросту ў народным аддзенні спявалі калядкі. Ці не гэта прыклад сапраўднай радасці, што нарадзіўся Езус Хрыстус?!
З кожным годам конкурс збіраў усё большую колькасць удзельнікаў і хутка атрымаў статус дэканальнага фестывалю. Нярэдка ў фестывалі бралі ўдзел і каталіцкія біскупы Беларусі, а ў 2019 годзе на маштабны конкурс прыехаў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Тады ў межах тыдня малітвы за еднасць хрысціянаў прадстаўнік Святога Айца наведаў таксама царкву і мячэць.
Не абмінула свята калядак і пандэмія, заставіўшы толькі зрабіць яго менш грандыёзным, але ўсё роўна прыгожым, душэўным і сямейным.
Вядома, што за кожнай справай стаяць людзі, іх фантазія, праца і руплівасць. У нашым маленькім Іўі мы жывём адной вялікай сям’ёй, дзе адзін аднаго ведае. Нашае жыццё складваецца так, што ніхто не прыедзе і не зробіць для нас свята, яго павінны зрабіць мы самі, разам, талакой. Вялікі ўклад у існаванне і правядзенне фестывалю на высокім узроўні ўносіць і адна сціплая асоба, якая найчасцей заставалася за сцэнай і па за святлом сафітаў — сястра Ірына Бучынская. Яна кожны год уносіць велізарны ўклад у падрыхтоўку свята, піша сцэнарыі, праводзіць рэпетыцыі і сочыць, каб усё было зроблена як найлепш. Вядома, шмат людзей далучаюцца да стварэння свята. Падзякі заслугоўвае кожны выканаўца, творчыя калектывы школы мастацтваў і Дамоў культуры, валанцёры і ахвярадаўцы.
Адзін дзень застаўся да юбілейнага фестывалю калядных песень «Gloria in excelsis deo». Два дзесяцігоддзі маленькае Іўе ў глыбіні Беларусі напаўняецца каляднымі спевамі. Два дзесяцігоддзі наш фестываль яднае людзей. Два дзесяцігоддзі для некага сталі добрым успамінам і сямейным святам.
Будзем спадзявацца, што яркі і незабыўны фестываль Іўя пакрочыць у трэцяе дзесяцігоддзе і збярэ яшчэ больш таленавітых дзяцей і моладзі, у чарговы раз пакажа, што Іўеўшчына мае здольных, таленавітых людзей. Але гэта залежыць толькі ад нас з вамі.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Раман Ярмош.
Фота з архіва рэдакцыі.