ivyenews.by

Давайце пройдзем дарогамі герояў! Музеі - гэта не проста ўстановы культуры, гэта храмы ўсенароднай Памяці

Помнить, чтобы жить
Год гістарычнай памяці можна адзначаць па-рознаму. Я раю падарожнічаць сёлета па Бацькаўшчыне, наведваючы музеі Вялікай Айчыннай вайны. Музеі - гэта не проста ўстановы культуры, гэта храмы ўсенароднай Памяці. Для нас і пра нас, для сучаснікаў і нашых нашчадкаў…

Прыязджаючы ў любы горад, я перш за ўсё імкнуся наведаць мясцовыя музеі. Чаму? У іх засяроджана і манументальна захавалася сама гісторыя старонкі, краю, рэгіёна. Гэта ўнікальныя энцыклапедыі рэгіёна: у іх нібы спынілася і адначасова жыве само дыханне часу.
Асаблівы гонар, патрыятызм адчуваеш у ваенным музеі. І як добра, што залы, пакоі, экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай, ёсць літаральна ва ўсіх гісторыка-патрыятычных музеях Беларусі. Больш таго, ваеннныя экспазіцыі адкрыты ў многіх школах. Не можа не радаваць, што там экскурсіі праводзяць юныя экскурсаводы. У такіх музеях Айчыны жыве праўда гісторыі, у адрозненне ад гісторыі ЗША і Еўропы - фэйкавай і ілжывай, дзе перапісваецца гісторыя Другой сусветнай, руйнуюцца помнікі героям.
У музеях Беларусі мы бачым бясцэнныя рарытэты, знаёмімся з хронікамі гародоў, пасёлкаў і вёсачак. Тут захоўваюцца ўспаміны салдат, партызанаў і падпольшчыкаў, вязняў лагераў... Перад наведвальнікамі паўстаюць як драмы асабных жыццяў, так і трагедыя ўсяго беларускага народа. Тут мы знаёмімся з тымі маленькімі перамогамі, з якіх і складалася Вялікая Перамога. І як добра, што кожны рэгіён Бацькаўшчыны захоўвае гэтую святую Памяць. Як самыя дарагія госці тут сёння і апошнія ветэраны Вялікай Айчыннай, якіх, на жаль, з кожным годам усё менш і менш…

Я раю кожнаму пры наведванні ваенных музеяў сур'ёзна знаёміцца з калекцыямі, прыводзіць сюды сваіх дзяцей і унукаў. Нам, беларусам, ні на хвіліну нельга забываць, што ў гады вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара - загінулі каля 3 мільёнаў чалавек, у тым ліку амаль 50 тысяч партызан і падпольшчыкаў.
На тэрыторыі краіны дзейнічалі 250 лагераў смерці, сярод якіх сумна вядомы "Трасцянец"- адзін з буйнейшых пасля "Асвенцыма", "Майданэка"… І бывае часам горка ад таго, што моладзь абыходзіць бокам гэтыя святыя мясціны, нават не ведае пра існаванне такіх музеяў.
У горадзе над Дзвіной добра вядомы Віцебскі музей Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова. Адкрыты музей 5 ліпеня 1969 г. У музеі мы даведваемся пра дзіцячыя і юнацкія гады М. П. Шмырова, яго жыццё, пра арганізацыю і пашырэнне партызанскага руху, стварэнне 1-й Беларускай партызанскай брыгады, пра стварэнне на яе базе новых фарміраванняў (брыгады імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола і 1-й Віцебскай партызанскай брыгады). У музеі захоўваюцца матэрыялы пра вызваленне Віцебска (26.06.1944 г.) у выніку аперацыі "Баграціён".
Нядаўна мне пашчасціла пабываць у Гомельскім музеі ваеннай славы, які быў створаны 16 лютага 2004 г. Шматлікія экспанаты тут адлюстроўваюць ваенную гісторыю Гомельшчыны. Так, з раздзела "Вялікая Айчынная вайна" мы даведваемся пра пачатак вайны, мабілізацыю, эвакуацыю, пераход прадпрыемстваў на выпуск ваеннай прадукцыі, фарміраванне палка народнага апалчэння, контрнаступленне войск 21-й арміі, абарону Гомельшчыны войскамі Цэнтральнага фронта ў жніўні 1941 г., акупацыйны рэжым на тэрыторыі Гомельскай і Палескай абласцей, партызанскі і падпольны рух, вызваленне Гомельшчыны, заключны этап вайны. У музеі пастаянна арганізуюцца зменныя выстаўкі, чытаюцца лекцыі з паказам кінахронікі, праводзяцца патрыятычныя акцыі, навукова-практычныя канферэнцыі, семінары. Гэта векапомны цэнтр патрыятычнага выхавання.
Завіталі мы з сябрамі і ў Музей бітвы за Днепр, што быў адкрыты ў Лоеве 9 мая 1985 года ў гонар 40-годдзя Вялікай Перамогі. Разам з пляцоўкай баявой тэхнікі на беразе Дняпра ён стаў мемарыяльным помнікам удзельнікам Дняпроўскай аперацыі. Тут мы даведаліся пра фарсіраванне Дняпра на Гомельшчыне, што паклала пачатак вызваленню Беларусі, пра партызанскі рух.
23 верасня 1943 года часці 13-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Н.П.Пухава фарсіравалі Днепр і вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі Камарын. 27 верасня войскі 61-й арміі генерал-лейтэнанта П.А.Бялова фарсіравалі Днепр на ўчастку Глушэц-Дзяражычы, паклаўшы пачатак вызваленню Лоеўшчыны. Салдаты роты пад камандаваннем лейтэнанта М.М.Магерамава першымі пераправіліся праз Днепр і, адбіваючы контратакі ворага, утрымлівалі плацдарм. За гераізм і мужнасць сямнаццаць байцоў роты былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Імя генерал-лейтэнанта П.І.Батава назаўсёды ўпісана ў гісторыю Лоеўшчыны. 15 кастрычніка 1943 года войскі 65-й арміі пад яго камандаваннем фарсіравалі Днепр на ўчастку Лоеў-Радуль і вызвалілі Лоеў. Небывалую адвагу праявіў дэсантны батальён пад камандаваннем маёра В.Ф.Несцерава. 22 байцы батальёна былі адзначаны залатой зоркай Героя.

Мне пашчасціла тройчы наведаць Музей абароны Брэсцкай крэпасці, які быў адкрыты 8 лістапада 1956 г. У фондах музея захоўваюцца ўнікальныя прадметы з раскопак, асабістыя рэчы, якія належалі абаронцам крэпасці. Мы не можам не ганарыцца гераізмам воінаў Брэсцкага гарнізона. Уражвае будзільнік, што быў знойдзены ў час раскопак на Цярэспальскім умацаванні крэпасці ў 1956 г. Яго стрэлкі змоўклі без некалькіх мінут 4 гадзіны, зафіксаваўшы пачатак вайны.

Бадай, галоўнае ў экспазіцыі - гераічная абарона Брэсцкай крэпасці: баі на Цярэспальскім і Валынскім умацаваннях, абарона Кобрынскага ўмацавання. Дарэчы, у час службы ў Савецкай Арміі прысягу мне давялося прымаць менавіта ў Брэсцкай крэпасці.

У музеі вам абавязкова раскажуць і пра чалавека, які адкрыў для шырокай грамадскасці герояў крэпасці. Гэта пісьменнік Сяргей Смірноў. У жніўні 1954 г. ён упершыню пасля вайны прыехаў у Брэст з некалькімі абаронцамі крэпасці. Ён напісаў нарыс "Крэпасць над Бугам", шэраг артыкулаў аб воінах Цытадэлі, надрукаваных у 1955 г. у часопісах і газетах. У 1956 г. выходзяць асобнымі кніжкамі "Крэпасць на граніцы" і "Крэпасць над Бугам". У 1964 г. С. Смірноў скончыў работу над рукапісам кнігі "Брэсцкая крэпасць".
У Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны я пабываў ужо чатыры разы. Яшчэ ў лістападзе 1942 г. ў ваеннай Маскве разгарнулася экспазіцыя пад назвай "Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай". Яна працавала да жніўня 1944 г., пакуль не пераехала ў вызвалены Мінск.
У разрабаванай сталіцы музей атрымаў адзін з нямногіх уцалелых будынкаў у самым цэнтры горада, і ўжо 22 кастрычніка 1944 года быў адкрыты. Сёння гэта адзін з найбуйнейшых ваенных музеяў, адзін з самых важных нацыянальных цэнтраў патрыятычнага выхавання. Новы будынак музея быў пабудаваны ў 2010 -13 гг. і быў адкрыты 2 ліпеня 2014 года.
Адметна, што будынак складаецца з чатырох асноўных блокаў, якія сімвалізуюць чатыры гады вайны, чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь. Галоўны фасад выкананы ў выглядзе пераможнага салюту: за аснову быў узяты запіс салюту 1945 г. 11 ззяючых праменняў з нержавеючай сталі сімвалізуюць Вялікую Перамогу і адначасова нагадваюць аб 1100 трагічных днях і начах акупацыі Мінска…
Давайце і мы пройдзем дарогамі герояў, давайце разам падарожнічаць па ваенных музеях Бацькаўшчыны!

Канстанцін Карнялюк.

Читайте ещё:



Оставить комментарий