ivyenews.by

Якія таямніцы хаваюць крыніцы ў Навагрудскім раёне, або Як тыбецкі манах беларусу дапамог

Помнить, чтобы жить

Сапраўднае месца сілы схавана ў лясах Навагрудчыны.

Па Навагрудскім раёне працякае нямала рэк, ручаёў, тут знаходзіцца шмат азёр, вадасховішчаў, сажалак. Менавіта крыніцы даюць пачатак усім прыродным вадаёмам, сілкуюць іх і напаўняюць. Пра ўнікальную крыніцу з «жывой і мёртвай вадой» каля хутара паміж вёскамі Косічы і Старыя Ганчары гэтага раёна ходзяць легенды.

Непадалёк ад слыннага возера Свіцязь, паміж вёскамі Косічы і Старыя Ганчары, з-пад гары, на якой, паводле падання, некалі стаяў храм, прабіваюцца дзве крыніцы. Здаўна лічаць, што ў адной крыніцы жывая, а ў другой мёртвая вада, амаль як у чарадзейных казках. Памятаеце? Часам у казках яе прыносяць Арол, Сокал і Крумкач, якія сімвалізуюць град, гром і віхуру. Колькі былінных волатаў ды добрых малайцоў выратавала тая цудоўная вадзіца!

Каля крынічак людзі садзяць кветкі, тут абсталявана зона адпачынку з лаўкамі. Крыніцы закаваныя ў жалезабетонныя кольцы-студні з прасечанымі адтулінамі. Не так даўно студні схавалі ў бярвеністыя міні-хаткі са здымнымі дахамі. У адным так званая жывая вада, якая цурчыць, нібы спявае, у іншым — мёртвая, што цячэ «без эмоцый», спакойна.

Ручаі крыніц зліваюцца ў адзін і нясуць свае воды ў раку Ятранка. У снежні 2007 года крынічкі былі асвечаны ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага. Мясцовыя жыхары прайшлі тады хросным ходам ад царквы Святога Раства Багародзіцы вёскі Ятра да крыніц.

Падобныя крыніцы — з’ява досыць рэдкая, таму што тут патрабуецца выкананне шэрагу пэўных умоў. Па-першае, дзве крыніцы павінны быць побач, па-другое, яны мусяць адрознівацца складам і тэмпературай вады. Праўда, нягледзячы на візуальнае адрозненне выхадаў вады, якасць яе здавальняючая, яна мае прыблізна аднолькавы хімічны склад. Мясцовыя і вандроўныя паломнікі ўпэўненыя — вада ў абедзвюх крыніцах карысная, мае гаючую сілу.

Дарэчы, старажылы кажуць, што на ноч трэба піць ваду з крыніцы з мёртвай вадой, а раніцай — з жывой (хаця многія набіраюць ваду з дзвюх крыніц і змешваюць).

Навукоўцы таямніцу гэтай вады разгадалі даўно і назвалі яе актываванай. Яны сцвярджаюць, што ў жывой крыніцы светлая вада — каталіт, яна мае шчолачны склад і з’яўляецца біястымулятарам, павышае імунітэт і надае сілы. У мёртвай крыніцы вада з бурым налётам — аналіт, мае кіслае асяроддзе. Яна аказвае дэзынфікуючае ўздзеянне. Досвед народнай медыцыны мае мноства прыкладаў, калі мёртвая вада дапамагала ў лячэнні, выступала ў якасці антысептыку.

Крыніцы паблізу вёскі Косічы вядомыя з даўніх часоў, пра іх існуе шмат паданняў. Паводле аднаго з іх, крыніцы прабіліся, калі нейкі манах-пустэльнік грукнуў па гары посахам. Некаторыя ж сцвярджаюць, што вада гэта яшчэ з ледавіковага перыяду з-пад зямлі выцякае. Ёсць легенда, што глыбока пад зямлёй тут знаходзіцца скарб са срэбрам і золатам. Вада амывае яго і на паверхню выходзіць ачышчанай каштоўнымі металамі.

А яшчэ ходзяць чуткі, што мясцовым людзям пра існаванне крыніц з жывой і мёртвай вадой распавёў беларус, які калісьці жыў ў адным з манастыроў на Тыбеце. Ад свайго духоўнага настаўніка ён пачуў, што на зямлі існуе сем месцаў з жывой і мёртвай вадой і адно з іх знаходзіцца ў Беларусі на Навагрудчыне. Манах-беларус паехаў на радзіму і адшукаў крыніцы…

А зусім побач, за кінутым хутарам, сярод кустоўя арэшніку, пад старым вязам ляжыць яшчэ адзін важны артэфакт — камень жаданняў. Мала хто ведае, калі і як ён тут з’явіўся, але даўным-даўно павялося прасіць у гэтага каменя пра самае запаветнае і пакідаць нейкі падарунак. Напрыклад, манеты, якія можна ўбачыць на вяршыні каменнага купала, і стужачкі, павязаныя на галінках ляшчыны.

Як дабрацца?

Крыніцы знаходзяцца на ўсход ад дарогі з вёскі Косічы ў вёску Старыя Ганчары — у месцы яе плаўнага павароту з паўночна-ўсходняга на паўночна-заходні напрамак, каля хутара ў пералеску. Месца крыніцы дакладна пазначана на Google-картах. Можа, камусьці дапаможа кропка GPS, знятая з паркоўкі ў пары дзясяткаў метраў ад дарогі перад крыніцай: N53º27.404′ E25º48.477′.

Читайте ещё:



Оставить комментарий