ivyenews.by

Запрашаюць дамы… Апавяданне Антона Піліпчыка

АРТ. Литература/кино/театр/музыка/живопись

Пятро з дзвярэй заўважыў Зою. Яна пра нешта, відаць, вельмі смешнае, гэтак ўжо адмыслова мянташыла языком русявай дзяўчыне, што ў той ледзь ці не да вушэй раз'язджаўся рот, агаляючы белыя, бы першы снег, зубы. "Трэба ж! - усміхнуўся. - Усё роўна як дамаўляліся сустрэцца на дыскатэцы. Падысці і запрасіць Зою на вальс? Гучыць сентыментальны…

Музыка раптам як абарвалася. З узмацняльнікаў гуку па зале прахрыпела-пратрашчала:

- Хвілін пяць адпачнём!.. Потым - дамы запрашаюць кавалераў...

У прыгожа прыбраным памяшканні аддавала пахамі тытуню, алкаголю, дзявочай пекнаты і парфумы. Пятро падаўся на свежае паветра. Ад стоўпатварэння ля ўвахода прыняўся далей. У думках вярнуўся да Зоі. "А маглі мы і не знацца, каб дырэктар школы не даручыў мяне "закінуць" у сельвыканкам дзелавую паперку. Зоя таксама ішла туды. Павітаўшыся, без аніякай дыпламатыі сказала, што знае, хто я, а пра сябе адмалідавала: "Працую галоўным эканамістам у сельгаскааператыве". Аб тым-сім - хто адкуль родам, хто бацькі, дзе хто бываў, якое хобі і іншае - пабалталі, прагуляўшыся вечарам па мясцовых славутасцях. На развітанне ліхаманкава пацалавала ў шчаку і толькі бачыў яе".

З клуба па ваколіцы ўжо няслося: "Выбери меня, выбери меня, птица счастья завтрашнего дня!". Падхопліваемыя магутным разнагалоссем мелодыя, здавалася, зрушыць дах з несамавітага будынка…

…На плячо Пятра ззаду мякка лягла рука.

- Пётр Паўлавіч, а вы прыйшлі вартаваць установу культуры ці…? - зацвіла перад ім усмешкай Зоя. - Запрашаю ў круг!

- Ух!.. - уздрыгнуўся ад нечаканасці Пятро. - Я толькі што… Ну, адтуль…

- Я не бачыла...

- Ты вельмі эмацыянальна размаўляла…

- А, гэта - Вераніка. Разам працуем… Ітак, ідзём?

Зою прама з увахода як віхор падхапіў. Пятро абвёў вачыма танцораў. "Тут, пэўна ж, ёсць і нашы старшакласнікі. Калі і я дазволю сабе пакрыўляцца, то потым будзе…Ой!.." А ў зале запальна гоцалі ўсе. Адна Вераніка, звярнуў увагу Пятро, не шуструецца. "Баіцца, мабыць, за прычоску з прычолкам, - усміхнуўся. - А да яе, між іншым, такая стасуе…"

Зірнула на калегу і Зоя, падміргнула.

"Выбери меня, выбери меня…", здавалася, ніколі не скончыцца…

Зоя раптам схапіла Пятра за руку і пацягнула да… Веранікі.

- Патанцуйце, я зараз… - сказала і падалася да выхаду, дзе, як паспеў разгледзець Пятро, яе чакаў, абазначыўшы сябе ўзнятай высока рукою, ні то яшчэ зусім юнак, ні то ўжо і сярэдніх гадоў мужчына - чалавек быў з лёгкай няголенасцю твару, з мілым круглым жывоцікам.

"Бадзяга нейкі", - прыкінуў Пятро.

Зою "бадзяга" злёту згроб у ахапак і стаў ёй пра нешта бубнець на вуха, абое пасля імгненна растварыліся ў сутунеючай у праёме расчыненых насцеж дзвярэй вуліцы.

Вераніка танцавала гожа, у такт музыкі. Пластыка рухаў ейнага цела Пятра заварожвала. Ён стараўся патрапляць.

Музыка нарэшце сціхла. Пятро правёў дзяўчыну да аблюбаванага ёю месца, досыць арыгі- нальна падзякаваў - прыклаў правую руку да грудзей, хітнуў галавою, адвёўшы на насок крыху назад правую нагу.

- Ну, а я… Я… Натанцаваўся, хіба. Адчальваю… Дамоў… - зляцела з ягоных вуснаў.

- А, і я таксама… - прамовіла са спачуваннем у голасе і Вераніка. І прапанавала рашуча: - А, дазвольце, я вас правяду... Мы па адной вуліцы, дарэчы, пражываем.

- Ну?!.. - і разгубіўся, і здзівіўся Пятро пачутаму ад Веранікі, адказаў жартам: - Я прыйшоў да высновы, што па нашым часе лепш будзе танцаваць… дыстанцыйна.

- Бадай, так, - з мяккай усмешкай, якой толькі яна можа быць такою, падтрымала Вераніка і дадала: - Мне грэшным чынам падалося: а на гэтыя танцы папрыходзілі ў асноўным… краманьёнцы і неандэртальцы, дваццаць першага стагоддзя толькі... Па экіпіроўцы сваёй…

- А праўда… - разрагатаўся Пятро.

Апынуўшыся на дварэ, Пятро найперш пашворыў туды-сюды вачыма. Вераніка здагадалася: "Спадзяецца ўбачыць Зою. Лаві, інтэлігенцік, вецер у полі! - усміхнулася. - Тая зараз недзе ад шчасця на сёмым небе лунае - "прапажа" знайшлася ж!".

Воблік Зоі сапраўды не выходзіў з галавы Пятра. "Кім жа ён, бадзяга, прыходз

іцца ёй, калі так стрымгалоў кінулася?.. Сваяк, каханак?", - нецярпелася дазнацца.

- А… Зоя сказала, што вы разам працуеце… - вырвалася з Пятра да праважатай.

Утаропіўшыся вачамі ў твар Пятра Вераніка адказала:

- Яна - мой начальнік, а я - проста эканаміст…

- Думаю, і вучыліся вы разам?

- Зоя тры гады, як скончыла эканамічны… А я - на апошнім курсе, завочна вучуся... Дарэчы, Пётр Паўлавіч, я ўжо ля свайго дома… - Вераніка паказала рукой на цагляны домік, - Вакно вунь свеціцца, матуля чакае… Ну, усяго вам добрага! Моцнага, салодкага сну!..

- Дабранач, Вераніка! Дзякуй за кампанію, прыемна было з вамі танцаваць…

- А!.. - спахапілася Вераніка, - Пётр Паўлавіч! У мяне да вас невялічкая справа…

- Калі ласка! Я ўвесь увага…

- На тыдні мне адсылаць курсавую. Усе заданні я выканала, думаю, правільна, але…

- Зразумеў, праверыць, значыцца, трэба. Аднак… Магчымасць пабыць "свежым вокам" паявіцца ў мяне толькі аж паслязаўтра. З дзевяці да адзінаццаці. І буду я ў школе.

- Якраз добра. Ідучы на работу і забягу... Не супраць?..

- Канешне, не. І пастараюся сустрэць… Ну, да пабачэння?

Вераніка з мілай і ласкавай усмешкай працягнула Пятру на развітанне руку. Ён адказаў моцным сяброўскім поціскам.

"А пра "бадзягу", увёўшага з дыскатэкі Зою, на што я правакаваў, Вераніка сціпла прамаўчала, - пашкадаваў Пятро, бяручы накірунак да настаўніцкага інтэрната, дзе яму дастаўся ўтульны, з відам на маляўнічае ўлонне, пакойчык. - Магчыма, яна нічога і не ведае… Зоя... Круць-верць нейкая… А вось Вераніка!.. Нават у нешматлікіх словах, што сыпала мне на хаду, адчулася стрыманая, шчырая. Голас - цёплы, мяккі, ласкавы. Не тое што ў ейнай каляжанкі - уладны, траскучы, як у сарокі-балаболкі… Ладна, дажыць бы да аўторка, мужна перабыўшы, канешне, цяжкі панядзелак. Гэта ж аж цэлых шэсць урокаў правесці!.. Яшчэ, каб хоць рабяты цвёрда засвойвалі тэмы. А то паўтыкаюць насы ў смартфоны і ты ім хоць што жочаш… Як, дарэчы, і на танцах-шманцах… На каго ні зірнеш - у телеграмканале прападае. Адна Вераніка ды я, хіба, танчылі без тэлефона ў руцэ... Да месца пра сучасных краманьёнцаў і неандэртальцў яна сказанула…"

…У аўторак Пятру ўжо ад самай шарай гадзіны сну не было. І аб сваёй знешнасці ён ніколі так не клапаціўся. А, адыходзячы ў школу, перад люстэркам крутнуўся не адзін і не два разы - надта ж хацелася прадстаць перад Веранікай зграбным.

Вераніка доўга чакаць не прымусіла. Грацыёзная яе постаць лябёдкай падплыла да самага яго настолькі блізка, што аж ўсяго абдало ейным душагрэйным цяплом і гулкім бухканнем расхваляванага маладога дзявочага сэрца.

- Тут будзеце глядзець ці?.. - спытала адным дыхам, чырванеючы.

- Свабодных памяшканняў зараз, відаць, не адшукаем. У вестыбюлі на падаконніку, хіба?..

- А ўсё роўна…

Пятро, узяўшы ў рукі альбом з надпісам "Курсавая работа", зыркнуўшы на Вераніку, нетаропка ялейна прамовіў:

- Я ўпэўнены, што тут усё як належыць. Мяркую, і Зоя кансультантам была…

Пра Зою Пятро зноў узгадаў спецыяльна. Хацелася хоць што пачуць і пра "выкрадальніка" ягонай дамы, і… Зоя, ну, пэўна ж, падзялілася ўражаннем аб "флірце" з настаўнікам-матэматыкам.

Аб нечаканай-негаданай сустрэчы з Пятром Зоя і сапраўды не таілася. "Гэта ж, мабыць, сам лёс распарадзіўся, - казала - каб мы адзін аднаму напаткаліся. Значыць, адтуль, з вышы, мне даецца шанц… Адрокся мяне Віцёк, то мужам стане Пятрок. Не ўпушчу яго, не! Прыгажун, разумнік, лішняга слова не аброніць. Інтэлігент сапраўдны!".

- Не абышлося, канешне, і без дапамогі Зоі, - прызналася Вераніка. - Але… Львіную долю заданняў я лёгка адалела самастойна... Ды… Зоі і не да мяне. Яна вось і ўчора толькі і знала, што пахвалялася: "Замуж, дзеванькі, усё-такі за Віцьку выходжу!"…

- Гэта за таго, што на дыскатэцы…?

- А за каго ж яшчэ?

- А хто ён такі, што за птах?

- Працаваў галоўным аграномам у нашай гаспадарцы… Сябравалі яны - не разальеш вадою. Ды раптам жанішок Зоін як у ваду кануў... Год аб ім ні слыху, ні дыху не было. Зараз, кажа Зоя, старшынёй сельгаскааператыва

ў суседнім раёне працуе. І яе да сябе пераманьвае…

- Што ж, як гаворыцца, любоў ды лад ім! - добразычліва ўсміхнуўся Пятро, але па твары было бачна: выціснуў ён з сябе цераз сілу.

- Ага, поўнага сямейнага шчасця ім! - падтрымала Вераніка.

Далей Пятро старонку за старонкай курсавой работы перагортваў, ківаючы толькі галавою. Нарэшце зычна агучыў уражанне:

- Оў, каб ад мяне патрабавалася вырашыць, колькі балаў заслугоўвае гэта пісьмовая праца студэнткі-завочніцы Веранікі… - Пятро стаў шукаць, дзе пазначана прозвішча аўтара курсавой работы.

- … Крэмневай, - падказала Вераніка.

- Ну, а я - Жалязнёў… Будзьма знаёмы!..

- Будзьма! - выпаліла з усмехам Вераніка.

- Ітак: Веранікі Крэмневай, то не вагаўся б паставіць самы высокі, ды яшчэ з плюсам. Што тычыцца матэматычнага складніка, то і камар носа не падточыць. Ды і астатняе ўсё на належным навукова-тэарэтычным узроўні…

- Дзякуй, Пётр Паўлавіч!.. А завочніца я, дарэчы, усяго з чацвёртага курса…

- А што ж змусіла перавесціся?

- Лепш не пытайце... - уздыхнула цяжка Вераніка. - Раптоўна, гвалтоўна ў нашу сям'ю ўварвалася страшная бяда. Два гады таму тата і брат ў аўтакатастрофе загінулі… На ўласнай легкавушцы спяшаліся на работу, занесла іх… Мама наперажывалася і стала хварэць…

- Разумею. Прабач, Вераніка, спачуваю… Шчыра спачуваю…

Вераніка, паморгаўшы вільготнымі вачыма, упаўшым голасам прадоўжыла:

- Ну, а за станоўчую ацэнку маёй курсавой, сапраўды, шчыры дзякуй!.. Я пайшла?.. Да пабачэння на чарговай дыскатэцы?..

Пятро выказаў згоду кіўком галавы і цёплаю ўсмешкай. Вераніка - адабрэннем намеру кавалера лагоднай мімікай на твары і сяброўскім развітальным "па-па!" прыўзнятай свабоднай рукою.

- Ой!.. - спахапілася раптам Вераніка. - Пётр Паўлавіч! А я маю нешта яшчэ вам сказаць, і не толькі ад сябе…

- Уважліва слухаю! - напругся Пятро. Чакаў, Вераніка штось важнае ад Зоі перакажа.

- Я і мама запрашаем на "вячоркі" да нас… - прамовіла дрыготкім голасам Вераніка.

Пятро зіркнуў на дзяўчыну са здзіўленнем, выразныя ягоныя бровы на хвілю сышліся. Пачаў роздумна-усхвалявана:

- А я, Вераніка, і… і прыду! Абяцаю. Жалезна… Вось толькі калі канкрэтна - адразу не скажу… Што ні дзень - урокаў пад завязку… А вечарамі ратунку няма ад планаў-канспектаў, а… А яшчэ і ўсялякія справаздачы, аналізы сачыняць трэба, сшыткі правяраць… Мусіш пагартаць і літаратуру... Настаўнік перастае быць настаўнікам, калі сам не вучыцца…

- Мы кожны вечар чакаць будзем! - ва ўмольным тоне прагучала з вуснаў Веранікі. Душа Пятра стала напаўняцца настоеным на неймавернай сіле поклічаў і памкненняў цудоўнай пары чалавечага жыцця - маладосці - святлом. Ён сябе ледзь стрымаў, каб ліхаманкава не наблізіцца да Веранікі, як да яго ў першы і адзіны іх вечар падбегла Зоя, і гэтак сама прагна крануцца вуснамі твару, прыгажосць якога яму пэўна ўжо не ўдасца забыць а хоць ці калі-небудзь...

Антон ПІЛІПЧЫК.

Читайте ещё:



Оставить комментарий