Дзмітрый Пятровіч
“Белая Жанчына”
У новы зборнік Дзмітрыя Пятровіча ўваходзяць аповесці, апавяданні, эсэ, якія раней былі апублікаваны ў часопісах і газетах і атрымалі станоўчую ацэнку крытыкі і чытачоў.
Містычна-прыгодніцкая аповесць “Белая Жанчына” напісана на выключна новым для беларускай прозы матэрыяле пра спелеолагаў. Як вядома, гэта людзі, апантаныя даследаваннем пячор.
Кніга разлічана на шырокае кола чытачоў.
Міледзій Кукуць
“На сёмым небе”
У кнігу Міледзія Кукуця ўвайшлі творы, напоўненыя верай, надзеяй, каханнем і любоўю. Аўтар шчыры ў сваіх пачуццях, і таму створаныя ім вобразы ўспрымаюцца як рэальныя.
У апавяданнях узнімаюцца вострыя праблемы сучаснасці. Невялікія апавяданні, напоўненыя пачуццямі, чытаюцца на адным дыханні.
Георгій Марчук
“Сава Дым і яго жанчыны”
Кнігу прозы вядомага пісьменніка Георгія Марчука склалі тры раманы, якія адлюстроўваюць жыццё беларусаў у горадзе, у мястэчку, у вёсцы.
Герой рамана “Сава Дым і яго жанчыны”, апынуўшыся ў горадзе, паддаўся спакусе жыць выключна для ўласнай асалоды, губляючы маральныя якасці.
“Кветкі правінцыі” раман з элементамі дэтэктыўных матываў: малады чалавек, які пачынае самастойнае жыццё, мусіць даследаваць прычыны самагубства маці.
Раман “Паляшук” апавядае пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які застаўся адзін на ўсю вёску, у якую прыязджаюць шукаць сэнс жыцця турысты розных прафесій.
Анатоль Андрэеў
“Эфект лотаса”
Аўтара перш за ўсё цікавяць тэмы, звязаныя з прыродай чалавека, многія аспекты якой часта ўспрымаюцца як табуіраваныя…
Адносіны паміж мужчынам і жанчынай, ціск соцыуму на чалавека - вось асноўныя матыўна-тэматычныя блокі кнігі.
Андрэеў не здраджвае сабе: гульнёвы пачатак, арганічна звязаны з інтэлектуальным, вызначае стыль не толькі яго раманаў, але і малой празаічнай формы.
Алёна Беланожка “Чамадан з кракадзілавай скуры”
Гэта захапляльная аповесць з сучасным і сапраўды “галівудскім” сюжэтам.
Перад галоўнай гераіняй, маладой жанчынай з дзёрзкім характарам, стаіць амаль што недасягальная мэта даведацца, каму спатрэбілася выкрасці яе, а пасля, нечакана для самой сябе, выратаваць свет. Усё гэта не можа адбыцца без дапамогі цэлай каманды хлопцаў і дзяўчат, якія, натхнёныя энергічнасцю сваёй сяброўкі, заўсёды гатовы пускацца ў самыя неверагодныя авантуры… Але ніякія прыгоды не адбыліся б, каб не дзіцячая мара галоўнай гераіні аб вялікім чамадане з кракадзілавай скуры...
Аповесць адрасавана маладзёжнай аўдыторыі.
Аддзел бібліятэчнага маркетынга Іўеўскай раённай бібліятэкі.