План разгрому нямецка-фашысцкіх армій "Цэнтр" увайшоў у гісторыю пад назвай "Баграціён". 6 ліпеня 1944 года войскі 32-й Смаленскай Чырвонасцяжнай кавалерыйскай дывізіі 3-га кавалерыйскага корпуса 3-га Беларускага фронту выйшлі на рубяжы Іўеўскага раёна. Камандаваў корпусам генерал-лейтэнант М.С. Аслікоўскі.
Мястэчка Іўе было вызвалена ад фашысцкіх акупантаў 7 ліпеня.
Але частка раёна на захад ад ракі Гаўя знаходзілася ў руках фашыстаў.
У 11 гадзін 8 ліпеня пачалася артылерыйская дуэль паміж наступаючымі войскамі Чырвонай арміі і абараняючыміся немцамі. Праз 2 - 2,5 гадзіны супраціўленне фашыстаў было зломлена.
Коннікі Аслікоўскага з раёна Сонтак Ліпнішкаўскіх фарсіравалі ўброд рэчку Жыжму і з ходу знішчалі нямецкія агнявыя кропкі.
Каля 14 гадзін немцы спрабавалі спыніць нашыя часці ў раёне в. Бялундзі, але савецкія артылерысты знішчылі трапным агнем кулямётную кропку , якая знаходзілася каля лесу Лысая гара. Уступілі адразу ж у дзеянне слаўныя "кацюшы". Так дарога на Ліду была адкрыта.
Адначасова адбыліся сутычкі паміж часцямі Чырвонай арміі і немцамі на шашы з Ліпнішак у напрамку на Ліду. Немцы ноччу 8 ліпеня ў 2 гадзіны ўзарвалі чыгуначныя і шашэйныя масты на рэчках Гаўя і Жыжма.Таму нашым наступаючым часцям прыйшлося вельмі цяжка. Немцы ператварылі Жыжэмскую царкву, званіцу і крэпасць і некалькі гадзін утрымлівалі гэтыя пазіцыі, нягледзячы на тое, што з боку в. Сцігане савецкія артылерысты ў царкву папалі двойчы.
Затым немцы за могілкамі пакінулі артылерыйскі разлік, які прыкрываў адыходзячыя нямецкія часці.
Нашым коннікам удалося хутка зламаць супраціўленне немцаў, як вядома, не без дапамогі ўласаўцаў. Калі пачалася артылерыйская і кулямётная дуэль, то з боку лесу Лысая гара прыйшла да сялян група (чалавек 15-16) уласаўцаў са зброяй. Яны хацелі здацца ў палон рэгулярным часцям савецкіх войскаў. Такім чынам, яны агалілі значны ўчастак абароны.
За гады акупацыі фашысты знішчылі ў Іўеўскім раёне ўсе прамысловыя прадпрыемствы, машынна-трактарную станцыю, тры бальніцы, тры медпункты, спалілі 9 школ і 1637 жылых дамоў.
За гады акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў раёне 2621 чалавека.
З успамінаў коннагвардзейца С.Е. Уласенкі:
- Да канца дня 7 ліпеня выйшлі да ракі Гаўя, якая прыкрывала подступы да г. Ліда. Коннагвардзейцы з ходу фарсіравалі раку Гаўя. У гэты час перад часцямі 5-й гв.кавалерыйскай дывізіі на рубяжы Трабы-Юрацішкі ўздоўж шашы аказаліся 2 батальёны немцаў, узмоцненыя танкамі. Авалодаўшы станцыяй Юрацішкі, дывізія выйшла да ракі і захапіла пераправу. У гэты час 32-я кавалерыйская дывізія з баямі авалодала м. Юрацішкі, а пасля вулічных баёў захапіла м. Іўе і да канца дня выйшла таксама да ракі Гаўя.. Задача была выканана паспяхова.
З успамінаў былога воіна 32-й Смаленскай Чырвонасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава кавалерыйскай дывізіі:
- Помню бой ў м.Трабы. Немцы спрабавалі атакаваць з засады 21-ы полк нашай 32-й дывізіі.
Гэта было ў першай палове дня 7 ліпеня. Але фашысты пралічыліся. З ходу ў бой уступіла 1-я рота 1679-га артылерыйскага палка. Батарэяй камандаваў капітан Мікалай Палавенка. Артылерысты вялі агонь па танках ворага, а нашы мінамётчыкі знішчалі пяхоту праціўніка. Камандаваў мінамётчыкамі старшы лейтэнант Яцук.
Немцы ўцяклі, але з паражэннем не прымірыліся. Спрабавалі атакаваць 65-ы кавалерыйскі полк. Але таксама беспаспяхова. У гэтым баі вызначыўся разлік процітанкавай гарматы, якім камандаваў старшы сяржант Міхаіл Наскоў.
Днем 7 ліпеня часці нашай 32-й кавалерыйскай дывізіі авалодалі чыгуначнай станцыяй Юрацішкі. Закрасіўшы германскія крыжы і на іх месцы намаляваўшы чырвоныя зоркі, танкісты 207-га танкавага палка працягвалі граміць фашыстаў на іх жа танках.
У канцы дня 7 ліпеня часці нашай дывізіі авалодалі Іўем і выйшлі да ракі Гаўя.
З успамінаў генерал-маёра Героя Савецкага Саюза П.П. Брыкеля:
- 7 ліпеня наша дывізія сустрэла ўпартае супраціўленне праціўніка сілай у 2 пяхотныя палкі, падтрыманыя 16 танкамі і 8 самаходнымі гарматамі на рубяжы м. Трабы. Дывізія галоўнымі сіламі абышла праціўніка з поўдня і, падмяўшы яго заслоны на флангах, да вечара 7 ліпеня выйшла да ракі Гаўя.
Ударам часцей дывізіі былі разгромлены 2 батальёны праціўніка, умацаваныя танкамі, якія абаранялі шашу Трабы-Юрацішкі. Затым дывізія авалодала чыгуначнай станцыяй Юрацішкі. 32-я гвардзейская кавалерыйская дывізія, пасля вулічных баёў, авалодала м. Іўе і затым сумесна з нашай дывізіяй - м. Юрацішкі.
У час вызвалення Іўеўшчыны вызначыліся генерал-лейтэнант Герой Савецкага Саюза М.С. Аслікоўскі, генерал-маёр Герой Савецкага Саюза П.П. Брыкель, палкоўнік Герой Савецкага Саюза М.А. Фірсаў, намеснік камандзіра 36-й кавалерыйскай дывізіі І.П. Калюжны, камандзір мінамётнага ддзялення, памочнік камандзіра ўзвода 5-га кавалерыйскага палка 9-й Крымскай кавалерыйскай дывізіі, ад'ютант камандзіра 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, афіцэр сувязі штаба корпуса Д.А. Мякушаў, камандзір эскадрона 28-га гвардзейскага кавалерыйскага палка 6-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі Я.М. Навумаў, камандзір 168-га стралковага палка, 24-й Самара-Ульянаўскай Жалезнай дывізіі, камандзір 79-й стралковай і 1-й гвардзейскай дывізій С.І. Партноў, начальнік штаба 3-й, а пазней - 5-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі М.С. Чапуркін.
Па матэрыялах кнігі “Памяць” падрыхтавала Ірына ХАЛЯВА.