ivyenews.by

“Памятаць, каб жыць”. Адкрыты дыялог у рамках абласной акцыі “Свечка памяці” прайшоў у Трабскім я/с-СШ

Помнить, чтобы жить

Адкрыты дыялог “Памятаць, каб жыць” у рамках абласной акцыі “Свечка памяці”, прысвечанай Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакоста, і згодна з планам інавацыйнай дзейнасці прайшоў 24 студзеня 2022 года для вучняў 9-11 класаў Дзяржаўнай установы адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс Трабскі яслі-сад – сярэдняя школа”.

Дыялог падлеткі распачалі са знаёмства з мемарыялам “Свечка памяці”, які ўсталяваны амаль у самым цэнтры Іерусаліма, у парку Ган Сакер. Манумент увекавечвае памяць ленінградцаў-блакаднікаў і яўрэяў, якія прайшлі праз Халакост. На мануменце – два галоўныя сімвалы. З аднаго боку Петрапаўлаўскі сабор і Медны вершнік у варожым прыцэле – сімвал блакады, з другога – менора і Зорка Давіда, ахутаная калючым дротам – сімвал Халакоста.

Гэта трагічнае супадзенне. 27 студзеня – журботная і памятная дата для жыхароў Пецярбурга і Ізраіля. У гэты дзень на святой Зямлі ўспамінаюць ахвяры Халакоста, а ў горадзе на Няве адзначаюць Дзень поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады.

На стале пяць вялікіх свечак. Раней, у ваенны час, каб ушанаваць памяць загінуўшых людзей і дапамагчы іх душам здабыць супакой, людзі запальвалі свечкі і ставілі на вакно.

У памяць аб кім будуць запалены свечкі сёння?

Некалькі хвілін відэафільма аб планамерным знішчэнні нацыстамі ўсіх тых, каго яны лічылі ніжэйшымі расамі і не вартымі права на жыццё, – і падлеткі адчуваюць усю трагічную сутнасць слова “Халакост”. І першая свечка запальваецца вучнямі ў памяць аб усіх ахвярах Халакоста.

Насельніцтва аг. Трабы да вайны на 50% складалася з яўрэяў. Падчас вайны ўсе былі вывезены ў Іўеўскае гета і расстраляны ў лесе каля вёскі Стоневічы. Цудам засталася жывая маленькая дзяўчынка – Эстэр Левін, якую схавалі мясцовыя жыхары Іўя. Яна як жывы напамін аб тых страшных днях. У памяць усіх загінуўшых жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці в.Трабы запальваецца другая свечка.

Дзеці Халакоста. Яны так хацелі жыць і радавацца сонцу, як і ўсе іх аднагодкі цяпер. Дзяўчынка з зіхоткімі вачыма і чароўнай усмешкай. Ганна Франк. Гэтай дзяўчынцы магло б быць сёння 90 гадоў. Магло б... У красавіку 1945 года Ганна Франк, аўтар знакамітага дзённіка пра яўрэйскае сховішча ў Амстэрдаме, памерла ў канцлагеры. Да вызвалення брытанскімі войскамі заставалася нейкія два-тры тыдні. І трэцяя свечка запальваецца ў памяць Ганны Франк.

27 студзеня. Дзень зняцця блакады Ленінграда. Вучні адзначылі, што наўрад ці ў гісторыі можна знайсці прыклад такой вытрымкі, якую праявілі на працягу такога доўгага часу ленінградцы. Іх подзвіг будзе запісаны навечна ў гісторыю. Бязмежны смутак аб загінуўшых у блакаду. У памяць усіх, хто не змог перажыць цяжкія дні блакады запальваецца чацвёртая свечка.

Дзённік Ленінградскай школьніцы Тані Савічавай вядомы ўсяму свету. Таня пачала весці яго ў блакадным Ленінградзе. Гэта быў нават не дзённік – 11-гадовая дзяўчынка не вяла штодзённых запісаў. Яна проста пісала пра смерць сваёй сям'і. І пятая свечка запальваецца ў памяць аб маленькай дзяўчынцы Тані Савічавай, якой не наканавана было перажыць вайну. Але памяць аб ёй жывая і сёння.

У даніну вечнай павагі і падзякі, вечнага смутку і памяці аб'яўляецца хвіліна маўчання.

У заключэнні гучыць відэакліп Лізаветы Зіноўевай – “Дзеці Ленінграда”. Прысутныя запальваюць маленькія свечкі і дзеляцца сваімі ўражаннямі, думкамі і эмоцыямі. Вучні ўсвядомілі, адчулі ўсю трагічную сутнасць слова “Халакост” і ўпэўнена казалі, што падлеткі і моладзь не павінны пра гэта забываць, а веды свае абавязаны перадаваць наступным пакаленням. Яны павінны ведаць праўду і быць у ёй перакананы.

Махнач Рамуальда Станіславаўна, класны кіраўнік 10 класа Дзяржаўнай установы адукацыі  “Навучальна-педагагічны комплекс Трабскі яслі-сад – сярэдняя школа”.

Читайте ещё:



Оставить комментарий