Усе ў нашым раёне (і не толькі) ведаюць Уладзіміра Аляксандравіча Баўма, які з 1954 па 1989 год узначальваў калгас імя ХХІІ партз'езда (да 1961 года - калгас "Стаханавец"). Дзякуючы мудраму кіраўніцтву квітнела гаспадарка. Аддаючы зямлі сваю любоў, не шкадуючы фізічных сіл, працавалі людзі і атрымлівалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Напрыклад, жывёлавод В.О. Калясінскі - ордэн Леніна, звеннявая Г.С. Міхалькевіч - ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі, заатэхнік В.Я. Барабан - ордэн Дружбы народаў. Больш трыццаці ардэнаносцаў было ў калгасе ў савецкія часы. Шмат. Але і было за што ўзнагароджваць.
Першымі ў Іўеўскім раёне геранёнцы электрыфікавалі прамысловыя аб'екты і населеныя пункты свайго рэгіёну. Першымі ўвялі аўтапаілкі ў кароўніках. Першыя перайшлі на механізаваныя звенні на шляху да канечнай прадукцыі. Укаранілі севазвароты. Склалі карты глебы. Уводзілі новыя гатункі зерневых, бульбы. Быў пабудаваны шэраг аб'ектаў, буйнейшым з якіх стаў свінагадоўчы комплекс.
Каб не падаў узровень грунтовых вод, былі створаны сажалкі ля вёсак Кузьмічы і Дайнава. Пачалі заводзіць больш традыцыйную чорна-стракатую жывёлу. Быў пабудаваны першы ў вобласці машынны двор.
Прыгажэла цэнтральная сядзіба калгаса - вёска Геранёны. На плошчы выраслі новы Палац культуры з глядзельнай залай на 450 месц, Дом быта, адміністрацыйны будынак, урачэбная амбулаторыя, гандлёвы цэнтр, сярэдняя школа, вуліца Школьная з двухпавярховымі дамамі, вуліца 40 год Перамогі - з двух-трох-чатырох-павярховымі дамамі, вуліца Маладзёжная. (Усяго ў Геранёнах 18 вуліц). З'явіліся дзіцячыя атракцыёны: арэлі, віражныя самалёты, "чортава кола", парашутная вышка. Газапровад працягнуўся больш чым на 50 км. На сродкі гаспадаркі ў 1982 годзе ўзведзена стэла-помнік Невядомаму салдату (аўтар - архітэктар Л.М. Левін). Пабудавана радыё-рэтрасляцыйная станцыя. Адкрыты цэх тавараў шырокага спажывання. Пабудавана цяпліца на 1 га, лабараторыя бязвіруснага вырошчвання бульбы. І гэты пералік можна працягваць яшчэ доўга.
Вялікія грошы прыносіў гаспадарцы лён, бо кожныя гады былі добрыя ўраджаі гэтай культуры. У сярэднім па 8 цэнтнераў валакна і па 9 цэнтнераў льносемя з гектара.
Усю душу ўкладвала ў калгасную вытворчасць звеннявая льнаводчага звяна "Дайнава" Ганна Ігнатаўна Капуста. Старанне гэтай жанчыны было высока ацэнена праўленнем калгаса і Іўеўскім раённым выканаўчым камітэтам. За высокія паказчыкі ў працы яна атрымала сваю першую ўзнагароду ў 1970-м годзе - медаль "За доблестный труд” в ознаменование 100-летия со дня рождения В.И. Ленина". А праз тры гады за самаадданую працу ёй уручаюць ордэн "Знак Пашаны". Былі ў яе і адзнакі пераможцы працоўнай вахты ў гонар 60-годдзя Вялікага Кастрычніка і мноства ганаровых грамат. Больш 30 год яна была лепшай звеннявой раёна і вобласці. А яшчэ яна была добрай жонкай і маці чатырох дзяцей, якія паспяхова вучыліся ў Геранёнскай СШ, вызначаліся сваёй сціпнасцю і стараннасцю ў працы і вучобе.
Цяпер ветэран працы Ганна Ігнатаўна Капуста перасягнула 90-гадовы рубеж і пражывае ў г. Іўе ў дачкі Крысціны. Наведваюць яе часта Лёля і Часлаў, якія пражываюць у Гродне, з Клайпеды прыязджае Тарэса. І, вядома, вялікую радасць прыносяць у дом сем унукаў і дзевяць праўнукаў.
Ганна Ігнатаўна - добрая, адкрытая жанчына. І для мяне яна знайшла час, каб пагаварыць аб мінулым. У яе хатнім альбоме захавалася вельмі многа цікавых даваенных здымкаў. Тут і польская школа імя Барбары Радзівіл (пабудавана ў Геранёнах у 1927 г.), руіны Геранёнскага замка (1936 г.), яўрэйская карчма і яе гаспадыня Боба, святары Геранёнскага касцёла і фотаздымкі знакамітых людзей нашай мясцовасці, матэрыялы пра якіх я планую падрыхтаваць для будучых нумароў газеты.
Да сённяшняга дня Ганна Ігнатаўна вяжа абрусы, сурвэткі. Чытае кнігі, газеты без акуляраў. Любімая газета - "Іўеўскі край".
Хочацца пажадаць гэтай надзвычай цікавай жанчыне здароўя, шчасця яе дзецям, унукам і праўнукам.
А. СМАЛЯНІЧЭНКА.
На здымках з хатняга архіва -
Г.І. Капуста.