Язык:

«Гэта кніга пра людзей, якія працуюць на зямлі, пра чалавечыя адносіны і лёсы». Пераможцам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор прозы» стаў пісьменнік Віктар Праўдзін

АРТ. Литература/кино/театр/музыка/живопись
«Гэта кніга пра людзей, якія працуюць на зямлі, пра чалавечыя адносіны і лёсы». Пераможцам Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор прозы» стаў пісьменнік Віктар Праўдзін

Віктар Праўдзін – пра жыццё, творчасць і каханне.

Віктар Праўдзін нарадзіўся ў Лідзе ў 1955 годзе, вырас у саўгасе Гарадзец Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці, жыве ў Мінску. Пасля Шаркаўшчынскай сярэдняй школы служыў у ваенна-марскім флоце, потым скончыў Мінскую вышэйшую школу МУС СССР, працаваў у праваахоўных органах.

Пісаць аповеды пачаў падчас службы ў міліцыі: жыццё падкідвала старшаму ўчастковаму складаныя сюжэты з ашаламляльнымі развязкамі. А пасля выхаду ў адстаўку цалкам аддаўся літаратурнай творчасці: працаваў намеснікам галоўнага рэдактара літаратурных часопісаў «Нёман» і «Полымя», галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Сюжэты падкідвае жыццё

– Шаноўны Віктар Аляксандравіч, мы шчыра віншуем вас з прысуджэннем Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

d 1101.JPG
– Дзякуй усім за высокую адзнаку маёй творчасці. У творчым конкурсе, арганізатарамі якога выступаюць Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі, удзельнічаў мой раман «Парыж, Эйфелева вежа i…», напісаны паводле рэальных падзей і лёсаў. Прыемна, што ён вытрымаў такую сур'ёзную канкурэнцыю: на конкурс былі прадстаўлены каля чатырохсот твораў. Прэмію мне ўручылі падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Капылі.

– Пра што гэты раман?

– Нягледзячы на назву, у якой фігуруе сталіца Францыі, раман – пра простае сялянскае жыццё і лёсы людзей. Нарадзіўся ён выпадкова. Калі падчас “літаратурнага дэсанту” я ўпершыню трапіў у знакамітае на ўсю краіну аграпрадпрыемства, пазнаёміўся з яго працаўнікамі і дырэктарам Аляксандрам Лапацентавым (у рамане яго прозвішча зменена, ён – адзін з герояў рамана), то быў шчыра здзіўлены таму, як кіраўнік змог арганізаваць, заахвоціць людзей і прымусіў іх паверыць у поспех. Дарэчы, і сёння многія па-добраму зайздросцяць не толькі ўраджаю ў гаспадарцы, але і сацыяльным прэферэнцыям, напрыклад, даплатам за адмаўленне ад курэння і алкаголю, альбо вучням мясцовай школы – за паспяховую вучобу. Людзі там вельмі добра зарабляюць, любяць сваю справу і ўпэўнены ў заўтрашнім дне. Гэта натхніла на раман.

Галоўны герой – бізнесмен, які, вярнуўшыся з Масквы, застаў сваю жонку з іншым мужчынам. З-за асабістай драмы вырашыў з’ехаць у Парыж і пачаць там новае жыццё. Па дарозе з ім надараецца новае каханне, новая праца, і ўсё мяняецца пасля сустрэчы са старшынёй калгаса “Радзіма” – наватарам, які ў 90-я зрабіў сапраўдную “рэвалюцыю” ў гаспадарцы…

Гэта кніга пра людзей, якія працуюць на зямлі, пра чалавечыя адносіны і лёсы. Падчас яе прэзентацыі ў аграпрадпрыемстве напрыканцы мінулага года, дарэчы, многія пазналі сябе ў героях твора. З прэзентацыі мы арганізавалі сапраўдная свята для вяскоўцаў, нават Эдуард Ханок выступаў.

20180529_151309.jpg

– Беларускі чытач ведае Вас як майстра дэтэктыва. А тут – раман пра вяскоўцаў…

– Дэтэктывы я пачаў пісаць не адразу – ужо пасля адстаўкі, перш-наперш былі нарысы і апавяданні пра жыццё: яно падкідвала мне такія сюжэты, што не пакласці іх на паперу было проста немагчыма.

Міліцыянер з душой паэта

– На першы погляд, служба ў міліцыі і пісьменніцкая творчасць – паняцці не вельмі сумяшчальныя…

– Мой прыклад даказвае іншае. Каб я не служыў на флоце, не быў участковым у Шаркаўшчынскім, а пазней Першамайскім РАУС Мінска – не было б столькі жыццёвага матэрыялу і пісьменніка Віктара Праўдзіна. Спачатку гэта было хобі, а потым яно перарасло ў прафесійную дзейнасць. Мая работа прымушала мяне мець зносіны з рознымі людзьмі: і добрымі, і тымі, хто не ў ладах з законам.

Першы абавязак участковага – ведаць сваіх людзей. Я бясконца вывучаў лёсы, адпрацоўваў пад’езды, каб пазнаёміцца з усімі… Столькі цікавых і розных людзей сустрэлася на шляху! Тады і ўзнікла гэта творчая патрэба, якая ўраўнаважвала мой характар, пачуцці.

У 1988 у часопісе “Маладосць” выйшлі мае першыя апавяданні пра жыццё. Гэтакія псіхалагічныя нататкі з рознымі цікавымі сюжэтамі. Першы твор – “Цукеркі ад бацькі” – гісторыя, як чалавек прыехаў на аўтамабіле ў невялікі гарадок з новай жонкай, а ў лужыне на дарозе сустрэў сваіх дзяцей ад першага шлюбу, якіх некалі кінуў… Мне здаецца, я змог перадаць усе адценні гэтай балючай сустрэчы, перажыванні дзяцей і дарослых. І чытачы ўявілі сабе малюнак з утаптанымі ў бруд цукеркамі – пачастунка ад таткі-здрадніка… 

d 1096.JPG

Альбо апавяданне “Пастка” – мне патэлефанавалі і паведамілі, што ў парку Чалюскінцаў ляжыць… ласіха. Яе загналі людзі, бедалага загінула ад разрыву сэрца. Рэальныя падзеі сталі падставай для напісання апавядання “Бездань“ –сын-п’янчуга выгнаў на мароз сваю маці і зачыніў дзверы, бо тая не дала грошай на апахмелку… І “Прычэп” таксама з жыцця. На сайце электроннай бібіліятэкі “Беларуская палічка”, дарэчы, ёсць з дзясятак маіх апавяданняў і аповесць “Эксгумацыя” ў звычайным і аўдыёфармаце.

– Выходзіць, што з большасцю сваіх герояў вы сустракаліся ў рэальным жыцці?

– Недарэчны выпадак паслужыў тэмай для біяграфічнага апавядання “Міліцыянер за кадрам”, якое выйшла ў зборніку “Іду насустрач”. Здарылася гэта ў Шаркаўшчыне ў сярэдзіне 70-х. Мы затрымалі бамжа, які, па ягонай версіі, адстаў ад цягніка. Пашкадавалі яго, цэлыя суткі ўтрымлівалі ў РАУС, кармілі, далі грошай на білет, праводзілі ў дарогу і пасадзілі на цягнік. А калі вярнуліся ў аддзел, атрымалі тэлетайпнае паведамленне, што грамадзянін з падобнымі прыкметамі – вядомы ў крымінальных колах вор-рэцыдывіст – вышукваецца Усесаюзным вышукам. І смех, і грэх… Гумарам прасякнуты і іншыя мае апавяданні, без гэтага нельга.

– Ваша сэрца чуйна адгукаецца на ўсё, што адбываецца навокал.

– Так. Маё апавяданне пра вайну – “Пяць цукерак ад фрыца” – нявыдуманая гісторыя маёй маці Зінаіды, цётачак Алы і Веры, якія дзецьмі перажылі цяжкі перыяд акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І пра Чарнобыль – “Боль”. І пра апошні дзень жыцця святара Канстанціна Жданава з Шаркаўшчыны, якога зверскі збілі і жывога закапалі ў магілу, а нядаўна кананізавалі – “30 міль да святасці” (хутка апавяданне выйдзе ў часопісе “Полымя”). Калі ўяўляю, што давялося перажыць маім героям, – цякуць слёзы… 

img_1181.jpg

– Давайце яшчэ крыху пагаворым пра творчую кухню. Чым вам дарагі жанр дэтэктыва і як да яго прыйшлі?

– Калі выйшаў у адстаўку ў званні маёра ў 1994 годзе і ўжо працаваў у часопісе “Нёман”, я купіў кнігу дэтэктываў аднаго вядомага расійскага аўтара. Адкрыў, прачытаў некалькі старонак і сказаў сабе: “Гэтага сваім дзеткам чытаць не дазволю”. І падумаў, што сам столькі гадоў служыў у міліцыі, праз многае прайшоў, у памяці – сотні крымінальных сюжэтаў, якія могуць легчы ў аснову дэтэктыва. І пачалося! З тае пары дэтэктыў – адзін з маіх любімых творчых накірункаў. Дэтэктыў – твор, які павінен хоць некаму прынесці карысць, у ім заўжды ёсць дабро і зло, і дабро звычайна перамагае. Але я не проста пішу надуманыя дэтэктывы, я пішу пра наша сучаснае жыццё. Да прыкладу, мае дэтэктывы 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя ўздымаюць праблемы тых часоў: “Візіцёр з Поўначы”, “Эксгумацыя”.

У дэтэктыўнай аповесці “Эксгумацыя” ёсць эпізод, які адбыўся са мной на пачатку міліцэйскай кар’еры. Прыехалі мы неяк з вопытным калегам у адну вёску самагоншчыкаў выяўляць. Заходзім у хату, дзе самагон, па інфармацыі, павінен быць, а яго няма. І тут сабака гаспадара пачынае актыўна капаць зямлю пад сваёй будой, а там прыхавана гарэлка! Сабака вывеў гаспадара на “чыстую ваду”…

Альбо такі сюжэт з жыцця. Два гады лось-сігалетак займаўся “рэкетам”: перакрываў дарогу паміж вёскамі і не прапускаў вадзіцеляў транспарту, пакуль тыя не дадуць яму хлеба… Гэты рэальны факт я таксама выкарыстаў у “Эксгумацыі“ – расказаў пра жывёліну, якую людзі выкарыстоўвалі для перадачы кантрабанды. 

d 1125.JPG

– Вы пішаце на прыгожай беларускай мове.

– Я даўно думаю і пішу па-беларуску. У вольны час чытаю. Наша мова такая прыгожая, што не ўяўляю, як яе не любіць і не ўжываць. Днямі, дарэчы, мы падводзілі вынікі Нацыянальнага конкурсу чытальнікаў сярод дзяцей, які праводзіўся да Дня пісьменства, то я як член журы быў уражаны, як цудоўна нашы дзеці валодаюць мовай і як трапятліва перадаюць усе яе адценні.

Каханне, лецішча, прырода

– Не творчасцю адзінай жывы чалавек. Што яшчэ захапляе і радуе пісьменніка Праўдзіна?

– У 1989 годзе мы купілі хатку пад лецішча ў вёсцы Панфілаўшчына на рачулцы Бярозаўка. Жывем тут с жонкай Людмілай Іванаўнай да самых халадоў. Гэта месца надае сілы, натхняе. Тут табе кожны кусцік радуецца, бо ты яго садзіў. Жывучы ў вёсцы, вырошчаю і бульбу, і гуркі, і памідоры. Маю ўсё сваё…І пасеку даглядаю. Той, хто частаваўся маім мёдам, ходзіць па пятах і просіць яшчэ…

Вельмі ўдзячны Госпаду за сваю Людмілу – маці маіх траіх дзяцей. Быццам нехта не набе мне яе наканаваў. Нас звязала вялікае каханне. Разам мы амаль 45 гадоў. Пабраліся шлюбам яшчэ падчас студэнцтва. Выхавалі траіх дзяцей, якія падарылі нам адзінаццаць унукаў! Дарэчы, менавіта са з’яўленнем унукаў я пачаў пісаць казкі: пра мядзведзя, рыжую чаплю, шылахвостку. Старэйшай унучцы хутка дваццаць, а ў гэтым годзе нарадзіліся Віктар Праўдзін і Кацярына Праўдзіна. Вось ён, працяг…

А сямейнае жыццё – гэта вялікая праца. Саступіць, дапамагчы, перацярпець. Не кожная жонка зразумее і будзе цярпець мужа, які палову дня праводзіць за пісьмовым сталом. Яна мяне выраўнівае, крыху прызямляе, клапоціцца пра маё здароўе. Пасачыняў колькі гадзін, а потым можна і бульбачку выкапаць, пакасіць ці ў гародчыку пашчыраваць. Люблю рыбачыць. Апошнім часам да ўсяго яшчэ і скандынаўская хада дабавілася. На пару з Людмілай Іванаўнай ходзім па наваколлях, паралельна грыбы збіраем…Я ж нідзе па-за хатай больш за тры дні не магу быць, цягне на маю Панфілаўшчыну. 

d 1121.JPG

Для выхавання душы і самаразвіцця чытаю Біблію, працы свяціцеля Ігнація Бранчанінава. Адкрываю нешта новае ў сабе, хочацца станавіцца лепшым.

– Любіце сваіх герояў?

– А без гэтага ніяк. Я да іх прывыкаю. Потым яны мяне адпускаць не хочуць, жыву з імі недзе год і болей. Нават адмоўныя персанажы мне дарагія і сімпатычныя.

Дарэчы, у кожнага чалавека ёсць прычына, чаму ён робіць тое ці іншае. Мне парой не важна, што ён зрабіў, але важна, чаму ён гэта зрабіў. У сваіх творах вывучаю, даследую, шукаю прычыну, якая можа быць у самым чалавеку, яго мінулым ці блізкіх людзях, асяроддзі.

– А пра што лягчэй пісаць: пра мінуўшчыну ці дзень сённяшні?

– Пра трое, што было, заўсёды апавядаць лягчэй. Бо блізкае, як мне здаецца, лепш бачыцца здалёк.

“Кожная душа няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам…”

- Вас цікавіць палітыка?

- Я люблю, каб быў парадак, каб законы выконваліся. Нездарма насіў пагоны і быў дзяржаўным чалавекам. Але акрамя законаў, напісаных чалавекам, ёсць Божыя законы. І за іх невыкананне таксама давядзецца адказваць. На маім лецішчы на дзевяціметровым флагштоку лунае дзяржаўны сцяг. І з’явіўся ён не ў сувязі з падзеямі мінулага года, а чатыры гады таму.

Усё пачалося з выпадку. Неяк быў у радні ў Юрмале і заўважыў, што там на кожнай хаце прымацаваны дзяржаўны сцяг. Вярнуўся дамоў і вырашыў, што гэта добры прыклад. Купіў беларускі дзяржаўны сцяг і павесіў. Заўжды адчуваю гонар.

Я – за Беларусь, за нашу дзяржаву, Прэзідэнта, парадак і стабільнасць. У мяне ёсць свая цвердая пазіцыя, бо я бачыў развал моцнай дзяржавы – Савецкага Саюза, развал вытворчасці і поўны хаос і не хачу прыкрага паўтарэння. Упэўнены, што маюць сэнс толькі дысцыпліна і выкананне законаў. Нічога новага ў тым няма. Калі адкрыць Евангелле – там усё напісана ў Пасланні святога апостала Паўла да рымлян (13 раздзел): “Кожная душа няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам…”. І растлумачваецца, навошта нам даецца добры ці злы начальнік. 

image (3).jpg

Мясціны, якія натхняюць

– Віктар Аляксандравіч, ваша прозвішча вельмі падобна на прыгожы псеўданім…

– Гэта маё сапраўднае прозвішча, яно прыйшло з глухой архангельскай тайгі. Па паданню, мае продкі трапілі туды ў “пятроўскія” гады падчас паўстання стральцоў. Таму род па лініі бацькі – людзі рускія, а па маці – беларусы з Магілёўшчыны. Тата мой служыў у Шчучыне і Лідзе. Там я і з’явіўся на свет.

– А што адчуваеце, калі бываеце ў Лідзе, што там дорага?

– У Лідзе пачаўся мой жыццёвы шлях, там нас з братам хрысцілі. Мой бацька быў вайскоўцам, таму ў Лідзе мне давялося пажыць усяго два гады. Потым рос у саўгасе Гарадзец, на рацэ Мнюта... Але запіс у метрыцы мяне заўсёды хваляваў. Наступным разам пабываў у Лідзе ўжо ў сталым узросце – у год свайго 60-годдзя. Мяне запрасілі землякі-літаратары з літаратурнага аб'яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Быў вельмі задаволены знаёмствам, перадаў у фонд літаратурнага аддзела Лідскага гісторыка-мастацкага музея (дом Валянціна Таўлая) свае кнігі, рукапісы, фатаграфіі. Потым былі яшчэ сустрэчы ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

Мне вельмі спадабаўся горад, атмасфера, якая тут пануе, і людзі. Ад цёплых сустрэч з лідчанамі – самыя добрыя ўражанні. Людзей цікавіла маё асабістае жыццё, творчая праца, планы на будучае. Запамінальныя ўражанні атрымаў у Лідскім замку, а таксама ад сустрэч у доме паэта Валянціна Таўлая.

І гэта прыгожа, што я маю некалькі мясцін на Беларусі, якія люблю і называю сваёй радзімай. Не малой, дарэчы, а вялікай Радзімай! Бо і Ліда, і Гарадзец, і Шаркаўшчына, і Мінск, і Панфілаўшчына – месцы, якія мяне натхняюць, даюць сілу духу, фізічную моц і прагу жыцця.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.