Язык:

Успаміны нашай зямлячкі аб пачатку вайны

Помнить, чтобы жить

Пра тое, што тут некалі стаялі хаты былога засценка Масткі, цяпер нагадваюць хіба толькі некалькі сухіх дрэў былых садоў мясцовай шляхты з роду Анацкіх ды стары клён - сведка ўсіх падзей, што каціліся то з захаду на ўсход, то з усходу на захад. Цывілізацыя не пашкадавала гэты, раней ціхі, аддалены ад людскога вока, куток ля нёманскай зямлі: рэканструявалі дарогу з Гродна на Мінск, зрабілі сучасную развязку - і сцерлася з памяці некалькіх пакаленняў і стагоддзяў жыццё былых засцянкоўцаў.

А жыццё было... Звычайнае, спакойнае і неспакойнае, страшнае. Змяняліся ўлады і пакаленні, каціліся войны, былі голад і галеча - усё пабачыў засценак і яго жыхары.
Рэнька, дачка засцянкоўцаў Валодзі і Волькі Анацкіх, нарадзілася яшчэ пры паляках, і як прыйшлі першыя саветы, не памятае, бо была зусім малая. Мама расказвала, што яны спыніліся адпачыць пад іхнім клёнам. Сушылі вопратку і анучы, варылі ежу ў палявой кухні, а ўсе мясцовыя дзеці сабраліся ля чырвонаармейцаў і дзівіліся з незвычайнай іх "печы". Салдаты адпачылі і пайшлі паходам на захад, а Савецкая ўлада толкам так і не ўсталявалася: хутка напаў немец.
Рэнька дрэнна памятае і пачатак вайны, бо ёй было ўсяго пяць гадоў. Для яе вайна пачалася з таго, як самалёты бамбілі Іўе, і яны хаваліся ў акопе, вырытым у Дубніку - некалі пры Польшчы іхнім лесе.
Было страшна, як зусім побач рваліся бомбы і неба станавілася чырвона-чорным. Ад выбухаў палохалася і моцна плакала маленькая Мілачка, і мама прыціскала яе да сябе. Плакала і тулілася да мамы і Рэнька. Калі ўсё сціхла, тата схадзіў паглядзець, ці ўсё спакойна, і тады яны вярнуліся дадому. А немцы яшчэ доўга не наведваліся да іх. Па дарозе на Іўе ішлі танкі з крыжамі, ехалі машыны і матацыклы з салдатамі. Але пакуль па дарозе. Да хат не зварочвалі. Хутка яны ў Іўі зрабілі пастарунак і ўсталявалі сваю ўладу.
Першую сустрэчу з немцамі Рэнька запомніла на ўсё жыццё. Да іх плоту пад'ехала высокая цёмная машына і спынілася пад клёнам. Такія машыны дзяўчынка бачыла, як ішлі па дарозе, але яны былі далёка і не здаваліся вялікімі. З машыны выскачылі некалькі чалавек. Двое накіраваліся да суседняй хаты, а трое завярнулі да іх на падворак.
Рэнька з мамай як раз былі на агародзе і паспяшаліся дадому, каб немцы не зайшлі ў хату раней. Салдаты нешта гергеталі па-свойму і паказвалі ў бок хаты. Дзяўчынка разглядала іх новую форму, наваксаваныя да бляску боты і блішчастыя папругі на рамянях. Мама адчыніла дзверы, і немцы ўвайшлі ў хату. Хата тады была яшчэ старая і нізкая. Адзін з іх адразу накіраваўся ў чыстую палову, а двое заставаліся на кухні. Там на ложку ляжаў хворы тата, а ў калысцы спала Мілачка.
Тата нядаўна пілаваў хвою, і дрэва, калі валілася, моцна яго пабіла. Тата не мог падняцца з ложка нават паесці ці папіць вады - так моцна яму балела. Немец хутка выйшаў, сказаў некалькі незразумелых слоў, але адно Рэнька запомніла назаўсёды - "кранк". Тады дзяўчынка нічога не разумела. Пазней у школе яна даведалася, што "кранк" - значыць "хворы".
Мама вынесла з каморы міску яек і буханку хлеба і працягнула немцам, але яны ўзялі толькі яйкі. Яшчэ раз сказалі тое слова і паказалі на пакой, дзе ляжаў тата. Немцы паехалі, а мама пачала плакаць. Плакала і Рэнька, бо шкадавала маму, хоць сама нічога не разумела.
Больш да іх у засценак немцы не наведваліся. Часта ехалі з Іўя на Морына, але да іх не зварочвалі. Што тут возьмеш? Другая справа - Морына! Там вялікая вёска, шмат людзей - і кантроль патрэбен іншы.
Затое наведваліся часта партызаны, звычайна позна вечарам ці ўночы. 

Гераіня публікацыі Раіса Уладзіміраўна Вараніцкая, жыхарка в. Морына, у 27-гадовым узросце

Ішоў чацвёрты год вайны...
Прывыклі ўжо і да немцаў, і да партызан. Рэнька за вайну падрасла, ёй ужо дзевяць год, яна маміна памочніца. І сёння вось нарвала бацвіння, каб падкінуць парасяткам. Цэлы кошык! Ужо ёй і цяжкавата: ад поля да хлява далекавата. Яна то нясе, то цягне кошык, але не адкідае, каб не ісці другі раз. Калі падышла да хлява, то пачула нейкія галасы з боку дарогі. Рэнька ўглядаецца супраць сонца і бачыць людзей, шмат людзей, якія накіраваліся да іх сядзібы. Людзі спыніліся ў цяні пад клёнам: большасць адразу звалілася на зямлю, дужэйшыя проста прыселі. Рэнька пабегла дадому, але мама сама заўважыла гэтых людзей.
- Немцы, - сказала яна. - Адступаюць, гоняць іх назад. Колькі гора прынеслі і бяды нарабілі!
Рэнька ведала, што немцы - ворагі, што яны забівалі нашых людзей, палілі вёскі, бамбілі гарады. Яна не забылася і пра тых, што былі ў новай прыгожай форме, што дрэннага ім нічога не зрабілі. Але, мусіць, і немцы розныя бываюць?! Раптам адзін з іх падняўся і накіраваўся да плоту. Мама выбегла насустрач. Рэнька выскачыла ўслед за ёй, спынілася ля весніц.
- Дзень добры, пані! - загаварыў па-польску немец. - Можа б дала чаго паесці?
Мама ведала польскую мову: жыла ж пры паляках. Яна не стала нічога гаварыць, не ведала, як сябе паводзіць: немцы ж былі са зброяй, толькі адказала таксама на польскай:
- Зараз прынясу. Чакайце, - і пабегла дадому.
Мама наліла ў вялікі збан малака, адламала кавалак хлеба і панесла. Рэнька пацягнулася за ёй. Падышоўшы бліжэй, дзяўчынка збянтэжылася. Нейкі жаль, боль і нават шкадаванне да гэтых людзей, ворагаў, ахапілі дзяўчынку. Гэта ўжо былі не тыя бравыя, выхаленыя, у новай форме, у наваксаваных да бляску ботах, з залатымі папругамі на рамянях, салдаты. Брудныя, у выцвілых лахманах, худыя, няголеныя, многія параненыя, з акрываўленымі бінтамі, яны не наганялі страху, не здаваліся ўсёмагутнымі і ўсеўладнымі, а выклікалі шкадаванне і спачуванне.
Мама аддала малако. Салдаты разлілі яго па баклажках, разламалі хлеб і пачалі есці. А той, шт ведаў па-польску, зноў звярнуўся да мамы:
- Ты прабач нас, гаспадыня! Мы простыя немцы, мы не хацелі вайны. А цяпер нам канец. Канец усяму. У мяне дома жонка і двое дзетак,- немец дастаў фотакартку з нагруднай кішэні і працягнуў паглядзець маме. - Я іх больш не ўбачу. Я не дайду! У мяне бок паранены. Вось цячэ з яго, - і заплакаў.
Рэнька таксама разглядала фотакартку. На ёй была прыгожая, як пані, жанчына і дзеці: хлопчык у касцюмчыку матроса і дзяўчынка ў капялюшыку і сукеначцы з фальбонкамі. "Вось бы мне такі капялюшык і такую сукеначку,- падумала Рэнька. - Я б самая прыгожая была ў царкве!"
Мама аддала картку назад, забрала збан і больш нічога не сказала. Немцы яшчэ трохі адпачылі і пацягнуліся лесам (дарогай было небяспечна) строга на захад.
А праз некалькі дзён, якраз на Яна, Рэнька з мамай збіраліся ў Морына ў царкву. Дзяўчынка была ўжо гатова, а мама яшчэ не дарабіла хатнія справы. Рэнька круцілася на двары і ўбачыла, што пад клёнам зноў прыселі салдаты. Дзяўчынка падышла бліжэй і пачала прыслухоўвацца. Салдаты размаўлялі не так, як у нас, але на нейкай прыгожай і зразумелай мове. Гэта былі свае, нашы! Стомленыя, таксама брудныя і худыя, але нейкія вясёлыя і шчаслівыя. Мама пазнала сваіх. Хуценька дастала са студні ранішняе малако, якое апусціла ў ваду, каб не пракісла, наліла ў вялікі збан, і Рэнька ўжо сама панесла яго салдатам. Салдаты дзякавалі,частавалі цукрам. А адзін, такі малады і вясёлы, асабліва спадабаўся ёй. Салдат жартаваў з Рэнькай, казаў, што яна вельмі прыгожая і што хацеў бы мець сабе за жонку такую прыгажуню, але дзяўчынка павінна яшчэ падрасці.Тады Рэнька падумала: "Ну, вось, і без капялюшыка падабаюся такому прыгожаму хлопцу. Хай ён толькі немцаў хутчэй загоніць ў іх Германію ды вяртаецца назад. І тады я ўжо напэўна падрасту".
Прайшло шмат часу. Тая засцянковая дзяўчынка Рэнька ўжо не толькі падрасла, але вырасла і састарэла. Яна даўно ўжо бабуля, а малюнкі дзяцінства, апаленага вайной, з памяці так і не сцерліся.
Таму Раіса Уладзіміраўна часта гаворыць маладым:
- Дзеткі, дарагія машыны, адзенне, грошы - гэта ўсё пустое! Важна, каб мір быў на зямлі, каб лад быў у сем'ях, каб дзеці паважалі бацькоў, людзі былі людзьмі і любілі сваю Радзіму. Калі мір і лад у кожнага чалавека ў душы - тады мір будзе ў краіне і будзе ва ўсім свеце!

Людміла КАРАЛЕВІЧ-
ВАРАНІЦКАЯ,
жыхарка г. Гродна,
ураджэнка в. Морына.

 

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.