Добра разумеючы гэта, супрацоўнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі разам з мясцовымі краязнаўцамі і чытачамі, неабыякавымі да гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы, праводзяць мэтанакіраваную пошукава-даследчую работу па зборы, захаванні, сістэматызацыі, афармленні і папулярызацыі матэрыялаў краязнаўчага характару.
Безумоўна, гісторыя кожнага мястэчка складаецца з лёсаў людзей, якія сваім талентам, дасягненнямі ў жыцці, добрасумленнай працай праслаўлялі і праслаўляюць свой родны край. Іўеўшчына багата на такіх асоб.
Менавіта такім людзям прысвечана серыя інфармацыйных бюлетэняў “Вяртаем забытыя імёны”, праца над якой вялася на працягу 2019-2021 гг. работнікамі бібліятэкі сумесна з мясцовым краязнаўцам А. Ігліцкім.
Гэта праўдзівыя гісторыі з жыцця легендарных асоб, якія ўнеслі значны ўклад у гісторыю і культуру Іўеўшчыны.
На сённяшні дзень выдадзена 10 работ.
"Зофія Ільінская -
паэтэса трох народаў"
У гэтай рабоце мы раскрылі тэму, звязаную з жыццём і літаратурнай дзейнасцю паэтэсы-эмігранткі Зофіі Ільінскай (дзявочае прозвішча Брахоцкая), дзіцячыя і юнацкія гады якой прайшлі ў маёнтку Морынь. Цяпер гэта аг. Морына.
У 18-гадовым узросце яна ра-зам з маці і братамі эмігрыравала ў Англію.
У чужой краіне Зофія Ільінская, пераадольваючы жыццёвыя цяжкасці, спаўна раскрыла свой талент журналіста і паэткі. Пражываючы ў Англіі, яна 53 гады не мела сувязяў з малой радзімай.
Яе мара наведаць Беларусь ажыццявілася толькі ў пачатку 1990-х гадоў. У час першага прыезду ў Беларусь у 1992 годзе, з’явілася падборка яе вершаў у газеце “ЛіМ” на беларускай мове (пераклад Р. Барадуліна).
"Чалавек-легенда
Аляксандр Сільвашка"
Сярод сотні тысяч вядомых і безымянных героеў Другой сусветнай вайны прайшоў баявы шлях і наш зямляк Аляксандр Сафронавіч Сільвашка.
Звычайны ўкраінскі хлопец, піянерскі і камсамольскі важак, актывіст, калі Радзіма апынулася ў варожай небяспецы, пайшоў у партызанскі атрад, а потым далучыўся да перадавой часці Чырвонай Арміі, з баямі прайшоў Еўропу, каб не толькі вызваліць сваю краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але і знішчыць карычневую “чуму” ў яе ўласным логаве – Германіі.
У пасляваенныя гады Беларусь стала другой Радзімай для Аляксандра Сафронавіча. Ён назаўсёды застанецца знакамітым земляком, подзвіг якога ўвайшоў у гісторыю Другой сусветнай вайны.
"Графы Умястоўскія -
лёсы ў гісторыі"
Адной са знакамітых сядзіб Гродзеншчыны, якая занесена ў дзяржаўны спіс гісторыка – культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца сядзібна – паркавы комплекс у аг. Жамыслаўль, пабудаваны графамі Умястоўскімі ў ХIХ стагоддзі.
Тры пакаленні Умястоўскіх адбудоўвалі і ўпрыгожвалі Жамыслаўль: Якуб і Ганна Умястоўскія, Казімір і Юзэфа Умястоўскія, Уладзіслаў і Яніна Умястоўскія. Яны пакінулі нам багатую гісторыка-культурную спадчыну. Яны ўмелі працаваць з бачаннем далёкай перспектывы, арганізаваць на справы грамадскай і культурнай значнасці мясцовае насельніцтва, разумна і ашчадна ўкладвалі свае зберажэнні ў патрэбныя праекты.
"Тадэвуш Сакалоўскі -
алімпіец з Жамыслаўля"
Т. Сакалоўскі. Алімпійскія гульні
ў Берліне, 1936 г.
Тадэвуш Сакалоўскі нарадзіўся 25 верасня 1905 года ў вёсцы Жамыслаўль Ашмянскага павета Віленскай губерні (тэрыторыя Расійскай імперыі). Зараз гэта аг. Жамыслаўль.
У 1930-я гады Т. Сакалоўскі служыў у польскай арміі. Актыўна займаўся конным спортам.
У 1932 годзе ён стаў сярэбраным прызёрам нацыянальнага чэмпіянату Польшчы па конным спорце, у 1935 г. заваяваў бронзавы медаль, а ў 1936 г. стаў пераможцам чэмпіянату Польшчы. У 1936 годзе польскія спартсмены прынялі ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Берліне. У складзе зборнай каманды Польшчы быў і Тадэвуш Сакалоўскі, лейтэнант арміі.
"Якаў Жынко -
генерал
з вялікім сэрцам"
Якаў Іванавіч Жынко, удзельнік кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны (1896-1937) ураджэнец в. Морына. У 1917 годзе стаў актыўным удзельнікам лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцый. Быў прызначаны начальнікам штаба 128 пяхотнай дывізіі і кіраваў паходамі супраць войск Керанскага на Гатчыну. Часова выконваў абавязкі камандзіра дывізіі, кіраваў баямі пад станцыяй Томса і Нарвай у лютым 1918 года. Быў абраны членам Гельсінгфорскага савета рабочых, салдацкіх і матроскіх дэпутатаў і дэвізійнага камітэта. У жніўні 1918 года быў адпраўлены камандзірам аўтакалоны на Чэхаславацкі фронт.
"Жыццё, адданае народу"
Гэта гісторыя Марыі Мікалаеўны Чэрнік – першага дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, забітай фашыстамі ў 1941 годзе. У народзе памятаюць сялянку Марыю з в. Белы Бераг Іўеўскага раёна. Успамінаюць аб ёй не толькі тады, калі гаворка заходзіць аб мінулым, але і аб сучаснасці.
"Корвін-Мілеўскія - гонар зямлі Івейскай"
Браты Ігнацій і Імпаліт Корвін-Мілеўскія належылі да вядомага магнацкаму роду, якія ў XVIII – XIX ст. былі ўладальнікамі мястэчка Геранёны.
Граф Ігнацій Корвін-Мілеўскі быў чалавекам высокай культуры, інтэлігент, быў патрыётам, грамадзянінам, знаёміў Еўропу з польскім мастацтвам. Імпаліт – руплівы гаспадар, навуковец, дзяржаўны дзеяч.
"Браніслаў
Жылінскі: талент,
не забыты людзьмі"
У глухой вёсцы Песевічы на ўскраіне Налібокскай пушчы жыў унікальны чалавек − мастак-самавучка Браніслаў Жылінскі. Пісаў пейзажы, але найбольш душа ляжала да малявання іконаў. Постаці Ісуса Хрыста, маці Божай, абліччы святых маляваў па-мастацку праўдзіва, з адметнымі чалавечымі пачуццямі і перажываннямі, цеплынёй і любоўю. Жыхары Песевіч, Козевіч, Лежневіч і іншых каталіцкіх вёсак Іўеўшчыны з задавальненнем набывалі творы Браніслава Жылінскага і захоўваюць іх у сваіх дамах многія гады.
Браніслаў Пятровіч напісаў іконы і невялічкія абразкі (стацыі) для Дудскага касцёла Ражджаства Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Яго іконы з аўтографам на польскай мове “Жылінскі” ёсць у касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла і капліцы Святой Барбары ў г. Іўе.
"Паляцела птушкай
у вырай песнь яго
аб роднай ніве..."
Гэта праўдзівая гісторыя аб жыццёвым і творчым шляху харавога дырыжора, заслужанага работніка культуры Беларусі Віктара Шарэцкага, які пакінуў значны след у гісторыі Іўеўшчыны. Матэрыял выдання грунтуецца на ўспамінах сучаснікаў і афіцыйных дакументах, аздоблены арыгінальнымі фотаздымкамі.
"Ільдэфонс Бобіч:
святар, пісьменнік,
асветнік"
Асаблівую цікавасць у бібліятэкараў, краязнаўцаў і чытачоў выклікалі матэрыялы пра Ільдэфонса Бобіча (Пётры Простага) – былога ксяндза Іўеўскага касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла, святара, доктара філасофіі, празаіка, публіцыста, перакладчыка – асобу, значную не толькі ў маштабах гістарычнага і літаратурнага краязнаўства, але і, наогул, нацыянальнай гісторыі і літаратуры.
Ільдэфонс Бобіч − беларус па паходжанні, святар і літаратар па прызванні, ён шырока прапагандаваў беларускую мову дзеля адраджэння і росквіту роднай зямлі.
Вядома, што апошні перыяд жыцця Ільдэфонса Бобіча звязаны з нашай малой радзімай – мястэчкам Іўе, куды ён быў пераведзены ў 1930 годзе ў якасці ксяндза і дзекана Вішнеўскага дэканата. Тут напісаны два тамы казанняў “Роднае слова ў касцёле” і “Навучайце ўсе народы”, так і не выдадзеныя да гэтага часу.
Згодна з успамінамі людзей, якія яго ведалі, Ільдэфонс Бобіч планаваў напісаць яшчэ чатыры тамы, але ў 1942 годзе быў арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі.
Памёр неўзабаве пасля вызвалення з турмы (28 красавіка 1944 года). Пахаваны ў Іўі, каля касцёла, побач з іншымі святарамі.
***
13 чэрвеня 2022 года загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 123 зацверджаны вынікі XXX Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.
У намінацыі “За пошукавую і даследчую работу” дыпломам першай ступені адзначана Іўеўская раённая бібліятэка. У далейшым плануецца стварыць такія даведнікі і пра іншых легендарных асоб іўеўскай зямлі і аб’яднаць іх у адзінай базе дадзеных пад агульнай назвай “Вяртаем забытыя імёны”.
А. ВІКТАРАВА,
намеснік дырэктара
Іўеўскай раённай бібліятэкі.