Вёска Ятаўтавічы. Назва паходзіць ад прозвішча яе ўладальніка. У канцы ХVI стагоддзя яна належыла Шчаснаму Ятолтовічу.
У 1764 годзе фальварак Ятаўтавічы быў набыты шляхетным родам Гурскіх. На картах Расійскай імперыі ХІХ ст. бліз вёскі пазначана месцазнаходжанне панскага двара з аднайменнай назвай – Ятаўтавічы. Зразумела, што, акрамя панскага дома, там былі і іншыя пабудовы: напрыклад, дамы для прыслугі, гумны, канюшня, мог быць млын, ну і, зразумела, вельмі часта былі і капліцы. Узгадванне аб першай капліцы датуецца 1786 годам. Зазначана, што Ганна Гурская размясціла яе на першым паверсе свайго сядзібнага лямуса. Набажэнствы ў ёй праводзіліся зрэдку. Даязджалі сюды манахі-бернардынцы з іўеўскага кляштара.
Сын Ганны - Антоній Гурскі, стараста вікшнянскі, на тэрыторыі сядзібы вырашыў пабудаваць асобную капліцу. 20 мая 1811 года ксёндз-канонік інфлянскі Томаш-Давід Шаняўскі Юноша, пробашч іўеўскай парафіі, дзекан вішнеўскага дэканату, асвяціў месца пад яе будоўлю і паклаў першы камень-парог. Узводзілася капліца пад тытулам Сэрца Езуса і святога Антонія. А ўжо 20 жніўня таго ж года капліца была гатова. Біскуп Іеранім Страйноўскі выдаў індульт на адпраўленне святой імшы.
Праўдападобна, што першапачаткова гэта была звычайная сядзібная капліца, а могільнік вакол яе з’явіўся пазней. Згодна даследванням Аляксея Ігнатовіча, навуковага супрацоўніка Даўгапрудненскага гісторыка-мастацкага музея, пасля смерці Антонія Гурскага, а, як зазначана ў дакументах, памёр ён 13 лістапада 1818 года, уладальнікам Ятаўтавіч стаў Ігнацый Межыньскі, суддзя Ашмянскага павятовага суда. Дарэчы, сам Антоній, як і яго маці Ганна, пахаваны на могілках айцоў-бернардынаў у Іўі (так называўся могільнік ля касцёла св. апосталаў Пятра і Паўла). Магіла Антонія захавалася па сённяшні дзень.
У маі 1825 года Ігнацый Межыньскі купіў маёнтак у нашчадкаў Антонія Гурскага. Датай смерці Ігнацыя стаў 1833 год. І, згодна з дакументам, пахаваны ён быў пры капліцы ў Ятаўтавічах. Магчыма, гэтае пахаванне і было першым.
9 красавіка 1834 года маёнтак Ятаўтавічы з усімі вёскамі, якія ў яго ўваходзілі - Ятаўтавічы, Родзевічы, Гуршчызна, Паболі, Валькі - атрымала ў пажыццёвае валоданне жонка Ігнацыя - Гелена Межыньская ад роду Лункевіч.
Пазней яна выйшла замуж за Адама Рымашэўскага. Вянчанне Адама і Гелены адбылося 25 чэрвеня 1935 года ў ятаўтавіцкай капліцы. Гелена валодала маёнткам аж да самай смерці. Па дадзеных “Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых славянскіх зямель” 1880-1914гг, у 1866 г. у Ятаўтавічах пражывала 84 чалавекі і належылі яны да Іўеўскай парафіі.
Капліца Сэрца Езуса і святога Антонія ў в.Ятаўтавічы
Каля 1898 г. маёнтак быў падзелены. Сёння пацвярджэннем яго існавання засталася капліца Сэрца Езуса і святога Антонія. Хаця ў апошні час імя св. Антонія пры названні капліцы не ўзгадваецца. Як капліца Іўеўскай парафіі яна занатавана ў актах візітацыі за 1818-1830 гг., у справаздачы аб стане Вішнеўскага дэканата за 1844 г., і ў спісах дзеючых капліц у віленскім дэканаце ў 1824 і 1871 гадах.
У дакументах 1902 года зазначана, што яна адноўлена, знаходзіцца ў добрым стане, ёсць арган. Чарговы рамонт у 1908 годзе выкананы пробашчам іўеўскай парафіі Нікадзімам Тарасевічам. Ім жа пасля доўгага перапынку зноў былі ўзноўленыя богаслужэнні. Добры стан будынка быў пацверджаны ў 1911 годзе. А вось ужо ў 1923 годзе адзначалася неабходнасць рамонту даху. Капліца ў гэты час яшчэ адносілася да іўеўскай парафіі. У 1930 годзе разглядалася магчымасць аднясення яе да Юрацішкаўскай парафіі. Да гэтага справа не дайшла і яна засталася пры іўеўскай парафіі. Але ўжо праз 5 гадоў яна ўсё ж такі адышла да новаўтворанай парафіі ў Юрацішках. Адміністратар гэтай парафіі кс. Антоній Твароўскі ў 1938 годзе зрабіў грунтоўны рамонт капліцы: заменена аша-лёўка, дах пакрыты гонтам, а вежа - бляхай. Падчас Другой сусветнай вайны капліца не была пашкоджана, нягледзячы на тое, што ў лютым 1943 года стала сведкам спалення ў недалёка знаходзячымся ад яе гумне 96 жыхароў вёскі. Полымя знішчыла і ўсе будынкі. У пасляваенны час вёска адрадзілася.
Стараннямі жыхароў вёсак Ятаўтавічы, Родзевічы, Гуршчызна, Паболі і выхадцаў з гэтых вёсак каплічка падтрымлівалася і падтрымліваецца ў належным стане. Хоць у часы савецкай атэізацыі гэта было вельмі складана.
Абраз Хрыста Балеснага, 1755 г.
Жыхарка в. Гуршчызна Марыя Браніславаўна Куц памятае, што ў савецкі час капліца прыйшла ў заняпад, дах цёк, неадкладна трэба было знайсці іншы кровельны матэрыял і замяніць гонт. У 1969-1970-м гадах жыхары вёсак, якія раней належылі да маёнтка Ятаўтавічы, сабралі грошы на рамонт даху. Эдвард Валяр’янавіч Захар, які пражываў у в.Гуршчызна, знайшоў месца, дзе можна набыць бляху, дамовіўся з шафёрам, які прывёз яе. Накрыць капліцу згадзіўся чалавек з в.Більмоны - Сянкевіч. Праца вялася толькі ўначы. Побач ідзе дарога Іўе-Юрацішкі, і таму людзі баяліся, што хтосьці з праязджаючых можа данесці ўладам, і тыя забароняць праводзіць рамонтныя работы. Калі дах быў перакрыты, паўстала пытанне аб рамонце ўнутры.
Выявы св. апосталаў Пятра і Паўла, што каля алтара, былі ледзь бачнымі. І таму людзі звярнуліся да Станіслава Іванавіча Казака (1963 г.н), жыхара в. Зубковічы, які меў мастацкую адукацыю, каб ён аднавіў малюнак. Праца была выканана дзесьці ў 1980-я гады.
Набажэнствы адпраўляліся толькі пахавальныя. У 80-90 гадах мінулага стагоддзя прыязджалі святары з Іўя.
У пачатку 1990-х у Лаздунах пробашчам стаў ксёндз Мар’юш Ільяшэвіч. Ён абслугоўваў і адноўленую ў 1992 годзе парафію ў Юрацішках, у склад якой увайшла і в. Ятаўтавічы. Кожную нядзелю святар ад-праўляў святую імшу ў мясцовай капліцы. Мясцовы жыхар Эдвард Францавіч Валько зрабіў малы алтар, амбону. Было закуплена дывановае пакрыццё на падлогу, пафарбаваны сцены, падлога.
Цяпер зноў тут адбываюцца толькі пахавальныя набажэнствы і два разы на год – на свята Найсвяцейшага Сэрца Езуса і напярэдадні дня ўзгадвання ўсіх памерлых– сюды прыязджае пробашч парафіі Перамянення Пана з Юрацішак, і людзі збіраюцца на імшу.
У святыні захаваўся алтар пачатку ХІХ ст., выкананы ў тэхніцы ілюзіяністычнага жывапісу: малюнкі ствараюць уражанне мармуровых рэльефных калон з шырокай занавешанай заслонай. У міжкалоннях - выявы постаці святых Пятра і Паўла. Малюнак расцягнуты на тры сцяны, якія замыкаюць прэзбітэрый.
У цэнтры размешчаны друкаваны абраз Найсвяцейшага Сэрца Езуса, прывезены кс. Збігневам Вокотропам.
Да 2001 года на гэтым месцы знаходзіўся абраз Хрыста Балеснага 1755-га года. Паўтарэнне кампазіцый Vir dolorum («Муж скорбей») італьянскага жывапісца Бальдасарэ Франчэскіні, вядомага сваімі алтарнымі карцінамі для італьянскіх храмаў. Гэты абраз Хрыста Балеснага ўзгадваецца ў вопісе касцёла св. Міхала, які дзейнічаў у Іўі на працягу ХVIII ст. Падчас пажару, які знішчыў гэтую святыню, абраз быў вынесены з храма і захоўваўся ў касцёле св. апосталаў Пятра і Паўла. Калі ж была ўзведзена капліца ў Ятаўтавічах, быў перададзены сюды і размешчаны ў алтарнай частцы.
На працягу некалькіх стагод-дзяў людзі, наведваючы капліцу, маліліся, скіроўваючы свой позірк на Збаўцу. А ў першыя гады ХХІ стагоддзя абраз быў скрадзены. Месцазнаходжанне яго па сённяшні дзень не ўстаноўлена.
У верхнім ярусе алтара каляровая літаграфія Маткі Божай Вострабрамскай. На адвароце ёсць надпіс: “11 жніўня 1858г, для Аўрэліі Р.”. Напэўна, Рымашэўскай, уладальніцы маёнтка Ятаўтавічы.
На сценах алейныя абразы “Бачанне св. Антонія Падуанскага” (пач. ХІХ ст), святога Антонія з Дзіцяткам (ХХ ст), святога Мікалая (ХІХ ст.). Цікавай часткай убранства капліцы з’яўляецца шэраг французскіх літаграфій - стацыі Дарогі Крыжовай перш.чвэрці ХІХ ст. Захаваліся і рэшткі “маленькага аргана” (такую назву можна сустрэць у вопісах). Але хучэй за ўсё гэта была фізгармонія.
Святыня больш як за два стагоддзі свайго існавання перажыла многае. Прыходзіла ў заняпад, але заўсёды знаходзіліся людзі, неабыякавыя да яе лёсу. І яна зноў паўставала. Ёсць надзея на тое, што сучаснае пакаленне працягне справу сваіх бацькоў і захавае як мага надалей гэтую цікавую сведку мінулага.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Марына Пазняк,
старшы навуковы супрацоўнік Іўеўскага музея
нацыянальных культур.