Гэтымі днямі спаўняецца 82 гады з дня гібелі першага дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, нашай зямлячкі, жыхаркі в. Белы Бераг Марыі Мікалаеўны Чэрнік, якая разам са сваім старэйшым сынам Мікалаем за актыўную дзейнасць у передваенны час, дэпутатскую работу пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй была жорстка расстраляна фашысцкімі акупантамі.
40 гадоў таму назад колішняму супрацоўніку раённай газеты «Путь Ильича» Алегу Ігліцкаму ўдалося пагутарыць з жонкай актывіста Уладзіміра Шалянка Евай Міхайлаўнай з Юрацішак і сынам Марыі Мікалаеўны Леанідам Лук’янавічам, які падзяліўся падрабязнасцямі з жыцця сваёй маці. Тады ў некалькіх нумарах нашай газеты выйшаў шэраг публікацый, якія потым былі выкарыстаны супрацоўнікамі Іўеўская раённай бібліятэкі для серыі брашур “Вяртаем забытыя імёны”.
Карыстаючыся гэтымі матэрыяламі, мы нагадаем нашым чытачам аб жыццёвым шляху і актыўнай грамадскай дзейнасці нашай гераічнай зямлячкі, імя якой сёння носіць Бакштаўская СШ.
Бакштанская зона да 1939 года, як уся Заходняя Беларусь, была пад уладай панскай Польшчы. Людзі жылі вельмі бедна. Яны верылі, што наступіць той дзень, калі Заходняя Беларусь будзе вольная ад белапольскіх акупантаў. Верыла ў гэта і Марыя Мікалаеўна Чэрнік. І каб наблізіць гэты светлы дзень вызвалення, яна актыўна ўключылася ў падпольную працу. Пры яе непасрэдным удзеле была створана ячэйка КПЗБ у Белым Беразе. У яе склад увайшлі адданыя народу і партыі камуністы Дзям’ян Пятровіч Русак, Андрэй Паўлавіч Бацян, Уладзімір Антонавіч Шалянок. Яны падтрымлівалі цесную сувязь з падпольнай арганізацыяй у Бакштах, у якой налічвалася больш за 20 чалавек.
...Ішоў 1933 год. Ён знамянальны быў тым, што ўзнялася дзейнасць белабярэжскіх і бакштаўскіх падпольшчыкаў. Ніхто не падазраваў, што простая сялянка Марыя Чэрнік, у якой трое малых дзяцей, распаўсюджвае лістоўкі, якія заклікаюць прагнаць з беларускай зямлі польскіх паноў.
У сям’і ведалі, што Марыя Мікалаеўна ўключылася ў цяжкую і небяспечную справу, але не перашкаджалі ёй. Падпольшчыкі, у тым ліку і Чэрнік, некалькі разоў арганізоўвалі забастоўкі рабочых на лесараспрацоўках. Польскія ўлады выклікалі паліцыю, але забастоўкі працягваліся, заказы фірмы не выконваліся да таго часу, пакуль гаспадары лесанарыхтовак не задавальнялі патрабаванні рабочых.
Рэвалюцыйная барацьба працоўных станавілася асабліва актыўнай у дні рэвалюцыйных свят. Не зважаючы на жорсткія праследванні польскай паліцыі, у 1936 годзе ў ноч з 30 красавіка на 1 мая ў Бакштах на будынках паліцэйскага ўчастка і гміны падпольшчыкамі былі вывешаныя чырвоныя сцягі з надпісам «Няхай жыве савецкая ўлада! Далой польскі фашызм!»
Вераснёўскай раніцай 1939 года белабярэжцы прачнуліся, пачуўшы грукат на бальшаку. У 4 гадзіны раніцы па дарозе з Валожына на Бакшты прайшлі танкі і машыны. Людзі са здзіўленнем пазіралі ў вокны, але не асмельваліся выйсці на вуліцу. «Што такое? Што здарылася?» – пыталіся яны адзін аднаго. «Рускія! Нашы! Свабода!» – крычалі іншыя і цалавалі, абдымалі тых, хто яшчэ не ведаў пра тое, што Заходняя Беларусь вызваленая.
Марыя Мікалаеўна зняла з галавы чырвоную хустку і парвала яе на кавалкі. Чырвоныя ласкуты белабярэжцы прымацавалі на палку і выйшлі сустракаць чырвонаармейцаў.
Сапраўды ўсенародным святам для жыхароў былога Юрацішкаўскага раёна былі выбары ў Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР. Вось што ўспамінае пра гэты знамянальны дзень ураджэнка вёскі Белы Бераг Ева Міхайлаўна Шалянок.
— Таварышы! Час паншчыны скончыўся. Цяпер мы самі сабе будзем гаспадарамі на зямлі. І яркім сведчаннем сапраўднага народаўладдзя з’яўляюцца выбары прадстаўнікоў народа ў Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР. Вось і сёння вы павінны абраць свайго дэпутата ў дзяржаўны парламент.
Белабярэжцы загаварылі. Раптам хтосьці прапанаваў:
- Давайце абярэм Марыю Чэрнік! А што, падыходзячая кандыдатура!
— Марыю! Марыю! – закрычалі ў зале.
А затым наперад выйшла Марыя Мікалаеўна і ад радасці заплакала:
— Дзякуй за тое, што аказалі мне, простай сялянцы, давер быць вашым прадстаўніком у вышэйшым органе ўлады краіны. Давер ваш паспрабую апраўдаць.
Пасля выбараў Марыя Чэрнік актыўна ўключылася ў грамадскую працу. Па-першае, людзей трэба было навучаць грамаце. І Марыя Мікалаеўна з энтузіязмам узялася за арганізацыю школ. Разам са старэйшым сынам Мікалаем яна ездзіла на кані па вёсках, праводзіла сходы, распавядала аб тым, якія змены павінны адбыцца ў тутэйшых месцах, заклікала сялян навучацца грамаце.
Паводле яе хадайніцтва былі адкрытыя ў 1939 годзе беларускія школы для дзяцей беднякоў у Белым Беразе, Паташні, Каменнай Слабадзе, Шчучым Бары, Грабаве, Бакштах.
У той час Марыя Чэрнік і сама вучылася грамаце. Да яе ішлі людзі з пытаннямі, і слова дэпутата было для іх не толькі абнадзейваючым, але і дзелавым. Яна спяшалася на дапамогу людзям і ведала, што патрэбна, што яе чакаюць, на яе спадзяюцца.
Пад уплывам Марыі Мікалаеўны духоўна фарміраваўся яе старэйшы сын Мікалай. Ён узначаліў камсамольскую арганізацыю белабярэжскага смолзавода, быў завадатарам вечарынак.
У 1940 годзе Марыя Міка-лаеўна Чэрнік рабіла спробу арганізаваць у краі балот і лясоў першыя калектыўныя гаспадаркі. Але не ўдалося ёй ажыццявіць мару. Грымнула вайна.
Грукат ваеннай кананады даносіўся здалёк у ціхую вёсачку над Іслаччу.
На наступны дзень пасля вяртання з Валожына яна сустрэла ў лесе некалькі савецкіх салдат. Змардаваныя, у скрываўленых бінтах, яны адступалі.
- Пачакайце, родненькія, я вам хоць паесці прынясу, — сказала яна і пабегла дадому за салам і варанай бульбай.
І так некалькі дзён яна сустракала нашых байцоў, карміла іх, перавязвала раны і паказвала глухія дарогі, па якіх можна было незаўважанымі сысці. Пра сябе думала менш за ўсе, хоць ведала, што калі прыйдуць фашысты, то яе расстраляюць у ліку першых.
Неўзабаве белабярэжцы ўбачылі немцаў. Пазней Марыі Мікалаеўне стала вядома, што фашысты спыніліся ў Бакштах. Для падтрымання «новага парадку» там раскватараваўся іх гарнізон, камендатура.
Жыць у доме для Марыі Мікалаеўны стала небяспечна, і яна пайшла ў лес. Дома начавала рэдка. Яе не пакідала думка арганізаваць партызанскі атрад або самой далучыцца да народных мсціўцаў. Але ў першыя месяцы вайны атрада ў тутэйшых месцах яшчэ не было, а спроба стварыць яго зацягвалася.
Жнівень 1941 года быў як ніколі трывожным. Фашысты лютавалі. Пад свіст нагаек яны прымушалі мясцовых жыхароў грузіць падбітыя танкі на платформы аўтамашын. Акупанты закрылі школы, абклалі насельніцтва буйнымі падаткамі. Цярпення ў людзей не хапала. Затое былым буржуазным нацыяналістам «новы парадак» прыйшоўся па душы. Гэта яны каравым почыркам напісалі доўгі спіс прозвішчаў былых членаў КПЗБ, савецкіх і дзяржаўных работнікаў і падалі яго ў нямецкую камендатуру ў Бакшты.
Афіцэр камендатуры доўга трымаў гэты спіс у руках, на лбе яго выступіў халодны пот, затым яго погляд упаў на адну з прозвішчаў.
— Марыя Чэрнік, — вымавіў ён на ламанай рускай мове і абурыўся: — Дэпутат! Чаму да гэтага часу яна на волі?!
Афіцэр зрабіў доўгую паўзу і працягнуў:
— Чарніца... Чарніца... Русак... Шалянок... Бацян... Чарніца...
Ён прачытаў доўгі спіс прозвішчаў.
- Можа ты мне скажаш, Кульша, колькі тут у вас гэтых Чэрнікаў, якія заўтра нас з табой расстраляюць?
- Шмат, спадар начальнік. Тут у нас гэтых Чэрнікаў, куды ні павярніся!
— Расстраляць! Расстраляць гэтых камуністаў сёння ж, ноччу!
Афіцэр выбег з кабінета, а пісар камендатуры Стась Кульша, закрыўшы твар рукамі, так і застаўся сядзець за сталом.
— Божа мой! - падумаў ён, — калі іх усіх расстраляюць, уся віна ўпадзе на мяне. Хай я сёння герой, але ўлада можа змяніцца, і тады мяне, бездапаможнага пісарышку, спытаюць: «Чаму пайшоў да немцаў служыць і трымаў у руках гэты «чорны», спіс?»
Дрыготкай рукой ён знарок перавярнуў чарніліцу на аркуш паперы і заліў чарніламі большую палову прозвішчаў. На жаль, не ўсе.
Паліцаі і немцы акружылі дом Марыі Мікалаеўны Чэрнік. Раздаўся гучны стук у дзверы. У гэты час, схаваўшыся ў кусты каля Іслачы, пракраўся старшыня Бакштаўскага сельвыканкама Аляксандр Рыгоравіч Шэмет. На некалькі хвілін ён спазніўся і не паспеў папярэдзіць Марыю Мікалаеўну, што немцы зладзілі аблаву.
Яны заламалі ёй рукі і звязалі калючым дротам. Затым наставілі аўтаматы ў грудзі Мікалая. У Мікалая была да гэтага магчымасць уцячы, але ён убачыў, як там, у двары, мільгалі цені. Дом быў акружаны.
Іх пагналі па дарозе ў сасоннік, які рос недалёка ад вёскі Белы Бераг. Марыя Мікалаеўна ішла разам з 19-гадовым сынам Мікалаем. За імі ішоў Дзям’ян Русак, побач — Мікалай Чэрнік, Уладзімір Шалянок, Андрэй Бацян. Да месца расстрэлу яны ішлі моўчкі, не слухаючы брыдкаслоўі паліцаяў, якія яны лілі ў іх адрас. У перадсмяротныя хвіліны ў памяці падпольшчыкаў усплылі і горкія, і шчаслівыя моманты жыцця, якую яны прысвяцілі барацьбе за сапраўднае людское шчасце. Яны былі чыстыя перад народам, як кропелькі ранішняй расы, і паміраць ім тады было зусім не страшна.
— Дэпутат не хоча сказаць апошняе слова? — здзівіўся афіцэр.
— З вамі не тое што казаць, на вас, паразітаў, глядзець не хачу! — кінула фашыстам смелыя словы Чэрнік.
... Упалі на зямлю скошаныя аўтаматнымі чэргамі Марыя Мікалаеўна, яе сын, Андрэй Бацян, Мікалай Чэрнік. Ён толькі паспеў крыкнуць: «Бяжы! — і пабег лесам у бок вёскі. Дзям’ян Русак таксама кінуўся ў кусты, але не паспеў сысці ад куль. Цудам застаўся жывы толькі Шалянок. Доўгі час ён бадзяўся па пушчы, а затым падаўся ў Талачынскі раён. Там ваяваў у партызанскім атрадзе, але не дажыў да светлага дня Перамогі – загінуў.
Да друку падрыхтавала
Ірына БУТУРЛЯ.
Аўтар выказвае падзяку краязнаўцу Алегу Ігліцкаму і калектыву Іўеўскай раённай бібліятэкі.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору для вытворчасці нацыянальнага кантэнту.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews