ivyenews.by

"Добра памятаю такі выпадак...". Тры цікавыя гумарэскі Галіны Нічыпаровіч

Трэці не лішні

Пасля развода Кірыл доўгі час заставаўся адзін. Ці то баяўся памыліцца яшчэ раз, ці то ніяк не сустракаў тую адзіную…

Раптам да жанчыны, якую даўно ведаў, успыхнула каханне. Пачалі сустракацца, разам бавілі час. Не на людзях, баяліся сурочыць, тым больш, што ў Таццяны была дачка. Ці адобрыць яна выбар матулі?

Аднак калі хто і быў супраць, дык гэта… котка. Яна катэгарычна не змірылася з рашэннем гаспадыні ўпусціць у кватэру новага жыльца і таму шкодзіла Кірылу, як магла. Можна сказаць, выжывала з жылля.

Той спачатку сварыўся на котку, таксама не хацеў з ёй мірыцца. Потым вырашыў падкупіць Маркізу. Але марна: тая каўбасу з’ядала, а вось фокусы свае не пакідала…

— Ці я, ці яна! Так далей працягвацца не можа, — злосна выгукнуў Кірыл, калі котка ў чарговы раз падрапала ягоныя штаны. — Удваіх нам тут месца мала.

— Я ўсё вырашу, вось пабачыш, — паабяцала Таццяна. — Пацярпі яшчэ трошкі.

Што і як гаспадыня даводзіла Маркізе, засталося сакрэтам. Скардзілася на свой лёс, ці ўгаворвала прызнаць у Кірылу гаспадара, ці нешта паабяцала… Вядома толькі ім, але з таго часу котку нібы падмянілі.

Як толькі гаспадар бярэ ў рукі цыгарэты, котка важна плыве з ім на балкон курыць. Аддана сцеражэ, каб ніхто яго не патурбаваў. Невядома як, але заўсёды адчувае хуткі прыход Кірыла дамоў, сустракае каля дзвярэй. Неяк нават мышку злавіла і прынесла яму на вячэру, шчыра зазіраючы ў вочы…

У Кірыла з Маркізай свая таямніца. Ніхто ж таксама не ведае, што ён паабяцаў котцы, каб тая дала яму спакойна жыць з Таццянай. Галоўнае — у хаце згода і спакой. Ну, а хітрая Маркіза, відаць, зразумела, што «ласкавае цялятка двух матак смакча» і з поспехам гэтым карыстаецца.



Папсаваная нявеста

Здарылася гэта даўней, за савецкім часам. Жылі вяскоўцы на той час не вельмі багата, затое дружна. Па выхадных часта збіраліся на выгане, каб паспяваць ды патанцаваць. Разам гулялі вяселлі і народзіны.

Добра памятаю такі выпадак. Суседка прынесла навіну: 

Росцік, хлопец з нашай вёскі, будзе жаніцца на дзяўчыне з горада. Вяселле праз месяц. Мне не цярпелася паглядзець на тую гараджанку, бо я ў свае сем гадоў, акрамя суседняй вёскі, нідзе не была.

…І вось той дзень настаў. Пачатак лета. Сонечнае надвор’е. Маладыя сядзелі на покуце, збянтэжаныя ўсеагульнай увагай, а моладзь кружылася ў танцах пад гармонік і цымбалы. Нявеста, прыгожа апранутая, з высокай прычоскай, адчувала сябе ніякавата, бо над ёй, як пчаліны рой, віліся зялёныя, тлустыя мухі. Вясковыя жанчыны нават пачалі ўпотай падсмейвацца: «Няйначай, гараджанка трошкі папсаваная». Не вытрымаўшы націску крылатых стварэнняў, нявеста са слязьмі на вачах выскачыла з-за стала, а за ёю — і жаніх.

З’явіліся яны праз некалькі гадзін. Дзяўчыну нібы падмянілі: ні шыкоўнай прычоскі, ні суправаджэння над яе галавой не было. І толькі пасля мы даведаліся, што нявеста змачыла накручаныя на матузкі валасы (бігудзі на той час не было) падсалоджанай вадой, каб добра трымаліся. Таму мухі да яе і ліплі.

Ох, і вялікую цану давялося заплаціць гараджанцы за тую прыгажосць! Мінула шмат часу, але калі гэтая сям’я прыязджала ў вёску, людзі ціха падсмейваліся: «Вунь Росцік з папсаванай ідуць!» Так за ёй гэта мянушка і засталася…



Хто вінаваты?

— Дачакаліся вясны, дзякаваць богу! — заходзячы ў хату, сказаў дзед Мікола. — Паглядзі, баба, як сонейка прыпякае. Котка і тая не просіцца на печ, а грэецца на прызбе пад сонейкам. Ды і я, пасядзеўшы на лаўцы, разамлеў.

Баба Алена штосьці вязала, уладкаваўшыся на зэдліку пад акном.

— А ці не збегаць мне на рыбалку? Як думаеш, Алена? Памятаеш, якія вялікія шчупакі траплялі на мой кручок? — не на жарты разышоўся дзед. Нават спіна сталася, а вусы, дальбог, натапырыліся.

— Ха, збегаць! Хаця ты паціху схадзі, бегунок знайшоўся, — лагодна ўсміхнулася жонка. — Ды і ці варта? Лёд нядаўна сышоў, начамі яшчэ падмарожвае…

— Затое калі пашанцуе, будзе смачная вячэра!

Дзед нацягнуў доўгія рыбацкія боты, цяплей апрануўся, бо каля рэчкі заўсёды холадна. Узяў спінінг, што падарылі ўнукі, ды падаўся ў бок ракі. Вада чаўкала пад нагамі: павадак, як-ніяк… Але старому гэтая акалічнасць настрой не псавала.

Спыняючыся і закідваючы раз-пораз спінінг, Мікола сунуўся ўздоўж берага. Нічога не клявала. Сонца хілілася да лесу. Халодны калючы ветрык так і спрабаваў залезці пад ватоўку. Але дзеду так не хацелася вяртацца ні з чым!

«Ну, яшчэ разок закіну — і дахаты, — урэшце вырашыў ён. — А то і прастуду падхапіць нядоўга».

Раптам за кручок нібы хто ўчапіўся, лёска нацягнулася… Мікола ад радасці аж прысеў. Лоўка падсёк і пачаў хутка круціць катушку. Над вадой з’явілася галава рыбіны, і жывёліна плаўна пачала набліжацца да берага. Дзед ужо смакаваў удачу, але… Амаль каля берага, у траве, рыба дала хвастом па вадзе і… сарвалася. Мікола — адкуль узяўся спрыт — хацеў ухапіць яе рукамі, але ногі слізганулі па траве. Не паспеў апамятацца, як апынуўся ў ледзяной вадзе. Аж дух заняло! Сплюнуў ад злосці і пачаў выбірацца на бераг. Не хапіла яшчэ ўтапіцца…

Пакуль шпарка ішоў дамоў, адзенне зрабілася дубяным. У ботах хлюпала вада, а галаву свідравала надакучлівая думка: «Гэта Алена вінавата! «Ці варта ісці? Лёд нядаўна сышоў…» Сурочыла, як піць даць! Ну, цяпер няхай не плача — будзе замест шчупакоў зацірку сёрбаць ды маўчаць… І котка няхай за мышамі палюе, а не рыбіну чакае — разлеглася, бач, на прызбе. Маўчаць трэба, а не княваць…».

 

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews 

 

Галіна НІЧЫПАРОВІЧ.

Читайте ещё:



Оставить комментарий