Працяг.
Даехаць у Высоцкія можна праз Жамыслаўль уздоўж ракі Гаўя, а можна па прамой дарозе міма Лаўкенікаў, праз хутар Брадоўка. Калісьці гэтую дарогу называлі Віленскі гасцінец, бо яна была прамой дарогай на Вільню. Адлегласць ад Лаўкенікаў да горада складала 75 км. Не выпадкова тут, за польскім часам, паблізу хутара Брадоўка, яўрэй Чайкоўскі пабудаваў карчму і пастаялы двор (хату для начлегу і канюшню). У пастаялы двор заязджалі на вазах людзі па дарозе на Вільню. Тут яны маглі папіць, паесці, пагрэцца, пераначаваць, паставіць у канюшню коней на адпачынак.
Карчма каля Брадоўкі прастаяла да вайны, а потым яе разабралі. Але назва гэтага месца “Чайкоўская гара” і па сённяшні дзень захавалася. Тут пасля вайны стаяў высокі драўляны маяк, а потым і яго знеслі.
У Высоцкіх пражывалі два ветэрана вайны. Іосіф Фомавіч Пясецкі, 1925 г.н., у гады Вялікай Айчыннай вайны быў прызваны на фронт і ваяваў з 12.12.1944 г. па 09.05.1945 г. у складзе 5-га асобнага сапёрнага батальёна Войска Польскага. За мужнасць і адвагу ветэран быў узнагароджаны медалём Жукава, ордэнам Айчыннай вайны II ступені (1985г.), юбілейнымі медалямі ў гонар перамогі.
У мірны час Іосіф Пясецкі ўзначальваў паляводчую брыгаду ў в. Высоцкія. Быў удастоены паездкі на ВДНГ у Маскву. За добрасумленную працу быў удастоены нагруднага знака "Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва" (1974 г.). Шмат гадоў працаваў печніком на новабудоўлях саўгаса. Разам з высоцкім печніком Міхаілам Келем зрабілі шмат печак і печаў мясцоваму насельніцтву Іўеўшчыны, а таксама жыхарам Літвы.
Іосіф Антонавіч Венскель таксама вярнуўся ў Высоцкія з фронту пераможцам. Ён працаваў у паляводстве, вартаўніком на ферме. Яго сын Віктар Іосіфавіч працаваў токарам саўгаса "Жамыслаўль". Цяпер на пенсіі і пражывае ў аграгарадку Жамыслаўль.
Цяпер у Высоцкіх пражываюць пастаянна тры жыхары. Гэта Зянон Юзэфавіч Мікша, каваль жамыслаўльскай мехмайстэрні КСУП "Суботнікі", з сынам Валерам. А яшчэ на хутары Брадоўка, які адносіцца да вёскі Высоцкія, пражывае Тарэза Юстынаўна Карвель, 25.11.1940 г.н. Родам яна з в. Лаўкенікі, са шматдзетнай, працавітай сям'і. У такую ж сям'ю ў Брадоўку замуж выйшла за Іосіфа Карвеля, 1930 г.н.
Пасля вяселля ў 1961 годзе маладыя пачалі жыццё на хутары ў Брадоўцы. Іосіф быў вельмі працавіты і здольны да ўсяго. Яго бацька Аляксандр, каб купіць зямлю і заснаваць хутар, ездзіў на заробкі ў Амерыку. У яго былі чатыры сыны і дачка. Тром сынам ён купіў зямлю каля Суботнікаў, а чацвёртаму, Юзіку, - у Брадоўцы. Дачка пайшла замуж у вёску Чэхаўцы. Ёй бацькі далі ў пасаг грошы і зямлю.
Гэта быў самы дарагі пасаг - зямля - карміліца.
Іосіф Карвель нідзе не асвойваў спецыяльнасці, а ўсё ўмеў як майстар - самавучка. Бацька яго памёр у маладым узросце. Юзік у той час быў падлеткам і сам змайстраваў сані, запрог каня і паехаў у лес па дровы. Многія жыхары Высоцкіх дзівіліся таленту хлопца, а многія не паверылі, што сані ён змайстраваў сам.
Будучы жанатым, ён сам змайстраваў канапу, абцягнуўшы яе тканінай так, што мэбля нічым не адрознівалася ад фабрычнай. Сталярная справа была яго захапленнем і сродкам матэрыяльнага забеспячэння сям'і. Іосіф рабіў зрубы хатаў, вокны, дзверы, сталы, лавы, этажэркі. Пабудаваў цагляны дом сыну Віктару ў Лідзе. Усё ён рабіў з любоўю, і таму нават цяжкая праца прыносіла яму маральнае задавальненне.
Яшчэ Іосіф Карвель быў вядомы на Іўеўшчыне і за яе межамі пячнік. Яго кафляныя печы і печкі былі прыгожыя, трывалыя, добра грэліся. І многія кліенты хацелі мець справу менавіта з ім, як з добрым майстрам.
Здавалася, як толькі і паспяваў усюды гэты руплівы чалавек, яшчэ заняты ў саўгасным паляводстве. Многімі вынаходніцтвамі ён аблегчыў працу сабе і іншым. Напрыклад, змайстраваў культыватар, каб не хадзіць за канём, а апрацоўваць зямлю седзячы ў сядле. А яшчэ ён быў добрым электрыкам, не маючы адпаведнай кваліфікацыі.
Да Тарэзы Юстынаўны сваталіся ў маладосці хлопцы з іншых вёсак, а яна выбрала самага працавітага, каб мець надзейную апору ў жыцці. І не памылілася. Сям'я жыла ў згодзе і дастатку. І сама Тарэза была працавітая. Усюды паспявала: і ў саўгасе, і на ўласнай гаспадарцы. Вырвала ў час уборкі адзін гектар лёну, палола штогод 50 сотак саўгасных буракоў. Толькі вясной 2020 года здала ўласную карову ў калгас.
Тарэза Юстынаўна - упаўнаважаная вёсак Падваранцы, Высоцкія і Лаўкенікі ў Суботніцкім сельсавеце. Па неабходнасці трымае сувязь з мясцовай уладай. У Жамыслаўль і Лаўкенікі дабіраецца на веласіпедзе. За актыўную работу ўзнагароджана граматай Суботніцкага сельвыканкама.
Гаспадара хутара Брадоўка Іосіфа Карвеля не стала 16 гадоў назад, у 2005 годзе. Але хутару не суджана стаяць паніклым і асірацеўшым. Бо любоў да вёскі і зямлі бацькі Карвелі перадалі сваім дзецям - сынам Івану і Віктару. І хоць месцам пастаяннага іх жыхарства з'яўляецца Ліда, дзе ёсць сем'і і дзеці, душа і думкі іх тут, у Брадоўцы.
У маладосці браты стварылі свой сямейны ансамбль і ігралі на вяселлях не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Прыгожыя, статныя, таленавітыя хлопцы з пявучымі галасамі запаміналіся многім гасцям вяселляў. Іх калектыву ў народзе і назву далі "Прыгожыя музыканты".
З узростам у братоў Карвеляў інтарэсы і захапленні змяніліся. Іх пацягнула да зямлі, на якой калісьці працавалі дзед і бацька. Іван і Віктар выкупілі каля бацькоўскай хаты ў Брадоўцы 60 сотак зямлі, пасадзілі малады сад, пабудавалі баню.
Малодшы Віктар з жонкай Аняй мае ў Лідзе бізнес, але гэтым займаецца больш жонка. А яго душа ляжыць да вясковай працы. Ён узяў у арэнду каля Брадоўкі 30 га поля і з'яўляецца галавой фермерскай гаспадаркі. Мае ўсю неабходную сельскагаспадарчую тэхніку, акрамя камбайна. На акуратна апрацаваных і дагледжаных палях штогод вырошчвае авёс і ячмень.
На такіх людзях, як сям'я Карвеляў, і трымаюцца сёння Высоцкія. Яны не бядуюць, што знікае неперспектыўная вёска. Яны робяць шмат рэальнага і канкрэтнага, каб Высоцкія жылі як мага даўжэй.
А. Ігліцкі.
Фотаздымкі з сямейных альбомаў жыхароў Высоцкіх.