Мінамётчык у баях і шафёр на саўгасных палях
Адным з першых вадзіцеляў саўгаса "Жамыслаўль" быў Аляксей Андрэенка. Пачынаў працу на бартавой машыне ЗІС-5, а потым доўгі час працаваў на машыне ГАЗ-93 - самазвале. Яму давяралі ўсе віды работ па саўгасе. Ён быў прыкладам моладзі ў адносінах да вадзіцельскай справы. Выдатна разбіраўся ў тэхніцы. Закалку стойкасці і мужнасці Аляксей Трафімавіч атрымаў у гады вайны, на фронце.
Аляксей Трафімавіч Андрэенка нарадзіўся 5.02.1918 года ў вёсцы Радзеева Уваравіцкага раёна (цяпер Буда-Кашалёўскі) Гомельскай вобласці. Да вайны служыў чатыры гады тэрміновай службы ў Чырвонай Арміі ў г. Бірыбіджан РСФСР. Служба закончылася, і Аляксей у салдацкай форме прыехаў поездам у Маскву, каб далей адправіцца дамоў, на Гомельшчыну. У гэты час, раніцай 22 чэрвеня 1941 года, з рэпрадуктараў прагучала страшнае слова "вайна". Усім ваенным, сышоўшым з поезда, загадалі з'явіцца на пункт збора ў ваенкамат для адпраўкі на фронт.
Аляксей з іншымі прызыўнікамі ў першы ж дзень вайны быў адпраўлены на Паўднёва-Заходні фронт, у 121 брыгаду 8 ударнай арміі. У званні сяржанта ён узначаліў мінамётны ўзвод. Захаваўся ўзнагародны ліст на байца ад 18 мая 1945 года: "Тов. Андреенко Алексей Трофимович, инвалид Отечественной войны, активно участвовал на фронте против немецко-фашистских захватчиков, находясь в особом миномётном батальоне 121 бригады 8 ударной армии, наступал на деревню Ануфриевка на Старо-Русском направлении. В бою проявлял отвагу и мужество и показал себя как хороший и смелый командир. Миномётным огнём отразил контратаки противника, чем способствовал продвижению пехотных частей. 18.05.1942 года был ранен в левую руку с повреждением локтевого сустава. Признан негодным к военной службе по приказу НКО СССР №336-42. Подлежит награждению орденом Отечественной войны ІІ степени".
Баец Андрэенка доўгі час ляжаў у шпіталі. Потым быў камісаваны, атрымаў пасведчанне інваліда вайны і нейкі час працаваў у тыле ворага.
У Шаркуцях Аляксей Андрэенка з'явіўся ў пасляваенны час не выпадкова. Сюда перад вайной прыехаў працаваць яго родны брат Міхаіл Андрэенка на будаўніцтва ваеннага аэрадрома каля Жамыслаўля. На будаўніцтве аб'екта працаваў на машыне ЗІС-5. Жыў з жонкай Верай на кватэры ў Шаркуцях у Тамаша і Дамінікі Пазавуцёў.
Але пачалася вайна. Наступаючая нямецкая армада разбурыла аэрадром каля Жамыслаўля. Двойчы ў Шаркуцях за вайну гарэла хата Пазавуцёў, і яе двойчы адбудоўвалі.
Пасля вайны Міша напісаў на Гомельшчыну брату Аляксею, каб прыязджаў жыць і працаваць у Шаркуці. "У гаспадара кватэры прыгожая дачка Стася, - пісаў ён. - Не сумняваюся, што яна будзе для цябе вельмі добрай жонкай".
Аляксей Андрэенка прыехаў у Шаркуці воінам-пераможцам з узнагародамі на грудзях. Прыехаў не дарэмна, бо Стася яму сапраўды спадабалася, і яны пажаніліся, стварылі сям'ю. Але ў хаце гаспадароў Пазавуцёў жыло тры сям'і, было цесна. Таму Міша Андрэенка з жонкай пераехалі на станцыю Юра-цішкі, пабудавалі дом, там жылі і працавалі. Аляксей і Станіслава Андрэенкі таксама паехалі жыць і працаваць у г.п.Воранава. Аляксей працаваў шафёрам у Воранаўскай бальніцы, а Станіслава - санітаркай.
У канцы 1960-х гадоў Андрэенкі вярнуліся ў Шаркуці да бацькоў. Аляксей Трафімавіч працаваў да пенсіі вадзіцелем у саўгасе "Жамыслаўль", потым - у саўгасе "Суботнікі". Станіслава Тамашаўна - на мясцовым спіртзаводзе, звеннявой ільнаводчага звяна, даглядчыцай жывёлы на ферме "Жамыслаўль". Аляксей Трафімавіч вельмі любіў свята 9 Мая - Дзень Перамогі і з задавальненнем яго чакаў. Не любіў глядзець фільмы пра вайну, бо ваеннай горычы хапіла яму на палях бою. Ветэрана вайны не стала 15.06.2002 г.
Сям'я Андрэенкаў была дружнай, моцнай, і гэта дапамагала ёй перажыць розныя цяжкасці ў жыцці. Вялікім болем у сэрцах бацькоў была страта старэйшага сына Станіслава, 1950 г.н., які загінуў у 12-гадовым узросце ад электрычнага разраду маланкі. Надзеяй і апорай у іх жыцці былі малодшы сын Часлаў, нявестка Ядвіга, якія засталіся жыць і працаваць у Шаркуцях і дагледзелі сваіх бацькоў у старасці.
Часлаў Аляксеевіч закончыў Азёрскі тэхнікум механізацыі, потым, у 1990 годзе, - Мозырскі педінстытут, па спецыяльнасці настаўнік тэхнічнай працы і фізікі. 31 год адпрацаваў у Жамыслаўльскай сярэдняй школе настаўнікам прафесіянальнага навучання (трактар і сельгасмашыны). Вучні ў школе атрымоўвалі правы трактарыста. Многія хлебаробы, якія працуюць механізатарамі ў КСУП "Суботнікі" - выпускнікі Часлава Аляксеевіча.
Ядвіга Станіславаўна закончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы, матэматычны факультэт, настаўнік матэматыкі. Аддала любімай справе 33 гады працы ў Жамыслаўльскай сярэдняй школе. Ёй удзячныя многія выпускнікі школы трох пакаленняў, якія атрымалі трывалыя матэматычныя веды і змаглі паступіць і закончыць прэстыжныя ВНУ краіны.
Сыны Андрэенкаў закончылі БНТУ, аддзяленне праграміравання, маюць сем'і. Андрэй жыве ў Фаніпалі каля Мінска, Аляксандр - у Лідзе. Не забываюць бабулю і дзядулю і радуюць іх тэлефоннымі званкамі і віншаваннямі пяцёра ўнукаў.
А. Ігліцкі.
Працяг будзе.
Фота з сямейнага альбома Андрэенкаў.