Капліца Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Ятаўтавічах адзін са старэйшых помнікаў драўлянага дойлідства на тэрыторыі Іўеўскага раёна, піша Іўеўскі музей нацыянальных культур.
Месца пад яе будаўніцтва і камень-парог былі асвенчаны ксяндзом канонікам пробаршчам іўеўскай парафіі Томашам Давідам Шаняўскім 20 мая 1811 года. А ўжо 20 жніўня таго ж года капліца была гатова. Будаўнічымі працамі кіраваў шамбелян быўшага польскага двара Антоній Гурскі.
У алтары размешчаны друкаваны абраз Найсвяцейшага Сэрца Езуса к.1990-ых гадоў, прывезены кс. Збігневам Вокотропам. Да 2001 года на гэтым месцы знаходзіўся абраз Хрыста Балеснага 1755-га года. Паўтарэнне кампазіцый Vir dolorum («Муж скорбей») італьянскага жывапісца Бальдасарэ Франчэскіні, вядомага сваімі алтарнымі карцінамі для італьянскіх храмаў.
Гэты абраз Хрыста Балеснага ўзгадваецца ў вопісе касцёла св.Міхала, які дзейнічаў у Іўі на працягу 18 стагоддзя. Падчас пажару абраз быў вынесены з храма і захоўваўся ў касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла. Калі ж была ўзведзена капліца ў Ятаўтавічах, быў перададзены туды і размешчаны ў алтарнай частцы.
На абразе церпячы Езус левай рукой паказвае на сваю рану. На галаве металічныя пасярэбраныя паўкруглы німб з кароткімі промнямі і шырокі цярновы вянок. Такі ж пасярэбраны і авал вакол раны ў баку Хрыста. Ніжэй у прамавугольным акантовачным картушы фрагмент прароцтва Ісаі: “Ён паранены за безаконне наша. І ранамі Ягонымі мы ацаліліся”.
На працягу некалькіх стагоддзяў людзі, наведваючы капліцу, маліліся, скіроўваючы свой позірк на Збаўцу. А ў першыя гады ХХІ стагоддзя абраз быў скрадзены. Месцазнаходжанне яго па сённяшні дзень не ўстаноўлена.
P.S. Фотаздымкі капліцы С. Зенкевіча.
Фота абраза з выдання "Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego, tom 4".