і даследаваць не толькі па папяровых гістарычных звестках, але і па фотаздымках.
У Год гістарычнай памяці ў Беларусі стартаваў сумесны гісторыка-культурны праект “Бацькаўшчына” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і лаўрэата прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава. Пачатак праекту надало выданне аднайменнага календара, у якім прадстаўлены старадаўнія паштоўкі і фотаздымкі канца XIX – пачатку XX стагоддзяў з асабістай калекцыі аўтара.
“Гродзенская праўда” падтрымала праект і, пачынаючы з 14-га нумара газеты, адкрыла цыкл фотапублікацый, прысвечаных гістарычнай спадчыне гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і вёсак Гродзеншчыны.
Дарэчы, калекцыя Уладзіміра Ліхадзедава налічвае каля 50 тысяч экзэмпляраў. Многія ўнікальныя паштоўкі і фотаздымкі ўвайшлі ў кнігі-фотаальбомы аўтара, сярод якіх ёсць выданні, прысвечаныя гісторыі Гродна, Навагрудка, Ліды, Свіслачы, Слоніма, Смаргоні, Ашмян. У гэтым годзе плануецца, што пры падтрымцы Гродзенскага аблвыканкама ўбачаць свет яшчэ тры фотаальбомы пра Ваўкавыскі, Іўеўскі і Карэліцкі раёны.
Праект, безумоўна, унікальны і ставіць вельмі важную і актуальную задачу – вывучэнне, захаванне і папулярызацыю гістарычнай спадчыны беларускага народа. Ён складаў аснову XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-ярмаркі, якая праходзіла 23-27 сакавіка.
Касцёл Святых Пятра і Паўла ў Іўі

Касцёл пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя на месцы больш старажытнага гатычнага храма XV стагоддзя. Падчас руска-польскай вайны 1654—1667 гадоў касцёл быў спалены. У канцы XVIII стагоддзя пачалося ўзвядзенне на тым жа месцы новага касцёла ў стылі барока, які захаваўся да нашых дзён. Пасля закрыцця ў 1858 годзе манастыра бернардынцаў касцёл стаў парафіяльным. У наш час каталіцкі храм у Іўі – адна з найпрыгажэйшых каталіцкіх святынь Гродзеншчыны.
Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа ў Іўі

Незвычайны будынак, дзе сёння размяшчаецца Іўеўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, знаходзіцца ў цэнтры гарадка. Некалі гэта была яўрэйская сінагога. Знешні выгляд будынка пасля рэстаўрацыі захавалі.
Царква Уваскрэшання Хрыстова ў Ашмянах

Храм Уваскрэшання Хрыстова ў Ашмянах быў пабудаваны ў 1883 годзе з цэглы ў выглядзе крыжа. Узначальваў будаўніцтва архітэктар Полазаў. У 1964 годзе царкву зачынілі. Царкоўная маёмасць была разрабавана, а сам будынак быў пераўтвораны ў склад. У 1990 годзе храм вярнулі праваслаўнай царкве і аднавілі.
Цэнтральная плошча ў г.п. Воранава

На старым фотаздымку можна ўбачыць, як выглядала плошча ў Воранава ў пачатку 1900-х гадоў. Шмат людзей, павозкі і коні… Сёння яна мае зусім іншы выгляд. Акуратная, утульная плошча сустракае жыхароў і гасцей невялічкага, але вельмі прыгожага населенага пункта.