Краязнаўца Алег Ігліцкі працягвае падарожжа па малой радзіме.
Сялянскаму роду не было пераводу
Вёска Бялымшчына, дзе 11 хатаў па левы бок дарогі на Трабы, мела кароценькую вуліцу. А ў першай хаце жыла Марыя Юргелевіч. Жыла без мужа, гадавала дзяўчынку Станіславу, інваліда з дзяцінства. Марыя цяжка працавала. Пад сілу ёй была і мужчынская праца. Дзяругамі насіла вязанкі ламачча з лесу, каб сагрэць хату зімой. Да пенсіі працавала даглядчыцай цялятаў на жывёлагадоўчай ферме “Раманы”. Як і ўсе вяскоўцы брала дзялкі буракоў на саўгасным полі і акуратна іх апрацоўвала.
Брат Марыі Юргелевіч Станіслаў працаваў бухгалтарам саўгаса “Жамыслаўль”, а потым – брыгадзірам цэнтральнай брыгады саўгаса, жыў з сям’ёй у в.Таруці.
Гаспадары наступнай хаты Іосіф і Станіслава Юрушы працавалі ў саўгасе паляводамі. Іх дачка Лёдзя выехала жыць у Латвію. Дачка Марыя выйшла замуж у Раманы за Івана Нарбута, працавала паляводам, а Іван – механікам трактарнай брыгады, а потым – брыгадзірам у Раманах.
Наступнай стаяла хата Аршулі Юралевіч. Муж яе Стась памёр у маладосці. Жанчына працавала ў паляводстве і адна гадавала чатырох дзяўчынак. Дачка Ганна засталася ў вёсцы і жыла з маці ў Бялымшчыне. Дачка Лёдзя жыла ў Юрацішках і працавала рабочай у арганізацыі “Заготзерно”. Дачка Станіслава пайшла замуж у в. Аднаполь. Муж яе памёр рана. Дзяцей не мелі. Яна выйшла другі раз замуж за ўдаўца з Гіравічаў Станіслава Аніскевіча, які працаваў на конях у мясцовым калгасе. Жонка яго рана памерла, пакінула чацвёра малых дзяцей. Станіслава ўсклала на сябе вялікую ношу па догляду і выхаванню сіротаў. І пранесла яе спаўна. Нездарма дзеці яе вельмі любілі і называлі мамай. Станіслава часта прывозіла дзяцей да сваёй маці ў Бялымшчыну. І ўсе жыхары бачылі яе выхаванцаў заўсёды акуратнымі, ахайна апранутымі.
Чацвёртая дачка Аршулі Юралевіч Яніна выйшла замуж у Навасяды за Мар’яна Юргелевіча. Мелі двое дзяцей. Яніна працавала ў паляводстве, а Мар’ян – у будаўнічай брыгадзе саўгаса “Жамыслаўль”. Унук Аршулі Юралевіч, сын Яніны Валянцін Юргелевіч, жыве ў Трабах і працуе галоўным аграномам КСУП “Трабы”.
У наступнай хаце жыла сям’я Іосіфа Уркеля, які прыйшоў у прымы да Ядвігі Кропа. Мелі сына Стася і дачку Дануту.
Побач стаяла хата Іосіфа і Юзэфы Юралевічаў, якія мелі дачку Лёдзю і сына Генадзя. Генадзь ажаніўся і жыве ў Кудэйшах.
Наступнай стаяла хата, у якой жылі Іван і Яніна Паплаўскія, паляводы, мелі трое дзяцей. Сын Віктар узяў жонку з Самішчаў, працаваў лесніком. Сям’я доўгі час працавала ў Бялымшчыне, а потым пераехала жыць у Вільню. Дачка Фэля выйшла замуж у Лаздуны і там працавала ў паляводстве. Дачка Галіна выехала ў Вільню і там уладкавала сваё жыццё.
Наступны жыхар Часлаў Паплаўскі і яго жонка Генуэфа пачыналі сваю працоўную дзейнасць, як і ўсе вяскоўцы, у 1952 годзе, у бялымшчынскім калгасе імя А.С.Пушкіна, а затым у аб’яднаным калгасе імя Калініна, кантора якога знаходзілася ў Раманах. Часлаў Францавіч адзін з першых механізатараў, які працаваў на гусянічным трактары ДТ54 у брыгадзе “Раманы”. Яго жонка Генуэфа працавала ў паляводстве. Яны мелі трое дзяцей.
Трошкі воддаль ад вуліцы стаяла хата Віктара і Ганны Юралевічаў. Віктар быў на ўсю акругу стальмашны майстар і каваль. У двары стаялі будынкі стальмашні і кузні. У стальмашні майстар рабіў з дрэва колы да вазоў. А ў кузні акоўваў калёсы для моцнасці жалезнымі абадамі. У кузні рабіў зубы да баронаў, нарогі да плугоў. З многіх вёсак ехалі жыхары да Юралевіча заказаць драпцы, гачкі, акаваць вядро да студні, адрамантаваць ровары. Дзеці Юралевічаў Зыгмунд і Яніна паехалі жыць і працаваць у Ліду. Галіна і Валянціна выйшлі замуж і засталіся жыць у вёсках.
У канцы вясковай вуліцы жылі Баляслаў і Яніна Юралевічы, гадавалі дзяцей Валянціна і Генуэфу. Баляслаў працаваў малаказборшчыкам, збіраў ад насельніцтва малако ад уласных кароў на здачу дзяржаве ў вёсках Бялымшчына, Навасяды, Таруці, Раманы, Жамайтукі. Яніна працавала ў паляводстве.
На зямлі бацькоў, побач з блізкімі людзьмі
З тых, хто прыехаў жыць у аддаленую, лясную вёску Бялымшчына і, як лірычна кажуць, звіў тут сваё гняздо, была і Яніна Іосіфаўна Юралевіч (дзявочае прозвішча Кудзін). Яніна Іосіфаўна родам з суседняй вёскі Раманы. Бацька яе Іосіф Вікенцьевіч і маці Юзэфа Матвееўна працавалі паляводамі. Любоў да працы на зямлі прывілі сваім дзецям Станіславу і Яніне.
Сын Станіслаў закончыў 7 класаў Жамыслаўльскай школы, курсы брыгадзіраў, і амаль усё жыццё працаваў брыгадзірам брыгады “Раманы” саўгаса “Жамыслаўль”. Яго жонка Амілія – паляводам. Жылі ў Раманах. Выхавалі двух дачок Дануту і Станіславу, далі ім вышэйшую адукацыю. Данута працуе бухгалтарам у Мінску. Станіслава атрымала прафесію настаўніка і працуе ў Гродна.
Станіслаў шмат працаваў, а адпачыць на пенсіі не паспеў, не дажыў да 60гадовага ўзросту.
Дачка Іосіфа і Юзэфы Яніна, 20.06.1940 г.н., закончыла 10 класаў Суботніцкай сярэдняй школы і Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці бухгалтар. Атрымаўшы дыплом, прыйшла працаваць у родную вёску Раманы бухгалтарам калгаса імя Калініна. Старшынямі калгаса ў той час працавалі Мікалай Сяргеевіч Кандрашоў, Аркадзь Аляксеевіч Лабко.
У 1959 годзе Яніна выйшла замуж за мясцовага хлопца з Бялымшчыны Сцяпана Юралевіча, 1937 г.н. Сцяпан Іванавіч доўгі час працаваў брыгадзірам брыгады “Раманы”, потым учотчыкам, памочнікам брыгадзіра, слесарамкавалём у мехмайстэрні брыгады “Раманы”.
У 1961 годзе калгас імя Калініна быў далучаны да саўгаса “Жамыслаўль”. Яніну Іосіфаўну перавялі працаваць бухгалтарам па аўтатранспарту ў кантору Жамыслаўля, якая размяшчалася ў былым палацы графаў Умястоўскіх.
У маладой сям’і была магчымасць атрымаць саўгасную кватэру з усімі выгодамі ў Жамыслаўлі. Але першым пра маладых паклапаціўся бацька Яніны. Купіў ім побач з Жамыслаўлем у в. Шаркуці дабротны, прасторны дом, былы будынак ФАПа. Але зяць Сцяпан наадрэз адказаўся жыць у Шаркуцях, і бацька быў вымушаны прадаць дом назад былому ўладальніку. Сцяпан вельмі любіў сваю Бялымшчыну, хацеў жыць толькі там, побач з раднёй.
Бацькава хата ў Бялымшчыне была старая, і Сцяпан вырашыў побач пабудаваць сваю прасторную хату з новага дрэва. Наняў шэсць цесляроў з вёскі Гіравічы, якія ручнымі піламі абразалі бярвенні, клалі на фундамент зруб вянок за вянком.
Сваю мару Сцяпан здзейсніў і быў вельмі задаволены. Няхай без камунальных выгод, няхай за 6 км ад цэнтральнай сядзібы саўгаса, але затое ў роднай вёсцы, на зямлі бацькоў, побач з блізкімі людзьмі.
Цяпер такіх людзей, якія любяць жыць у глушы, называюць “рабінзонамі” і “дзівакамі”. Але гэта было пакаленне, выхаванае на патрыятычных каштоўнасцях сям’і, хрысціянскіх традыцыях духоўнай аседласці. Юралевічаў не палохалі цяжкасці.
Яніна Іосіфаўна 33 гады дабіралася на працу ў Жамыслаўль летам і вясной на веласіпедзе. Зімой, у завеі і снегапады, ішла следам за пяццю мужчынамі, якія кожную раніцу дабіраліся на працу ў мехдвор саўгаса ў Жамыслаўль.
У 1988 годзе дырэктар саўгаса “Жамыслаўль” А.Р.Халупка, ведаючы добрасумленнасць і адказнасць Яніны Іосіфаўны, настойліва прапанаваў ёй узначаліць жамыслаўльскую ферму па дарошчванні цялят (1 цялятнік) і адкорме бычкоў (3 валоўнікі). Усяго на ферме размяшчалася 1000 галоў жывёлы. Давялося кіраваць калектывам, у якім працавалі 10 чалавек.
Вопыт работы з людзьмі ў Юралевіч быў, а многія навыкі атрымоўвала у працэсе работы. Хоць цяжкасцяў у працы спазнала шмат. Адпрацаваўшы загадчыцай фермы 7 гадоў, Яніна Іосіфаўна выйшла на пенсію ў 1995 годзе. А потым яшчэ сем гадоў працавала загадчыцай Раманаўскага сельскага клуба, арганізоўвала культурнавыхаваўчыя мерапрыемствы для жыхароў навакольных вёсак.
Цяга да роднай зямлі, да прафесіі хлебароба, духоўная аседласць перадаліся ад Юралевічаў іх дзецям. Дачка Валянціна Сцяпанаўна Тамяловіч закончыла СанктПецярбургскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, па спецыяльнасці аграном. Працавала аграномамнасенняводам у саўгасе “Трабы”. Любіла сваю работу, карысталася аўтарытэтам у калектыве. Яе сын Андрэй вучыўся на другім курсе Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Ён быў прыгожы і апантаны да навукі хлопец, дастойнай заменай сваім дзядам і бацькам. Але трагічная смерць у 2001 годзе не дала здзейсніцца яго светлым марам у 18гадовым узросце. Услед за сваім анёлам адышла ў іншы свет, не перажыўшы вялікай страты сына, Валянціна Сцяпанаўна, якой было 44 гады.
Рубцамі на сэрцы маці Яніны Іосіфаўны адбілася гэта вялікае гора, страта дарагіх ёй дзяцей. Напэўна і сэнсу жыцця не было б у 83гадовай жанчыны, каб не ўвага і клопат пра яе блізкіх і родных – зяця Эдуарда, сына Валерыя, нявесткі Дануты, унучак Іны і Святланы. Яны клапоцяцца пра яе быт, дастаўляюць прадукты, медыкаменты, саграваюць цёплымі словамі. Яніна Іосіфаўна называе іх не іначай, як залатымі дзецьмі і ўнукамі.
Валерый Сцяпанавіч Юралевіч, 12.10.1967 г.н., нарадзіўся ў в. Бялымшчына. Звязаў свой жыццёвы і прафесіянальны шлях з сельскай гаспадаркай Іўеўшчыны. У 1989 годзе закончыў Навагрудскі саўгастэхнікум, а ў 1995 годзе – СанктПецярбургскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт па прафесіі вучоныаграном. Працоўную дзейнасць пачаў у 1989 годзе аграномам калгаса “Трабы”. З 1992 па 2002 год працаваў начальнікам участка, а з 2002 па 2022 год – галоўным аграномам гаспадаркі. З 20.09.2022 г. працуе дырэктарам камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Трабы”.
З невялічкай вёскі Бялымшчына, дзе было ўсяго 12 хатаў, выйшлі ў свет многія яркія, самабытныя, працавітыя, творчыя людзі, пра якіх ёсць што напісаць, расказаць, якімі ганарыцца наша Іўеўшчына.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
А. Ігліцкі.