Апошнім часам заўважана: у іўяўчан пачало знікаць перакананне ў тым, што ў нас няма нічога цікавага, на што можна было б паглядзець, з чым пазнаёміцца. Усё часцей і часцей чуеш, як мясцовыя жыхары з гонарам пералічваюць тыя архітэктурныя помнікі, тыя мясціны, якія варта паглядзець нашым гасцям. Ды і самі свой вольны час плануюць правесці з найбольшай карысцю, адкрыць для сябе нешта новае. Бо заклад якаснага і прыемнага адпачынку - гэта гарантыя далейшай больш прадукцыйнай працы і мноства станоўчых эмоцый.
З турыстычнымі аб’ектамі Іўеўшчыны мы ўжо неаднойчы знаёміліся на старонках нашай газеты. Прыйшла пара звярнуць свой погляд і ў бок суседзяў. Так сталася, што некалькі год таму адкрыла для сябе вельмі цікавае месца для наведвання. Зусім побач - 27 км ад Іўя, 23 мінуты язды на машыне. Аграгарадок Тракелі, што ў Воранаўскім раёне. Вучоныя лічаць, што назва гэтага населенага пункта мае балцкае паходжанне і ўтворана ад літоўскага слова trakas - узвышанае месца сярод лесу.
Упершыню Тракелі ў пісьмовых крыніцах з’явіліся ў 1433 годзе ў лісце вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча да Яна Гаштольда (дарэчы, гэта дзядуля Альбрэхта Гаштольда, уладальніка нашых Геранён), дзе ён пацвердзіў, што Тракелі ўласнасць апошняга. У свой час Тракелі былі не вёскай, а невялікім мястэчкам. Дзе была цагельня, вінакурня, карчма. У мястэчку, акрамя мясцовых жыхароў, жылі яўрэі, якім належыла некалькі крамаў.
Галоўным архітэктурным помнікам тут ва ўсе часы з’яўляўся і з’яўляецца касцёл. Паводле архіўных звестак, першы парафіяльны касцёл у Тракелях быў закладзены ў 1500 г. віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам, бацькам усё таго ж Альбрэхта Гаштольда. Аднак тут ёсць нестыкоўка. Марцін Гаштольд быў ваяводам троцкім і памёр у 1483г., а вось яго сын Альбрэхт у 1522-1539 гадах быў віленскім ваяводам. Такое разыходжанне дае падставу меркаваць аб тым, што адзін з найбольш уплывовых людзей свайго часу Альбрэхт Гаштольд, чыя рэзідэнцыя знаходзілася ў Геранёнах, меў дачыненне да будаўніцтва не толькі касцёла Святога Мікалая ў Геранёнах і праваслаўнай царквы Святога Мікалая ў Юрацішках, але яго мецэнацкая рука была прыкладзена і да будаўніцтва святыні ў Тракелях.
Першы касцёл быў знішчаны ў сярэдзіне 17 стагоддзя падчас адной з войн. У хуткім часе айцы езуіты адбудавалі яго. Падчас нашэсця шведаў каля 1705 г. касцёл зноў быў знішчаны. І зноў айцы езуіты разам з парафіянамі адбудавалі святыню. Вось тады касцёл і атрымаў назву Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Драўляны будынак святыні, які мы бачым і сёння, пабудаваны на ахвяраванні мясцовага землеўладальніка Стэфана Незабытоўскага ў 1809 г. Грунтоўная рэстаўрацыя будынка была здзейснена ў 1866 г. адміністратарам тракельскай парафіі кс. Юзафам Сідорскім. Пазней касцёл яшчэ некалькі разоў рэстаўраваўся.
Пры касцёле існаваў прытулак для сталых людзей, дзейнічалі шпіталь і школка. Мясцовыя краяведы сцвярджаюць, што ў 1920-х гадах навучанне дзяцей тут вялося на беларускай мове.
Трапіўшы на тэрыторыю касцёла вока турыста спыняецца на шмат якіх рэчах, а вушы (пры наяўнасці побач мясцовага жыхара) могуць пачуць цікавыя гісторыі. Так, з цаглянай капліцай-пахавальняй звязана мясцовая легенда аб каханні. А калі пашчасціць, то можна пачуць гучанне старажытнага звона, адлітага аж ў 1754 годзе. Зачароўвае сваім гучаннем і арган 19 стагоддзя. А ведаеце, што аб’ядноўвае яго і наш іўеўскі? Не, не майстар, майстры ў іх розныя. А тое, што такіх, як наш і тракельскі арган, можна сустрэць яшчэ толькі ў дзвюх святынях Беларусі. Таму з упэўненасцю можна зазначыць, што гэта адзінкавыя ў сваім родзе музычныя інструменты на нашай зямлі.
Ёсць яшчэ адна рэч, якая аб’ядноўвае нашыя святыні. Гэта абраз Маці Божай Снежнай. Толькі мы называем іўеўскай, яны ж – тракельскай. Звычай дабаўляць да назвы абраза найменне мясцовасці, дзе ён знаходзіцца, падкрэслівае тое, што ён цудадзейны.
Абодва высокамастацкія спісы, створаныя невядомымі мастакамі. І датуюцца амаль адным і тым жа часам: тракельскі к.16 ст., наш не пазней п. 17 ст. Адрозненнем з’яўляецца тое, што абраз Маці Божай Тракельскай з Дзіцяткам у 18 ст. быў дапоўнены выявай святога Казіміра — заступніка земляў Вялікага Княства Літоўскага. І што сведчанні аб цудах тракельскай Дзевы Марыі занатаваныя ў выглядзе больш за 200 вотаў — упрыгожванняў, сярэбраных сэрцаў, ружанцаў, мініяцюрных сімвалаў, што пакідаюць вернікі, якія спазналі ад Бога цуд аздараўлення або перамены на лепшае.
Існуе вельмі шмат сведчанняў аб розных цудах, здзейсненых Богам у тракельскай святыні. Адным з найбольш ранніх з’яўляецца вяртанне зроку сляпому чалавеку, які знайшоў гэты абраз пасля першага знішчэння храма. Зараз ксёндз Юрый Бяганскі збірае сведчанні аб цудах, атрыманых праз пасрэдніцтва Маці Божай Тракельскай, для працягу напісання гісторыі цудадзейнага абраза.
Летам 2009 года адбылася каранацыя абраза Маці Божай Тракельскай. Папскія кароны на яе ўсклаў кардынал Казімір Свёнтак.
Святыні нададзены статус Марыйнага дыяцэзіяльнага санктуарыя. Штогод у другую суботу ліпеня старадаўнія Тракелі напаўняюцца шматлікімі пілігрымамі з розных куткоў краіны.
Цудоўным для турыстаў з’яўляецца і тое, што намаганнямі кс. Юрыя і парафіян прыкасцельная тэрыторыя набыла вельмі прыгожы выгляд. Пад адкрытым небам з’явіліся Марыйны сад, дарога крыжовая, алея апосталаў. На беразе добраўпарадкаваных шасці сажалак у засені дрэў можна не толькі адпачыць у летнюю спёку пад апекай Маці Божай Тракельскай, але і закінуць вуды.
І толькі тут разумееш, што добра і з карысцю адпачыць можна не толькі на моры ці за мяжой, але і ў роднай і прыгожай Беларусі!
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Марына ПАЗНЯК.