Яшчэ ў XVI стагоддзі ірландская зямля стала прадметам экспансіі суседняй англійскай манархіі. Страта незалежнасці – трагедыя любой краіны. У 1641 годзе ўспыхнула паўстанне. У паўстанні прынялі ўдзел уплывовыя ірландскія землеўладальнікі. Яны ўсімі сіламі адстойвалі права жыць на сваёй зямлі. Брытанскія заваёўнікі сутыкнуліся з адчайным супрацівам і ўзмацнілі націск.
Герб О`Руркаў
У 1649 годзе англійскае войска на чале з Оліверам Кромвелем увайшло ў Ірландыю. Пачалася насільная канфіскацыя зямель і размеркаванне іх паміж заваёўнікаў. Для знатных ірландскіх родаў яна стала катастрофай.
О’Рурк – графскі ірландскі род. Дынастыя бярэ свой пачатак ад Брыана – першага хрысціянскага караля Ірландыі ў V ст. нашай эры. Нашчадак Брыана Руарк стаў суверэнным уладальнікам паўночнага захаду Ірландыі. Усе яго нашчадкі атрымалі імя О’Рурк. У эпоху англійскага ўладарства О’Руркі сталі палымянымі змагарамі за свабоду Ірландыі.
О’Рурк – прозвішча вельмі вядомае. Гэта старажытны арыстакратычны род. Неабсяжныя землі О’Руркаў называліся брэфні, што ў перакладзе з ірландскай мовы “гарыстая зямля”. Аднак месцам супакоення сям’і арыстакратычнага роду О’Руркаў сталі не кельцкія могілкі ў Ірландыі, а капліца ў беларускім мястэчку Уселюб. Што прывяло нашчадкаў ірландскага караля ў Беларусь?
У пачатку XVIII ст. англійскі парламент прыняў рашэнне канфіскацыі мільёна акраў ірландскай зямлі. Уладальнікі паўночнага захаду магутныя О’Руркі згубілі ўсё і вымушаныя былі шукаць прыстанішча на чужбіне ў Францыі.
У 1760 годзе ў Расію з Францыі прыбылі два ўнукі ірландскага афіцэра Брайана О’Рурка Джон і Карнэліус. Маёр Джон О’Рурк ваяваў у шарэнгах расійскай арміі да заканчэння вайны з Прусіяй, але потым вярнуўся ў Францыю. У адрозненні ад брата, капітан Карнэліус О’Рурк (1736-1800) вырашыў назаўсёды звязаць свой лёс з Расіяй. Тут ён знайшоў сабе дастойную палавіну. Яго жонкай стала дачка расійскага генерал-маёра графіня Марта Сцюарт, якая была роднай унучкай генерал-фельдмаршала, губернатара прыбалтыйскіх губерняў графа Пятра Лассі, які таксама быў па паходжанні ірландцам.
У 1760-1762 гадах, у час Сямігадовай вайны, Карнэлій (так пісалася яго імя ў Расіі) у чыне ротмістра гвардыі Кірасірскага палка ўдзельнічаў у прускім паходзе рускай арміі. У 1772 годзе камандаваў асобным атрадам у складзе войск у час першага падзелу зямель Рэчы Паспалітай. У 1781-1787 гадах камандаваў палком, ваяваў на Каўказе, правёў шэраг паспяховых аперацый супраць горскіх чаркескіх народаў. З 1767 па 1787 год прайшоў баявы шлях афіцэра ад секунд-маёра да генерал-маёра і накіраваны камендантам у горад Дэрпт. Звольнены ад усякіх службаў у 1789 годзе. Быў узнагароджаны ордэнам св. Георгія і арэндай маёнтка Энге ў Ліфляндыі. Імператар Павел I перадаў яму гэты маёнтак пажыццёва. Памёр Карнэлій О’Рурк у Дэрпце.
Вядомыя трое сыноў Карнэлія О’Рурка – Георг Морыц, Джозэф Карнэлій і Патрык; і тры дачкі – Марта, Ганна і Марыя. Усе трое сыноў Карнэлія атрымалі ваенную адукацыю і служылі афіцэрамі расійскай арміі.
У 1844 годзе ўсе О’Руркі, пражываючыя ў Расіі, афіцыйна атрымалі права на графскі тытул і пачалі выкарыстоўваць варыянт старажытнага герба VICTORIUS (Пераможны).
Сярэдні па ўзросце сын Карнэлія Джозэф (Іосіф Карнэліевіч, 1772-1849) у раннім дзяцінстве, у 1776 годзе, быў запісаны ў лейбгвардыю Коннага палка сяржантам, пераведзены ў лейб-гвардыю Ізмайлаўскага палка. У 1790 годзе ўступіў у армію капітанам.
У 1790 годзе ў складзе Пскоўскага драгунскага палка ваяваў супраць шведскіх войскаў і ў кампаніі супраць польскіх канфедэратаў у 1792 – 1794 гадах. У 1797 годзе пераведзены ў Паўлаградскі гусарскі полк і ў чыне маёра ўдзельнічаў у Швейцарскім паходзе 1799 – 1800 гадах. У 1805 годзе ў званні падпалкоўніка Іосіф О’Рурк у час руска-аўстрыйска-французскай вайны 1805 года удзельнічаў у паходзе рускіх войск у Аўстрыю і Баварыю, камандаваў двума эскадронамі. За поспехі ў бітве пад Аўстэрліцам прыведзены ў палкоўнікі.
У час руска-пруска-аўстрыйскай вайны 1806-1807 гадоў знаходзіўся ў Прусіі і за баявыя заслугі ўзнагароджаны залатой шабляй з надпісам “За храбрость” і ордэнам св. Уладзіміра 3-й ступені.
У 1807 годзе Іосіф О’Рурк сфарміраваў новы ўланскі полк пад назвай Валынскі і быў прызначаны яго шэфам. З лістапада 1809 года ўдзельнічаў у вайне супраць Турцыі. За паспяховыя баявыя дзеянні пры Рушчуку быў павышаны да звання генерал-маёра. За баявыя заслугі ў баях узнагароджаны ордэнам св. Георгія 3-га класа, ордэнам св. Анны 1-га класа з алмазамі, залатой шабляй з алмазамі, ордэнам св. Уладзіміра 2-й ступені.
Генерал-маёр
Іосіф Карнэліевіч О`Рурк
У час Айчыннай вайны восенню і зімой 1812 года Іосіф Карнэліевіч вызначыўся ў праследаванні адступаўшай арміі Напалеона да Брэст – Літоўска, у баях на Бярэзіне, у Вільні і ў Коўна. У час замежнага паходу рускай арміі ў 1813 годзе ваяваў у ваколіцах Дрэздэна, на рацэ Одэр, у блакадзе Магдэбурга. За бітву пад Лейпцыгам павышаны ў званні генерал-лейтэнанта. За бітву пры Аттысе ў Францыі ўзнагароджаны ордэнам св. Аляксандра Неўскага. У час Венскага кангрэса Іосіф О’Рурк знаходзіўся ў свіце цара Аляксандра I. Пасля вайны камандаваў Літоўскай Уланскай дывізіяй, з красавіка 1819 года – начальнік 1-й гусарскай дывізіі. У 1841 годзе І.К. О’Рурк быў павышаны ў званні генерала ад кавалерыі.
Але вернемся да гістарычных падзей трох падзелаў Рэчы Паспалітай. У 1772 годзе Рэч Паспалітая – магутнейшая раней дзяржава, у склад якой уваходзілі землі Вялікага Княства Літоўскага, была вымушана ўступіць частку сваёй тэрыторыі Расіі. А праз 20 гадоў капітан Іосіф О’Рурк у складзе расійскіх войскаў пад камандаваннем генерал-паручніка Кутузава прыняў удзел у новым паходзе Расіі на Рэч Паспалітую. Ён абараняў інтарэсы самадзержца Расійскай імперіі, удзельнічаў супраць тых людзей, якія спрабавалі адстаяць незалежнасць ужо страчанай радзімы. Бузумоўна, у графа О’Рурка гэта павінна было выклікаць асацыяцыі з уласнай гісторыяй, гісторыяй сваёй сям’і.
Расія, Аўстрыя і Прусія тройчы краілі землі ВКЛ. У 1793 годзе, пасля падпісання канвенцыі аб другім падзеле, ліцвіны падняліся на паўстанне за сваю незалежнасць. Іх узначаліў Тадэвуш Касцюшка. У паўстанні ўдзельнічалі рэгулярныя часці – гэта армія ВКЛ і Якуб Ясінскі. Былі, безумоўна, і паўстанцы: сяляне, прадстаўнікі шляхты. Гэта быў усенародны рух, які змагаўся за незалежнасць сваёй краіны.
Паплечнікі Касцюшкі былі вымушаны бегчы з краіны. Іх землі канфіскоўваліся так, як больш 100 гадоў назад у Ірландыі землі законных уладальнікаў раздаваліся заваёўнікам.
За верную службу імператар Аляксандр I падарыў Іосіфу О’Рурку маёнтак на беларускай зямлі – мястэчка Уселюб, 5 фальваркаў і 23 вёскі, канфіскаваныя Расійскай дзяржавай у ходзе падзелу ВКЛ.
Гэтыя ўладанні належалі раней графу Аляксандру Міхаілу Пацею. Ён быў абозным ВКЛ, уладальнікам маёнткаў у Літве, Беларусі, Украіне. З’яўляўся актыўным удзельнікам паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. У 1795 годзе ўсе яго маёнткі, у тым ліку Уселюб, былі канфіскаваныя расійскай уладай.
У самым вядомым апісанні жыцця шляхты Навагрудчыны таго часу – паэме Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, у шостым раздзеле, дзе аўтар расказвае аб подзвігах удзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам Касцюшкі, з’яўляецца герой твора – пан Пацей.
Ён збег з акопаў Прагі
Пацея бараніць,
Які ляжаў стаптаны,
У баі тым атрымаўшы
20 і 3 раны.
У 1812 годзе Аляксандр Пацей быў прызначаны Напалеонам Банапартам чальцом ваеннага камітэта па арганізацыі ўзброенных сіл ВКЛ у падтрымку французскай арміі. Пасля перамогі Расіі ў вайне, Пацей быў пазбаўлены усёй маёмасці.
Пасля паражэння паўстання 1830-1831 гадоў у Польшчы і Літве, граф Аляксандр Пацей, якога расійскія ўлады шукалі як дзяржаўнага злачынцу, быў вымушаны эмігрыраваць у Еўропу. У яго не засталося ні маёнткаў, ні грошаў. Ён памёр у 1846 годзе ўдалечыні ад радзімы ў галечы і забыцці.
Аляксандар Пацей. XVIII cт.
Іосіф О’Рурк, наадварот, атрымаў новыя пасады і званне генерала ад кавалерыі за службу і вернасць Расіі. У маёнтку Уселюб ён пражыў да ўзросту 77 гадоў, памёр у 1849 годзе і пахаваны ў фамільнай капліцы каля Уселюбскага касцёла св. Казіміра. Яго партрэт можна ўбачыць у Ваеннай галерэі Зімовага палаца ў Санкт-Пецярбургу. У Сербіі, дзе І.К. О’Рурк лічыцца нацыянальным героем, яму пастаўлены помнік.
Па-рознаму ўпісалі ў гісторыю Прынямоння сваю дзейнасць Аляксандр Пацей і Іосіф О’Рурк. Граф Аляксандр Пацей прафінансаваў будаўніцтва ў вёсцы Морын, якая яму належала, прыходскага храма Троіцы, драўлянага, на каменным фундаменце. Будаўніцтва яго было завершана ў 1797 годзе. Да 1842 года морынская царква была прыпісной да Уселюбскага храма Святога Міхаіла 18 стагоддзя. На сродкі графа Іосіфа О’Рурка ва Уселюбе была пашыраная ў памерах ў 1848 годзе цагляная Свята-Міхайлаўская царква і надзелена 5 валокамі зямлі.
Жыццё і дзейнасць нашчадкаў Іосіфа О’Рурка былі цесна звязаны з вёскай Морын на Іўеўшчыне, і пра гэта пойдзе размова далей у публікацыі.
Калісьці старажылы называлі сваю вёску на беразе Нёмана і побач гаспадарчы двор Брахоцкіх Морын.
На картах Расійскай імперыі 1800, 1812, 1837 гадоў вёска пазначана як Морын. На іншых картах Расійскай імперыі XIX - пачатку XX стагоддзяў – Морына. На заходнееўрапейскіх ваенных картах першай палавіны XX стагоддзя вёска і гаспадарчы двор пазначаны як Морын. У савецкі пасляваенны час за вёскай канчаткова замацавалася афіцыйная назва Морына.
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
(Працяг будзе).
А. Ігліцкі.