ivyenews.by

Выгнаннікі лёсу: Морынская галіна радаводу О’Руркаў-Брахоцкіх. Даследванне краязнаўцы Алега Ігліцкага (частка 4, заключная)

О малой родине

Дачка Джозэфа (Іосіфа)  О’Рурка (1869-1917), капітана расійскай армii, і Стэфанii (з роду Монтвілаў) Алена О’Рурк была жонкай апошняга ўладальніка маёнтка Морын Аляксандра Брахоцкага, іўеўскага суддзі.

Алена О’Рурк (Брахоцкая)

Алена О’Рурк нарадзілася 17 ліпеня 1898 года ў Басіне. Вучылася на даму, вывучала з іншымі прадметамі англійскую мову. У 14-гадовым узросце паступіла ў школу уршулянак (рэлігійны накірунак школы) у Кракаве і правучылася 1 год. А летам 1914 года жыла ў Малым Мажэйкаве на Лідчыне. Там яе застала Першая сусветная вайна. У 1915 годзе, у час наступлення немцаў, яна выехала ва Уселюб да дзядзькі, бацькавага дваюраднага брата Кароля О’Рурка. Сюды да Алены часта прыязджаў з Малога Мажэйкава Аляксандр Брахоцкі. Ён любіў сустракацца і гутарыць з мясцовымі  жыхарамі Уселюба.

Аляксандр Брахоцкі

Бацька Аляксандра Уладзіслаў Томаш (1856-1932) быў уладальнікаммаёнткаў Вераскава, Малога Мажэйкава і Морына. Сярэдняму сыну Станіславу ён завяшчаў маёнтак Вераскава, малодшаму Андрэю – маёнтак Малое Мажэйкава. Старэйшаму сыну Аляксандру дастаўся ад бацькі самы малы маёнтак Морын. І гэта не выпадкова. Бо бацька заўважыў, што Аляксандр меў легкую руку да растраты грошаў.

Нямецкі фронт наступаў. У 1915 годзе сям’я Брахоцкіх з Малога Мажэйкава выехала ў Пецярбург. Аляксандр, як старэйшы сын, застаўся ў Мажэйкаве. Дабрадушны па характару, ён раздаў зерне і спірт мясцовым жыхарам.

Калі немцы наступалі, ён вырашыў застацца і далучыцца да адступаючай расійскай арміі. Застаўся таксама ва Уселюбе Кароль О’Рурк, адпраўляючы каштоўныя рэчы на ўсход. Кавалькада вазоў спынялася па дарозе ў знаёмых і незнаёмых дварах.

У лістападзе 1915 года выехала праз Мінск у Пецярбург і сям’я О’Руркаў з Ваяводзішкаў. Алена  захварэла на тыф, але ёй удалося дабрацца поездам да Пецярбурга. Тут сям’я правяла два гады да кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.

На пачатку 1918 года сям’я О’Руркаў дабралася да Вільні, а праз некалькі тыдняў – у Ваяводзішкі, у маёнтак Аленіных дзядоў. Дом быў абрабаваны ў 1914 годзе.

Вяртанне на радзіму не палегчыла жыццёвых цяжкасцяў. У 1919-1921 гадах ішла польска-савецкая вайна. 14 ліпеня 1920 года ў Ваяводзішках адбыўся шлюб Алены О’Рурк і Аляксандра Брахоцкага. Чырвоная армія ў гэты дзень заняла Вільню. Пад час шлюбу ў мясцовай капліцы не было прыхаджан.

Аляксандр Брахоцкі быў мабілізаваны на польска-савецкую вайну ў лістападзе 1920 года, ваяваў у 13 палку Віленскай кавалерыі.

Пасля вайны Алена і Аляксандр вырашылі вярнуцца з Ваяводзішкаў у Морын. На месцы ўбачылі, што маёнтак разбураны за час войнаў. Алена паехала жыць ва Уселюб да Кароля О’Рурка і там вучыла мясцовых дзяцей у школе. Аляксандр застаўся ў Морыне і займаўся адбудовай маёнтка, а ва Уселюбе бываў толькі госцем.

29 кастрычніка 1921 года Алена нарадзіла дачку Зосю ў віленскай клініцы. У 1923 годзе сям’я пераехала ў Морын. Былі цяжкасці ў адбудове маёнтка, бо заўсёды чагосьці не хапала, у асноўным – грошай. Але ўжо працавалі цагельня і тартак.

У 1923 годзе ў сям’і Брахоцкіх ва Уселюбе нарадзіўся сын Ежы, у 1926 годзе сын Анджэй. 

Маёнтак Морын меў 2000 га лесу і 1000 га заліўнога вясной лугу. Зямля тут была неўраджайная, мясцовыя людзі жылі бедна. Была магчымасць развіваць малочнае жывёлаводства. У 1924 годзе Брахоцкія прывезлі з заходняй Польшчы 12 малочных кароў і быка. У 1939 годзе ў гаспадарцы ўжо было 120 кароў і 60 ялавак. Была арганізавана вытворчасць сыроў, прыбытак давала пасека.

З 1925 года Аляксандр Брахоцкі працаваў суддзёй у Іўі. Атрымоўваў штомесячна 500 злотых. 

Толькі пад канец 1920-х гадоў маёнтак Морын пачаў станавіцца на ногі. У той час сын Брахоцкіх Ежы захварэў на туберкулёз легкіх. Патрэбна было везці яго на лячэнне на поўдзень Еўропы, але не было грошай. Дапамог уселюбскі дзядзька Кароль О’Рурк. Перапалоханая хваробай сына пасля вяртання з Францыі Алена арганізавала ў Морыне пры двары пункт медыцынскай дапамогі для жыхароў.

На Божае нараджэнне 1933 года Аляксандр і Алена захварэлі шкарлятынай. Алена выздаравела, а яе мужу хвароба паўплывала на сэрца. Ён памёр у Вільні на Вялікдзень у 1934 годзе. Пахаваны быў у Вераскаве на Навагрудчыне, каля капліцы Святой сям’і.

Энергічная і дзелавая Алена Брахоцкая працягвала кіраваць морынскім маёнткам. Яна была выдатнай наездніцай, удзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах, часта аб’язджала свае ўладанні на кані, да позняй восені штодня купалася ў Нёмане.

Дапамагалі Алене кіраваць гаспадаркай упраўляючы і брат мужа Аляксандра Станіслаў Брахоцкі з Вераскава. Гаспадарка маёнтка развівалася стабільна на мясцовай сыравіне. Працягваў працаваць цагельны завод, попытам карысталася ў пакупнікоў цэгла з кляймом “М”, чарапіца з імянным кляймом “Морын. Брахоцкі”. 200 га зямлі апрацоўвалі коньмі наёмныя рабочыя. На фермах мелася 85 дойных кароў, 55 цялушак, 50 авечак, каля 50 свіней, 30 коней. Па сённяшніх мерках – фермерская гаспадарка. На месцы была арганізавана перапрацоўка малака і мяса. Працаваў цэх па вырабе галандскага сыру. У гаспадарцы працавалі каля 30 штатных рабочых.

1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. Саюзнікі Польшчы – Англія і Францыя – 3 верасня аб’явілі Германіі вайну. 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія ўвайшла на тэрыторыю Заходняй Беларусі, каб далучыць яе да БССР.

Алена Брахоцкая з дачкой Зофіяй і сынамі Ежы і Анджэем, ноччу, у брычцы, запрэжанай у пару коней, з’ехалі ў Літву. У доме маці ў Ваяводзішках Алена з сям’ёй пражыла да лістапада, а потым з маці Стэфаніяй і дзецьмі паехала ў Эстонію. Адтуль шлях ляжаў праз Швецыю далей, на караблі паплылі ў Англію.

Зофія Ільінская (Брахоцкая)

У Англіі сям’я Брахоцкіх раздзялілася. Маці Алены Стэфанія О’Рурк паехала ў Ірландыю, дзе была гасцінна прынята раднёй О’Руркаў. Алена паехала ў Паўдневую Англію ў графства Суррэй да якойсці старэйшай за яе самотнай пані, якая вельмі шкадавала адзінокую Алену і падарыла ей свой маёнтак. На пачатку 1981 года Алена пераехала жыць да сваёй дачкі Зосі, дзе праз некалькі тыдняў памерла.

Дачка Алены Зофія, пасяліўшыся ў горадзе Ньюкасле, закончыла школу, а затым універсітэт, дзе атрымала кваліфікацыю па англійскай літаратуры. Яна працавала ў польскім аддзеле радыё Бі-Бі-Сі.

У 1943 годзе Зофія выйшла замуж за Альгерда Ільінскага, польскага лётчыка. Яе замужжа цягнулася ўсяго тры тыдні, бо самалёт, у якім ляцеў Альгерд, быў збіты ў час паветранага бою над Францыяй нямецкай авіяцыяй. 

Яшчэ ў час вучобы ва ўніверсітэце Зофія захапілася паэзіяй і за гады вайны выдала два зборнікі вершаў на польскай мове. Друкавалася з прозвішчам Ільінская.

У 1945 годзе Зофія Ільінская выйшла замуж за Харлі Моўзлея, амерыканскага дыпламата. Яны правялі свой мядовы месяц у Сэнт Моўз. Ім так спадабалася гэтая вёска, што яны пасяліліся там і сталі ўладальнікамі гатэляў. У іх нарадзіліся дзеці - дачка Крысціна і сын Георгій. На працягу наступных 25 год Зофія выхоўвала дваіх дзяцей, трымала вінныя склепы, свінаферму, разводзіла пародзістых сабак.

У 1970 годзе ў Лондане выйшаў зборнік вершаў Зофіі Ільінскай на польскай мове “Віхуры ў збожжы”. У 1992 годзе выйшла ў свет новая кніга вершаў Ільінскай пад назвай “Мясяцовы гараскоп”.

У маі 1992 года Зофія Ільінская прыехала на радзіму свайго дзяцінства – у беларускую вёску Морына. Яна пакінула тут свой дом у 16-гадовым узросце, а вярнулася праз 53 гады. Зофія завезла прыгаршню морынскай зямлі на магілу бацькі, які пахаваны каля сямейнай капліцы ў Вераскава Навагрудскага раёна і, убачыўшы запусценне, звярнулася за дапамогай да ўлады Навагрудскага раёна. Патрэбна была вялікая сума грошай. Зофіі дапамагалі браты Ежы з Канады, Анджэй з Аўстраліі, суседзі з Англіі, сябры, дачка Крысціна. 

29 червеня 1994 года Зофія Ільінская зноў прыехала ў далёкую Беларусь. Задуманая ей праца была завершана. У Вераскаве яна арганізавала ўрачыстасць з нагоды адкрыцця капліцы.

Зофія Ільінская памерла 30 кастрычніка 1995 года ва ўзросце 74 гадоў у Англіі, у графстве Карнуэл. 

Сын Аляксандра і Алены Брахоцкіх Ежы, 1923 г. н., пасля эміграцыі з сям’ей у Англію, закончыў сярэднюю школу. Калі яму споўнілася 18 гадоў, паступіў і закончыў лётную школу. У перыяд Другой сусветнай вайны ваяваў супраць германскай авіяцыі ў складзе каралеўскіх ваенна - паветраных сіл, затым – у польскай лётнай дывізіі, якая базіравалася ў Англіі. Пасля вайны закончыў тэхналагічны  ўніверсітэт і атрымаў прафесію інжынера - лесавода. Пераехаў з сям’ей на пастаяннае месца жыхарства ў Канаду і працаваў па спецыяльнасці да выхаду на пенсію. З жонкай Філідай Ежы меў пяць дачок і сына Міхаэля. Ён пражыў 83 гады і памёр у Канадзе 27 верасня 2006 года.

Сын Аляксандра і Алены Брахоцкіх Анджэй, 1926 г. н., разам з сям’ей у трынаццацігадовым узросце эмігрыраваў у Англію. У 1944 годзе ён уступіў у польскі батальён, які змагаўся на баку антыгітлераўскай кааліцыі. Пасля вайны закончыў універсітэт у Эдынбурзе (Шатландыя). У 1951 годзе пайшоў служыць у замежную брытанскую паліцыю. Служба была насычана пераездамі ў розныя краіны: Малайзію, Уганду, Новую Гвінею.

У час знаходжання ва ўсходняй Афрыцы (Уганда), Анджэй ажаніўся, у сям’і з’явіліся сын Дамінік і дачка Розамунд. Дамінік хварэў на цэрабральны параліч, яго трэба было класці ў бальніцу і даглядаць. Гэта выклікала праблему ў сям’і, і першая жонка, пражыўшы ў Афрыцы толькі год, з’ехала ад сям’і ў Англію. Дамінік памёр у  21 год.

З другой жонкай Шэйлай Анджэй пазнаёміўся ва Угандзе, тут яна працавала медсястрой. Іх аб’ядноўвалі агульныя інтарэсы: любоў да прыроды, дзікіх звяроў і птушак. У іх сям’і нарадзіліся дзве дачкі – Ізабэль і Фіона. З Новай Гвінеі, дзе яны пражылі восем гадоў, Брахоцкія пераехалі ў Аўстралію, горад Квінслэнд. Там ім пашанцавала купіць танна 176 акраў лесу і пабудаваць дом. Сям’я Брахоцкіх пачала жыць там у 1975 годзе. Анджэй працаваў пчалаводам, а Шэйла – медсястрой у бальніцы горада Хэрбертана. Анджэя не стала 29 кастрычніка 1999 года. Ён памёр ва узросце 73 гады і пахаваны на могілках у Паўночным Квінслэндзе.

Інфармацыя пра морынскую галіну радаводу О’Руркаў – Брахоцкіх узятая ў выніку 13-гадовай перапіскі з 2002 па 2015 год з пісем Ежы Брахоцкага з Канады, Шэйлы Брахоцкай з Аўстраліі, Зофіі Банецкай з Польшчы. 

А. Ігліцкі. 

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий