Як грамадзянін самай міралюбівай у свеце краіны - Рэспублікі Беларусь - скрупулёзна сачыў за ходам Другога Міжнароднага антыфашысцкага кангрэса, які адбыўся ў сталіцы нашай Бацькаўшчыны. Паведамленні, даклады, выступленні, ТВ-хронікі, лічу, нікога не маглі пакінуць абыякавымі. Нельга не сказаць, што кангрэс прайшоў на фоне найскладанейшай абстаноўкі ў свеце. А сам савецкі тэрмін “халодная вайна” сёння паўтараецца многімі зямлянамі.
У Беларусь прыбылі прадстаўнікі звыш 30 краін, каб рашуча папярэдзіць свет пра рэальную пагрозу неафашызму. Форум “У імя будучыні чалавецтва, сумеснымі намаганнямі спынім неафашызм!” і быў закліканы кансалідаваць міжнародныя сілы, супрацьстаяць распаўсюджванню фашызму і нацызму ў свеце, захаваць гістарычную праўду аб Другой сусветнай вайне.
Лічу, што падобных мера-прыемстваў сёння павінна быць як мага больш. Як і больш актыўным павінна стаць ваенна-патрыятычнае выхаванне нашай моладзі. Гэта проста дзікунства, што ў свеце перапісваецца сама гісторыя Другой сусветнай вайны, руйнуюцца помнікі салдатам-пераможцам, у СССР адбіраецца права на Вялікую Перамогу…
Заканамерна, што месцам правядзення маштабнага міжнароднага кангрэса стала Беларусь, зямля якой прасякнута крывёй абаронцаў розных нацыянальнасцей. Вялікая колькасць удзельнікаў, сярод якіх былі прадстаўнікі абаронных ведамстваў і міжнародных арганізацый, дыпламаты і вучоныя, эксперты і прадстаўнікі духавенства, засведчыла высокі узровень форуму.
На жаль, у ХХІ стагоддзі чалавецтва зноў сутыкнулася з адраджэннем самых агідных і самых антыгуманных ідэалогій. Ідэі фашызму і яго крайняй агрэсіўнай формы — нацызму - знаходзяць усё новых паслядоўнікаў на планеце Зямля, перш за ўсё ў краінах Захаду і ЗША. Даўно ўжо не сакрэт, што неафашызм у палітыцы ЗША прыкрывае імкненне да сусветнага панавання барацьбой нібыта за дэмакратыю ва ўсім свеце, правы людзей розных нацыянальнасцей. Аднак ні на хвіліну мы, сучаснікі, не маем права забываць, што так званыя заходнія дэмакратыі заплямілі сябе шматлікімі агрэсіямі супраць Югаславіі, Ірака, Афганістана, Лівіі, Сірыі, увасобілі глабальную сістэму рабавання краін і народаў.
Тое, што сёння адбываецца на Украіне, жахліва і пачварна. Калектыўны Захад працягвае нашпігоўваць дзеючы кіеўскі рэжым зброяй, робіць усё для зацягвання эскалацыі канфлікту. У карных акцыях і баявых дзеяннях прымаюць удзел тысячы замежных наймітаў. НАТА выкарыстоўвае ўкраінскі крызіс як падставу для нарошчвання сваіх груповак, для пашырэння альянсу.
Мяне абурае, што Захад не стамляецца гераізаваць нацысцкіх злачынцаў, іх паслугачоў, мы назіраем няўмольнае спаўзанне чалавецтва ў бездань сусветнай вайны. І трэба быць вельмі пільнымі, бо арыйскія стандарты заморскія дзядзечкі ды цётачкі замянілі на ліберальныя дэмакратычныя каштоўнасці. Распазнаць сучасныя мадыфікацыі фашызму становіцца ўсё больш праблематычна. Дапамагае ў гэтай злой справе і шустра-імгненны інтэрнэт, публікацыі якога падчас ніякай крытыкі не вытрымліваюць. Ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе мадэрнізуецца ваенная інфраструктура, размяшчаюцца ўдарныя ўзбраенні. Аб узмацненні ваеннай прысутнасці каля меж Беларусі і Расіі заявіла генеральнае камандаванне Польшчы.
Вельмі добра, што кангрэс падкрэсліў неабходнасць для барацьбы з неафашызмам калектыўных намаганняў абсалютна ўсіх дзяржаў і народаў, заклікаў міжнародную супольнасць, ААН да ўсебаковай і аб’ектыўнай ацэнкі падзей у краінах, дзе сёння адраджаецца фашысцкая ідэалогія. А прадстаўнікам палітычных партый, грамадскіх арганізацый і рухаў неабходна аб’яднацца ў адзіны міжнародны антыфашысцкі фронт. Неабходна ўдасканальваць міжнароднае і нацыянальнае права, якое гарантуе пакаранне фашысцкіх злачынцаў, недапушчэнне рэабілітацыі фашызму. Важна садзейнічаць намаганням па стварэнні міжнароднага трыбунала для прыцягнення да крымінальнай адказнасці неанацысцкіх ваенных і палітычных злачынцаў Украіны.
Важна, што ветэраны Вялікай Айчыннай і малалетнія вязні фашызму ў фармаце відэазвароту на кангрэсе перадалі пасланне нашчадкам, у якім папярэдзілі цяперашнія і будучыя пакаленні аб небяспецы распаўсюджвання нацызму. Наша гасцінная Беларусь заўсёды гатова падтрымаць крокі, накіраваныя на дээскалацыю міжнароднай напружанасці і супярэчнасцяў. Таму барацба з нацызмам – адна з найбольш вострых праблем сучаснасці.
Удзельнікі кангрэса наведалі мемарыяльны комплекс “Хатынь”, дзе ўсклалі кветкі і высадзілі дрэвы памяці. А напярэдадні беларуская дэлегацыя, а таксама госці Беларусі пабывалі ў сталічным раёне “Масюкоўшчына”, на месцы масавага знішчэння фашыстамі і іх памагатымі ваеннапалонных (“Шталаг 352”), дзе працуе 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны.
Вялікі ўклад беларускага народа ў барацьбу з фашызмам прызнаны сусветнай супольнасцю. Нельга не адзначыць, што адразу пасля вайны Беларусь увайшла ў лік заснавальнікаў ААН. І Дзень Перамогі - самае пачэснае свята нашага народа. Пакуль мы памятаем і ганарымся подзвігам пакалення, якое адстаяла незалежнасць Бацькаўшчыны, пакуль мы можам адэкватна ацэньваць гістарычнае і геапалітычнае значэнне Перамогі, ніякія новаспечаныя фашысты нам не страшныя. Праўда будзе за намі!
Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews
Канстанцін КАРНЯЛЮК.