Дадзены дакумент на старапольскай мове – гэта самае старое пісьмо, вядомае нам на дадзены час, напісанае і высланае з Жупранаў. Ліст быў апублікаваны ў 1998 годзе ў Кракаве ў зборніку «Польскія лісты XVI стагоддзя».
Высакародная арыстакратка Барбара Радзівіл-старэйшая, знаходзячыся ў старадаўнім мястэчку над ракой Ашмянкай, адрасавала свой ліст мужу – князю Юрыю Радзівілу, які знаходзіўся ў той час на вайне з Маскоўскім княствам. Пра што ж пісала адна з самых уплывовых і багатых жанчын Вялікага Княства Літоўскага?
Княгіня дзякавала ў пісьме мужу за яго апошнюю вестку з ваеннага паходу. Яна цешылася, што і муж, а таксама іх сын Мікалай Радзівіл Руды, якому на той час было 23 гады, і ён быў з бацькам на вайне – жывыя ды здаровыя.
Барбара Радзівіл-старэйшая дзякавала Богу, што збярог мужа і сына пры ўзяцці непрыяцельскага замка. Магчыма, меўся на ўвазе Гомель, які быў раней захоплены маскоўскімі войскамі. Акурат у ліпені 1535-га года месцічы самі адкрылі гарадскія брамы і ўпусцілі рыцараў ВКЛ.
Што было чуваць у Жупранах у XVI стагоддзі?
Княгіня пісала далей, што застанецца ў Жупранах яшчэ некалькі дзён, а потым паедзе ў Жырмуны ды Ліду, дзе планавала затрымацца на тыдзень ці на два. Паведаміла, што ў мястэчку ўжо пачалі жаць, але адзначыла, што ёй пакуль цяжка ацаніць ураджай. Відаць, князь Юрый Радзівіл у сваім папярэднім лісце запытаў, як тым летам урадзіла збожжа. Як бачым, Вялікі гетман літоўскі, нават знаходзячыся на вайне, не пераставаў рупіцца пра гаспадарку. Князь нібыта кіраваўся народным прынцыпам: паміраць збірайся, а жыта сей. Імаверна, ураджай таго лета быў не найлепшы, бо ў адваротным выпадку княгіня выкарыстала б нагоду пацешыць мужа навіною пра багаты плён.
Магнатка напісала таксама, што «з ласкі мілага Бога дзеткі Вашай Міласці ў добрым здароўі». Калі сын быў з бацькам на вайне, то натуральна, што з маткаю ў гэты час знаходзіліся дзве малодшыя дачкі Радзівілаў: Барбара і Ганна-Альжбета.
Барбары-малодшай, пазнейшай княгіні ВКЛ і каралеве Польшчы, было на той час каля 15 гадоў. Яе сястры Ганне Альжбеце – каля 17 год. Відаць, калі маці пільнавала гаспадаркі і аб’язджала палі ды сенажаці, маладыя князёўны бавілі час на беразе Ашмянкі, збіралі кветкі на жупранскіх лугах, штукаваліся ды гутарылі з тагачаснымі жупранцамі.
Трэба меркаваць, што візіт княгіні з дочкамі ў Жупраны летам 1535 года – гэта не выпадковасць, а рэгулярнае наведванне жупранскага маёнтка. Можна смела сцвярджаць, што будучая каралева бывала тут штогод, яе падрастанне ды сталенне былі звязаныя ў тым ліку і з Жупранамі.
Вядома, княжацкія дочкі выхоўваліся ў дастатку. Cям’я Радзівілаў мела доступ да заморскіх прысмакаў, вінаў, тканін, залатых і срэбраных упрыгожанняў, але разам з тым магнацкі побыт у тыя часы шмат у чым быў сціплы, нават прымітыўны, закарэнены ў сярэднявечнай прастаце. Да прыкладу, трэба меркаваць, што княжацкі двор у Жупранах быў цалкам драўляны і, відаць, адразу ж побач з панскімі пакоямі знаходзіліся і гаспадарчыя пабудовы: стайні, клуні, адрыны і гумны.
Імаверна, княжацкі двор у Жупранах знаходзіўся каля ракі Ашмянкі. Каб чысціць пакоі, мыць адзенне і паіць жывёлу, патрэбны быў доступ да праточнай вады. Вядома, што ў канцы XVIII стагоддзя ў Жупранах былі тры вуліцы: Сольская, Астравецкая і Дворская. Апошняя вуліца, верагодна, атрымала назву менавіта ад княжацкага двара. Пазней гэтую вуліцу называлі Барунскай, а цяпер яна Піянерская. Напрыканцы гэтай вуліцы і размяшчаўся магнацкі двор побач з мастом праз Ашмянку. Тут жа непадалёку была і прыдарожная карчма. Пазней тут жа пабудавалі кальвінісцкі збор і дом пастара.
Каханне Барбары і Жыгімонта
Гісторыкі падкрэсліваюць, што Барбара Радзівіл-малодшая не мела добрай адукацыі. Да прыкладу, яна не ведала лаціны, якая ў той час была мовай навукі і міжнародных кантактаў. Барбара размаўляла толькі па-старабеларуску і па-польску. З самага пачатку бацькі рыхтавалі дачок да замужжа і не клапаціліся пра іх навуку.
Усяго праз два гады, у 1537 годзе, бацькі выдадуць Барбару замуж за аднаго з самых багатых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага – Станіслава Гаштольда, які быў старэйшы за маладую жонку на 13 гадоў. Шлюб адбыўся ў радавым гняздзе Гаштольдаў – у Геранёнах. Праўда, праз 4 гады Станіслаў памёр, а Барбара засталася ўдавой. Станіслаў не пакінуў пасля сябе нашчадкаў. Паводле тагачасных законаў, калі паміраў апошні прадстаўнік шляхецкага роду, то яго маёмасць пераходзіла ва ўладанне каралю. Выходзіла, што Барбара заставалася без граша за душой. Каб падтрымаць сястру, яе брат Мікалай Радзівіл Руды звярнуўся да каралевы Польшчы Боны Сфорца, каб тая заступілася за ўдаву і дазволіла ёй затрымаць пэўную частку зямель мужа. Каралева ж даручыла вырашыць спадчынныя справы свайму сыну – каралевічу Жыгімонту Аўгусту. Ён прыехаў у Геранёны восенню 1543 года. Спатканне з ім назаўсёды змяніла жыццё Барбары. Прадстаўнік каралеўскай сям’і з першага погляду быў зачараваны прыгажосцю Барбары, яе вялікімі цёмнымі вачыма, далікатнай гладкай скурай і зграбнай постаццю. Каралевіч застаўся ў Геранёнах нават даўжэй, чым планаваў. Прычынай называлі тое, што манарха затрымала зараза, якая шырылася тады ў ваколіцах Вільні. Злыя языкі ж казалі, што спадчыннік трону проста не захацеў пакідаць спальні павабнай Барбары. Сэрцам і думкамі каралевіча, жанатага на той момант на іншай жанчыне, завалодала геранёнская пані.
Палкі раман паміж Жыгімонтам і Барбарай працягваўся ў Вільні. Хадзілі чуткі, што каралевіч загадаў пракапаць падземны ход да пакояў Барбары, каб патаемна яе наведваць па начах. Жыгімонт прывёз з Італіі, радзімы сваёй маткі, лебедзяў у падарунак для Барбары ды пасяліў іх на навялічкім востраве на Віліі.
Калі ў 1545 годзе жонка каралевіча – Альжбета з роду Габсбургаў – памерла пасля прыступу эпілепсіі, Жыгімонт Аўгуст і Барбара пачалі сустракацца адкрыта. Пра Барбару пачалі пляткарыць і ўсяляк яе ачарняць, называючы распусніцай. Праз гэта яе родны брат Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны Мікалай Радзівіл Чорны аднаго разу ўварваліся ў пакой да сястры, калі там быў каралевіч, і змусілі яго паабяць, што ён заручыцца з Барбарай. Урэшце закаханыя патаемна пабраліся шлюбам у Вільні.
Тым часам матка каралевіча, нічога не ведаючы пра сынаў шлюб, шукала яму жонку. Калі ж Жыгімонт Аўгуст расказаў бацькам, што ўжо жанаты з Барбарай, у тых ад нечаканасці заняло мову. Асабліва злой і незадаволенай была каралева-матка Бона Сфорца, якая не любіла ўсіх Радзівілаў і не хацела ўзмацнення іх роду. Бона Сфорца меркавала, што ажэніць сына з прадстаўніцай слаўнай манаршай сям’і. Неўзабаве памёр бацька Жыгімонта Аўгуста – кароль Жыгімонт Cтары, які перад гэтым доўга хварэў. Каралева-матка віну за гэта ўсклала на сына, які сваім таемным і няроўным шлюбам нібыта скараціў бацькавы дні. Жыгімонт Аўгуст, вядома, меў дакоры сумлення, але разам з тым на яго плечы навалілася мноства дзяржаўных спраў і абавязкаў, бо з гэтай пары ён стаў паўнапраўным уладаром ВКЛ і Польшчы.
За скасаванне шлюбу караля выступілі таксама польскія шляхціцы, якія, сабраўшыся на сойм, выдзерлі падлогу, разбілі вокны ды вынеслі са злосці дзверы. Жыгімонт Аўгуст быў аднак вельмі энергічны ў перакананнях і здолеў дамагчыся афіцыйнага прызнання Барбары каралевай.
Пад канец 1550-га года ў Кракаў з’ехаліся самыя багатыя і прадстаўнічыя людзі з Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага. У кракаўскім катэдральным касцёле пры святле васковых свечак сабраліся дваране ў сабаліных футрах ды шоўкавых строях, абшытых золатам. Яны не зводзілі вачэй з залатой кароны, якую на галаву Барбары Радзівіл ускладаў біскуп. Каралева-матка Бона Сфорца на каранацыю не з’явілася – у знак пратэсту яна выехала на радзіму — у Італію.
Чары, хвароба ці атручанне?
Пасля каранацыі італьянскі аптэкар Монці прыгатаваў для Барбары зелле, каб яна магла хутчэй зацяжараць. Маладая каралева прымала гэтыя лекі цягам двух месяцаў і вельмі моцна схуднела. У траўні 1551-га года, праз паўгода пасля каранацыі, Барбара памерла. Яе канец быў жахлівым: яна мучалася некалькі месяцаў у жудаснай агоніі, аднак Жыгімонт увесь час знаходзіўся ля яе ложа, карміў яе і мыў. Паводле некаторых звестак, Барбару атруцілі агенты Боны Сфорца. Паводле іншай версіі, у Барбары было анкалагічнае захворванне.
Польскія гісторыкі пішуць таксама, што Жыгімонт Аўгуст быў у такой роспачы пасля смерці каханай, што нават паверыў у тое, што на яго выбранніцу маглі наслаць праклён. У адчаі ён загадаў схапіць прыдворную варажбітку сваёй маці. У тыя часы шмат хто з еўрапейскіх манархаў трымаў пры сваім двары магаў і астролагаў, якія варажылі па зорках і прадказвалі будучыню на картах. Варажбітку дапытвалі, ці не наклала яна суроку на каралеву. На катаваннях, калі жанчыне трушчылі косці на руках і нагах, тая прызналася, што вінаватая ў чарах.
Цяпер цяжка праверыць усе версіі, звязаныя з біяграфіяй Барбары Радзівіл, бо мінула вельмі шмат часу з той пары. Да таго ж, каралева Бона Сфорца магла знарок спрыяць распаўсюду чутак, якія зняславілі нелюбімую нявестку.
Сівая легенда ці праўда?
Жыгімонт Аўгуст доўга насіў жалобу па Барбары, але матка настойвала, каб ён ажаніўся. Кароль паддаўся на ўгаворы і ажаніўся ў трэці раз. Яго новай абранніцай стала родная сястра першай жонкі з дынастыі Габсбургаў. Праўда, кароль не кахаў новую жонку і не быў з ёй шчаслівы. Ён спадзяваўся, што, можа, дзеці прынясуць нешта добрае ў яго жыццё, але яны ў яго так і не з’явіліся.
Легенда расказвае, што пад канец жыцця Жыгімонт Аўгуст акружыў сябе варажбітамі і знахарамі, з дапамогай якіх спрабаваў выклікаць дух памерлай Барбары, каб хоць хвіліну з ёю паразмаўляць. Аднойчы кароль прыехаў у Нясвіж да Мікалая Радзівіла Чорнага (стрыечнага брата Барбары) і прывёз з сабою чарнакніжніка, які паабяцаў яму выклікаць дух памерлай жонкі. Падчас магічнага рытуалу дух з’явіўся, але моцнае каханне караля затрымала яго і не дало вярнуцца ў іншасвет. Чарнакніжнік патлумачыў: калі кароль хоча заўсёды быць са сваёй каханай, то мусіць памерці таксама ў Нясвіжы. Аднак здарылася інакш – смерць напаткала яго ў Кнышыне пад Беластокам. Сведкі сцвярджаюць, да нашых дзён дух Чорнай Панны блукае пакоямі Нясвіжскага замка, у той час як дух Жыгімонта бачылі ў Кнышыне.
Жыгімонт Аўгуст быў апошнім прадстаўніком дынастыі Ягелонаў, апошнім дынастычным вялікім князем літоўскім і польскім каралём. Пасля яго ўладароў Літвы і Польшчы заўсёды выбіралі на соймах.