Язык:

На конкурс "ІК" "Мы помнім". Нам гады і дарогі тыя забываць нельга

Помнить, чтобы жить

Горка плача маё сэрца

Я нарадзілася ў далёкім 1949 годзе. Мае родныя Наздракі, лясную вёсачку, вайна таксама накрыла сваім чорным крылом. Вёска аказалася на шляху гераічных баёў Самара-Ульянаўскай жалезнай дывізіі. А тое, што я хачу расказаць, пачула ад сваіх бабулі і таты.
Мой дзед Змітрук аўдавеў маладым. Без мамы засталіся малыя Ніна і Васіль. Іх гадавала другая жонка дзеда - мая бабуля Кацярына. У новай сям'і нарадзілася яшчэ трое дзетак: мой дзядзька Пеця, мой тата, якога ласкава называлі Паўлуша, і дзяўчынка, якая пражыла ўсяго пяць дзён.
Жылі вялікай сям'ёй, было цяжка, аднак бабуля любіла ўсіх дзяцей.
Старэйшая Ніна пайшла замуж яшчэ ў 1938 годзе. А неўзабаве і бяда страшная прыйшла - пачалася вайна. На фронт пайшоў дзядзька Васіль, у партызаны - дзядзька Пеця. З бацькамі застаўся малодшы сын - мой будучы тата…
Я вельмі любіла сваю бабулю, а яна - мяне. Я памятаю яе працавітай, маўклівай. Бачыла, як часта яна падносіла хусцінку да вачэй, выціраючы слёзы, памятаю яе сівыя валасы.
Пра вайну ўспамінала бабуля і заўсёды плакала. Праклятая вайна!..Яна ў адзін год забрала ў бабулі мужа і сына. Праз вёску ішлі баі. Ноччу снарад трапіў у хлеў, дзе стаялі конь, карова, авечкі, свінні. Памяшканне загарэлася. Дзед пабег выводзіць жывёлу. Страха абвалілася, усё згарэла, не ўратаваўся і дзед…
Праз два месяцы варожая куля забрала жыццё майго дзядзькі Пеці. Ён прыйшоў з партызанскага атрада на явачную кватэру. Нехта данёс. Следам з'явіліся два немцы. Дзядзька паспеў схавацца ў падпечку. Немцы прайшліся па хаце, нічога не знайшлі і выйшлі. Аднак, адзін з іх вярнуўся, калі партызан вылазіў са свайго сховішча…
Смяротная куля абарвала жыццё 19-гадовага юнака, які не спазнаў шчасця кахання, сям'і, не стаў прадаўжальнікам роду. Сумную вестку аб смерці сына прынесла маёй бабулі гаспадыня явачнай кватэры, сувязная партызанскага атрада Ганна Клінцавіч. Яна да самай сваёй смерці лічыла сябе вінаватай перад бабуляй, што не змагла зберагчы ад смерці яе сына.
Тату ў тым страшным 1943 годзе было толькі 16, а магчыма і менш, бо дакументы падчас пажару знішчыліся. І медкамісія пазней устанавіла дату нараджэння - 9 мая 1927 года.
…Немцы часта рабілі аблавы, шукалі партызан. Тата імкнуўся адпомсціць за бацьку і брата, але ўзрост і адзінокая матуля (старэйшы брат яшчэ быў на фронце) не дазвалялі гэта зрабіць.
…Тата прыгожа маляваў, яму прапанавалі пасля вайны вучыцца ў мастацкай школе ў Ленінградзе. Бабуля не адпусціла.
У 1948 годзе яго каханая Верачка з суседніх Дзядзічаў стала яму жонкай і добрай матуляй нам, яго будучым дзецям. Два гады жылі ў хаце дзеда Змітрука. А затым талакой (з вялікай мамінай раднёй) пабудавалі свой дом. Вайна закончылася, пачалося Жыццё…
У свае 12 гадоў я ўпершыню бачыла чалавечую смерць. Смерць маёй любімай бабулі. Яна штосьці шаптала пасінелымі вуснамі, а тата, яе сын, гладзіў яе маршчыністыя рукі і плакаў. Яму было 34 гады…
Пражыла толькі 61 год маўклівая і задуменная ахвяра вайны, маці забітага 19-гадовага сына-партызана, ўдава недарэчна загінуўшага мужа. Толькі 18 гадоў змагла яна пражыць з тым болем, толькі столькі змагло вытрымаць яе сэрца, якое, напэўна, таксама ўвесь час горка плакала…
А мы, унукі і пляменнікі, ніколі не бачылі сваіх дзеда і дзядзьку. Нават фотаздымкаў не засталося. Згарэлі яны ў тым пажары. А каб не было вайны, яны былі б жывыя…Тата, магчыма, стаў бы мастаком, у дзядзькі была б сям'я, дзеці, а дзядуля з бабуляй гадавалі б унукаў. Усё магло быць, ды не стала. Была вайна!.. А колькі такіх нітачак жыцця вырвала яна з палатна лёсу сем'яў маёй Беларусі!..У мяне і цяпер на радкі падаюць слёзы, і горка плача маё сэрца…

Аб героях былых часоў

Мне пашчасціла працаваць, адпачываць, святкаваць з многімі ветэранамі Вялікай Айчыннай.Усе яны дайшлі да Берліна, але, на жаль, ужо нікога няма ў жывых… Яны былі звычайныя і адначасова незвычайныя. Салдаты Перамогі, радасць якой давала ім сілы і натхненне працаваць, будаваць новае жыццё, верыць у заўтрашні дзень і сваю краіну.
Яны стваралі сем'і, гадавалі дзяцей, радаваліся за ўнукаў.
Святкавалі вялікі дзень Перамогі з песнямі, успамінамі пра вайну, пра той апошні і святы яе дзень 9 мая.
Дзядзька мужа Аляксандр Паўлавіч Лавыш казаў, што дзень Перамогі для яго важнейшы нават за Вялікдзень. Іван Мікалаевіч Завадскі вярнуўся з вайны з многімі ўзнагародамі, ганарыўся ордэнам Чырвонай Зоркі. Юнак Фёдар Сямёнавіч Мінгіновіч прыпісаў сабе год, каб пайсці на фронт. Дайшоў да Берліна і таксама вярнуўся з ордэнам Чырвонай Зоркі. Якім майстравым чалавекам ён быў! Яго кошыкі, а таксама драўляныя граблі яшчэ аднаго ветэрана вайны Уладзіміра Васільевіча Грышукевіча да гэтае пары захаваліся ў многіх вяскоўцаў. Добрым словам успамінаюць людзі і Уладзіміра Аляксандравіча Мінгіновіча…
Дзядзька майго мужа Міхаіл Рыгоравіч Гурын закончыў вайну ў Японііі. Вярнуўся, навучыўся кавальскай справе. Рабіў цуды, каваў сваю працоўную славу, каваў новае мірнае жыццё.
Ваенфельчар Васіль Макаравіч Генералаў прыехаў на Сурвілішскі ФАП разам са спадарожніцай свайго жыцця Надзеяй Ульянаўнай. Ён быў загадчыкам ФАПа, яна - санітаркай. Ніколі не скардзіўся на жыццё. Абслугоўваў 16 вёсак, каля трох дзясяткаў дзетак да году жыцця, столькі ж цяжарных. Лекі дастаўляў з Трабскай аптэкі, займаўся прафілактыкай, выконваў планы па донарству, распаўсюджваў маркі Чырвонага Крыжа. Казаў, што па параўнанні з вайной, дзе смерць побач хадзіла, гэта зусім лёгкая і радасная работа.
Сын салдата Перамогі Уладзіміра Іосіфавіча Длужнеўскага Анатоль стаў, як кажуць, вялікім чалавекам, але бацька не парадаваўся яго поспехам, бо не вярнуўся з вайны, не прыйшоў, не прыехаў… І праз вялікія дзясяцігоддзі шчыміць і плача сынава сэрца.

Праклятая вайна. Яна не глядзела ні на прыгажосць, ні на розум, ні на гады, ні на тое, што дзесьці ў вялікіх гарадах і мястэчках, вялікіх і зусім маленькіх вёсачках чакаюць матулі, бацькі, жанкі, дзеці. Чакаюць вяртання, чакаюць лістоў-трохкутнічкаў…

… На свята Перамогі збіраліся нашы ветэраны ля брацкай магілы і помніка салдату. На святочных касцюмах блішчэлі ўзнагароды, у вачах блішчэлі слёзы. У апошні шлях узнагароды неслі на аксамітных падушачках.
Прыпамінаю, як віншавалі франтавікоў і партызан у дзень 50-годдзя Вялікай Перамогі. Пасля мітынгу свята прадоўжылася ў мясцовай сталовай, дзе былі і традыцыйныя франтавыя 100 грамаў, і святочны стол з удзелам кіраўніка мясцовай гаспадаркі Мікалая Уладзіміравіча Дуніча. Песні мы выконвалі па заяўках ветэранаў. Былі і танцы. Салдаты Перамогі запрашалі нас, маладых жанчын-"артыстак". І мы ганарыліся гэтым. А як кружылі яны ў вальсе, як прыгожа танцавалі! Ветэран Іван Антонавіч Дабраловіч узяў гармонік у клубнага музыканта, каб успомніць маладосць. І нават гармонік загучаў па-асабліваму…

Такія яны былі… Потам і крывёю, а многія сваім жыццём заваявалі Перамогу. Шчаслівыя, хто вярнуўся. Яны аднаўлялі вёскі, гарады, будавалі мірнае жыццё.
Цяпер мы аддаем даніну павагі, падзяку і паклон іх памяці, мясцінам іх вечнага спакою.

За пасляваенныя гады пад мірным небам вырасла амаль чатыры пакаленні. У нас ёсць магчымасць вучыцца, лячыцца, працаваць, кахаць, ствараць сем'і, уздымаць дзетак на крыло, будаваць жыллё. Можна пры жаданні здзейсніць усе свае мары. Трэба проста любіць жыццё! Пакуль жывём, трэба помніць пра тых, хто падараваў нам яго, хто прынёс і нам, і народам Еўропы свабоду і мір.

Л. ГУРЫНА,

аграгарадок Трабы.

Читайте ещё:



Оставить комментарий

Ваше имя
Ваше сообщение
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Реклама

В какой соцсети вы проводите больше всего времени?

Предложить свою новость

Предложите нам свою новость.
Возможно, мы её опубликуем.

Заполните все поля, отмеченные символом *

Наши соцсети

Способы оплаты

PDF-рассылка

Уважаемые читатели газеты «Іўеўскі край»!

Вы можете подписаться на электронную версию нашей газеты, представленную в PDF-формате. Газета будет высылаться на указанный вами адрес электронной почты  по вторникам и пятницам накануне выхода в печать. Подписаться можно, начиная с любой даты. Будьте первыми в курсе свежих новостей Ивьевщины!

СТОИМОСТЬ ЭЛЕКТРОННОЙ ПОДПИСКИ:

– на месяц – 3 руб.;
– на три месяца – 9 руб.; 
– на шесть месяцев – 18 руб.

Подробнее

Наши контакты

р/с № BY47BAPB30152768600140000000

ОАО "Белагропромбанк", г.Минск.
 Код BAPBBY2X,

УНН 500051130.

E-mail: pressa.ik@ivyenews.by

Тел/факс: (01595) 6-96-40

Наш адрес:
231337, Гродненская обл., г. Ивье,
ул. 1 Мая, 18

Ссылки


Ивьевский районный исполнительный комитет

 

 

Please publish modules in offcanvas position.