У полі за Малымі Князікоўцамі стаіць невялікі помнік у памяць аб трагедыі, што здарылася тут 30 ліпеня 1941 года.
- У 1940 г. у бліжніх лясах ад вёсак Князікоўцы і Малыя Князікоўцы высадзіўся нямецкі дэсант, - узгадвае страшную гісторыю, якая адбылася з яе землякамі, старшыня Ліпнішкаўскага сельвыканкама Яніна Бузар. - Яго хутка абяззброілі і ліквідавалі мясцовыя жыхары. Нехта далажыў аб гэтым фашысцкім акупантам. Спачатку хацелі расстраляць усіх людзей з абодвух вёсак, а потым адлічылі кожнага дзясятага і павялі пад канвоем на поле. Яны самі капалі сабе магілу. І там і былі расстраляны. Засыпаная яма яшчэ доўга варушылася. Яе ахоўвалі коннікі і не дазвалялі жывым блізка да яе падысці. Потым дазволілі перазахаваць родных.
У бягучым годзе мясцовыя ўлады вырашылі адрамантаваць помнік. Як расказала кіраўнік мясцовай улады, ўстаноўлена надмагільная пліта, на якую нанесены надпісы загінуўшых, яе вакол абліцавалі керамічнай пліткай, усталявалі вазы для кветак.
- Сёння, калі прайшло 79 гадоў як закончылася вайна, вельмі шмат увагі ўдзяляецца догляду месцаў памяці, - гаворыць Яніна Уладзіміраўна. - Улады, розныя арганізацыі і прадпрыемствы сочаць за навядзеннем парадку на воінскіх пахаваннях. Мануметы і памятныя знакі аднаўляюцца і рэстаўрыруюцца. Узводзяцца новыя абеліскі. Працягваюцца пошукавыя работы і вяртаюцца імёны тых, хто загінуў.
Ірына БУТУРЛЯ.