Вось гісторыя, запісаная Барысам Манцэвічам ад Раісы Вікенцьеўны Данілюк 1933 года нараджэння.
У параўнанні з некаторымі іншымі вёскамі Шчучынскага раёна наша Табаліца – невялікая – на пачатку Айчыннай вайны мела семдзесят восем хат. А цяпер наогул на вачах знікае. Людзі мяняюць вёску на горад. І мяне лёс закінуў у Гродна да дачкі. Не, не таму, што я не магла сябе даглядаць. Але Ларысе патрэбна было дапамагчы глядзець мужа Антона, гэта значыць майго зяця, якому падчас цяжкай хваробы ампутавалі дзве нагі. Ён для мяне што родны сын. А калі агарнула такое гора, то старой віляць хвастом нельга. Ну і як не дапамагчы, калі дачка яшчэ не на пенсіі, а ў яе растуць трое цудоўных дзяцей. І ім трэба дапамагаць.
З набліжэннем нашай арміі ўсё часцей сталі даходзіць чуткі, што то там мост падпалілі ці ўзарвалі, то там гарнізон разграмілі, то там тэлефонную сувязь пашкодзілі.
А непадалёк ад Табаліцы на хутарах жылі дзве сям'і. Мірныя, працавітыя. Нікому не шкодзілі. І раптам нехта са здраднікаў данёс у жандармерыю, што на адзін з хутароў заходзілі падазроныя людзі, каб на ноч пазычыць пілу і сякеру. І адразу, нібы па заказу, наскочылі фашысты ў зялёных мундзірах. Учыніўшы допыт, загадалі людзям з суседніх хутароў выкапаць яму, ля якой і расстралялі ўсю сям'ю з трыма малымі дзецьмі. Назаўтра раніцай мы хадзілі глядзець магілку, крыху прысыпаную зямлёй, якая яшчэ варушылася, бо ў яму пападалі не толькі забітыя, але і параненыя.
Мой тата Вікенцій Кузьміч з суседзямі перазахавалі фашысцкія ахвяры ў большую яму. Без дамавін, бо не было часу іх рабіць.
А ўсяго за перыяд акупацыі з 1941 года да 13 ліпеня 1944-га акупанты разам з паліцэйскімі знішчылі на Шчучыншчыне больш за 6 тысяч мірных жыхароў.