17 снежня 2020 года споўнілася 77 гадоў, як фашысцкія акупанты ў час Вялікай Айчыннай вайны спалілі маю родную вёску Ацмінава. Гэтая трагічная, чорная дата і па сённяшні дзень жыве ў маёй памяці і напамінае аб цяжкіх днях апаленага вайной дзяцінства.
Вёска Ацмінава да вайны была звычайнай беларускай вёскай, размешчаная ў 10 км ад мястэчка Уселюб і ў 23 км ад Навагрудка. Тут жылі працавітыя сяляне, вырошчвалі хлеб, гадавалі дзяцей. Лес быў вялікім падспор'ем для земляробаў у плане нарыхтоўкі дроў, збору ягад і грыбоў, палявання. Акружанае з усіх бакоў лясамі, Ацмінава дарагім коштам паплацілася ў час нямецкай акупацыі. І прычынай таму стала сувязь насельніцтва з партызанамі, аказанне ім дапамогі.
У снежні 1943 г. ваенная нямецкая адміністрацыя Навагрудка вырашыла пазбавіць створаныя ў лясах партызанскія атрады начлегу і прадуктаў харчавання. Ранкам, якраз на рэлігій-нае свята Варвары, нямецкія карнікі, якія прыехалі з Навагрудка, акружылі тры суседнія лясныя вёскі: Ацмінава, Малачкі і Дзетамлю. На хутары, размешчаныя бліжэй да лесу, яны не заходзілі, бо баяліся партызанскіх засадаў.
Мне на той час было сем гадоў, і я добра памятаю, як развіваліся падзеі ў той дзень. Немцы прайшліся па хатах і загадалі запрагаць коней у сані, грузіць хатнія пажыткі і выстройвацца на дарозе ў калону. Хутка абоз з павозкамі і жыхарамі трох вёсак расцягнуўся на тры кіламетры ў бок Навагрудка. Людзі з вялікім горам і бядой у сэрцы, са слязамі на вачах рухаліся ў супрацьлеглы бок ад вёскі Ацмінава. Яны са страхам аглядаліся, бо бачылі, як гараць хаты, хлявы, гумны. Полымя з саламяных стрэхаў шугала вышэй вершалінаў лесу.
У Навагрудку ўсіх жыхароў загналі на тэрыторыю турмы і зачынілі там. На трэці дзень зняволення мужчын аддзялілі і накіравалі на работы. Кагосьці, магчыма, павезлі ў Германію. А многіх пакінулі тут, у Беларусі. Браты майго бацькі Іван і Косцік працавалі на тэрыторыі Беларусі на лесанарыхтоўцы. Яны вярнуліся ў Ацмінава толькі ў 1944 г. пасля вызвалення.
Жанчын і дзяцей карнікі выгналі з турмы і сказалі: "Ідзіце, куды хочаце!". Ісці не было куды, і жанчыны з дзецьмі вярнуліся на папялішча зніклай вёскі. Ва ўсіх гаспадарках поўнасцю згарэла зерне, бо яшчэ быў снежань, і не ўсе гаспадары паспелі змалаціць у гумнах снапы. Разам з гаспадарчымі пабудовамі згарэлі сена і салома на корм. Пад печамі ў хатах згарэлі куры. А буйную рагатую жывёлу пагоншчыкі пагналі ў Навагрудак.
Пагарэльцам нічога не заставалася, як ісці на хутары і аддаленыя вёскі да родных і знаёмых. Зіму перажылі там, а вясной вярнуліся і пачалі вырабляць агароды. На вялікае шчасце ў ямах захавалася бульба, гэтым насеннем і садзілі.
Нашай сям'і цудам удалося пазбегнуць нямецкага палону. А было гэта так. Мы далучыліся да абозу як і ўсе жыхары. Кіраваў канём мой бацька Уладзімір Філіпавіч Жынко. Побач сядзела мачыха Алімпіяда Міхайлаўна. Сваю маму Анастасію Кірылаўну мы страцілі перад вайной, яна памерла ў 1938 годзе. У санях яшчэ сядзелі я, старэйшая сястра Надзя, брат Міша і самы малодшы брат Ваня.
Раптам на хамуце парвалася супонь, і бацька спыніў каня, каб рамантаваць. Немцы крычалі: "Шнэль! Што стаіш як цвік, сядай у сані!". Бацька патлумачыў немцу па-польску, што паправіць хамут і дагоніць абоз. Але калі калона адыйшла глыбей у лес, бацька развярнуўся і пагнаў каня ў бок вёскі. Нямецкай ахове не было часу шукаць нас.
Ацмінава дагарала, усё наваколле было ахутана чорным і едкім дымам. Хутка сцямнела, а мы ў гэты час заехалі на бліжэйшы ацмінаўскі хутар да старога дзеда. Яго родных таксама пагналі ў Навагрудак, а ён, як стары чалавек, адказаўся туды ісці. Хату дзеда таксама немцы падпалілі, але яна была накрытая драніцай і не так хутка гарэла, як страха з саломы. Дзед паспеў патушыць полымя вадой.
Мы пераначавалі ноч на хутары. Раніцай усталі і сабраліся ад'ехаць да радні ў в. Крываногава. Зноў заехалі ў вёску на папялішча роднай хаты і ўбачылі на двары сваю карову. Яна ўцякла ў лес у час аблавы і вярнулася, калі ўсё сціхла. Мы вельмі абрадаваліся вяртанню сваёй каровы-карміліцы, прывязалі яе да саняў і паехалі да радні ў Крываногава за 8 км ад Ацмінава.
У Крываногаве мы жылі да вясны 1944 года. Бацька ездзіў па вёсках і прасіў у людзей сена, каб як пратрымаць да першай майскай травы каня і карову. Вясной наша сям'я вярнулася на папялішча роднай хаты. Бацька збудаваў з жэрдак часовую будку для жылля, накрыў яе яловай карой. У яме захавалася бульба, і мы пасадзілі агарод.
Вярнуліся на папялішча і іншыя аднавяскоўцы. Прыйшлося пачынаць новае жыццё з нуля, бо нічога не мелі. Хутаране шкадавалі пагарэльцаў і дапамагалі ім малаком, хлебам, давалі коней апрацоўваць поле.
Памятаю, як летам 1944 г. бацька сабраў з поля трошкі недаспелага зерня і змалоў муку ў жорнах. А мачыха спякла ляпёшку. Яна здавалася неверагодна смачнай, бо хлеба не было. Харчаваліся толькі вараным шчаўем, крапівой, баршчом, варыва забельвалі малаком. Па яйкі хадзілі на балота і шукалі іх у гнёздах дзікіх качак.
Летам 1944 года Чырвоная армія імкліва наступала і гнала нямецкіх захопнікаў.
Памятаю, як праз нашу спаленую вёску ішла савецкая конная частка ў напрамку Бярозаўкі на Ліду. Мы, дзеці, назіралі, як байцы адпачывалі на прывале каля палявой кухні. Чатыры палонныя немцы чысцілі бульбу для супу. За гэты кароткі час ацмінаўскі жыхар паспеў абмяняць у чырвонаармейцаў свайго звычайнага каня на каня бельгійскай пароды. Коннаармейцам быў патрэбны звычайны конь, бо коні "бельгійцы" вельмі баяцца стрэлаў. Як стала шарэць, чырвонаармейцы рушылі ў шлях. Гэты дзень быў, напэўна, днём вызвалення Ацмінава.
Да зімы 1944 года жыхарам спаленых вёсак дазволілі рэзаць лес і будаваць дамы. За чатыры гады пасля вайны наша вёска адбудавалася. Восенню 1944 года ацмінаўцы сабралі больш-менш лепшы ўраджай з палёў і сталі далей жыць.
З гадамі раны вайны зарубцаваліся. Ды напамінам аб тых страшных днях засталася ў Ацмінаве магіла партызанскай сям'і, якая загінула ў той дзень, калі фашысцкія карнікі палілі вёску.
Нехта падказаў ім, што старэйшы сын ацмінаўскай сям'і Лапаць знаходзіцца ў партызанскім атрадзе. З іх хаты на ўскрайку вёскі і пачалося дзікае паляванне на мірных людзей. Ранкам фашысты ўскочылі ў хату і забілі бацьку і маці (імён іх не помню), а таксама чатырохгадовых дзяўчынак-блізнятаў Іру і Веру, пяцігадовага хлопчыка Віцю. Пасля забойства падпалілі дом і пайшлі далей чыніць зло.
У сям'і Лапцяў былі яшчэ два старэйшыя хлопчыкі, але яны ўратаваліся выпадкова. Адзін з іх быў у гэты час у суседзяў. Другі, калі ішлі немцы ў хату, схаваўся пад печ, а потым выскачыў з палаючай агнём хаты. Пасля вайны хлопцы выраслі і паехалі працаваць у горад Выбарг Ленінградскай вобласці. Доўгі час яны прыязджалі на магілу родных у Ацмінава.
У Ацмінава ў час вайны былі толькі могілкі для памерлых маленькіх дзяцей, якіх бацькі не паспелі ахрысціць. Усіх памерлых хрысціян хавалі на могілках каля мястэчка Уселюб. Згарэлыя астанкі сям'і Лапаць пахавалі побач з дзіцячымі могілкамі. Тут пасля вайны па ініцыятыве мясцовага сельсавета і калгаса быў узведзены сціплы помнік, а вакол яго - металічная агароджа. На помніку напісаны імёны загінуўшых дзяцей сям'і Лапаць. Але чамусьці няма імёнаў бацькоў. Калісьці вучні Ацмінаўскай пачатковай школы, работнікі сельсавета і канторы калгаса ўскладвалі кветкі на магілу загінуўшай партызанскай сям'і.
Цяпер у Ацмінаве няма школы, дзіцячага сада, сельсавета і канторы. З аб'ектаў сацкультбыту засталіся і працуюць пошта, ФАП, клуб, бібліятэка. Быўшы ацмінаўскі калгас "Праўда" ужо даўно з'яўляецца брыгадай "АГРА - Нёман - Пятровічы" з цэнтрам СВК у Пятровічах. У Ацмінава працуюць малочнатаварная ферма, тэхнічная майстэрня, зерняток.
З Ацмінава пачынаўся мой шлях у дарослае жыццё. Тут я закончыў пачатковую школу, потым 7-гадовую школу ў Бердаўцы. Далей вучыўся ў Лідскім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі па спецыяльнасці "тэхнік-механік". У 1960 годзе паступіў, а ў 1966 годзе закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі па спецыяльнасці "інжынер-механік".
Але так склалася, што большую частку жыцця я пражыў на Іўеўшчыне. У 1966 годзе прыехаў сюды па размеркаванні галоўным інжынерам у саўгас "Жамыслаўль" і працаваў тут да выхаду на пенсію ў 1994 годзе. Тут мая сям'я, мае карані, мая маладосць і сталасць. А сэрца маё там, на зямлі дзяцінства, на Навагрудчыне, у Ацмінаве.
Аляксандр Жынко,
ветэран працы,
жыхар вёскі Шаркуці
Іўеўскага раёна.