У бальніцу жанчынка трапіла – маладзенькая! Стан тоненькі, як перашчыкнуць, галасок звонкі, коскі па плячах трапечуцца… Нават не верыцца, што ёй ужо 30, што дома чакаюць муж і двое дзетак, старэйшаму з якіх амаль 8 гадоў. І з такой любоўю яна расказвае пра Руслана свайго, пра сына, пра дачушку, што зразумела: шчаслівыя яны!
Ды вось бяда вялікая ў іх сям’ю ўбілася: у Наташкі выявілі рак малочнай залозы, аперацыю зрабілі… Шкадуюць яе старэйшыя каляжанкі па палаце: хай ужо мы – сваё пажылі, дзяцей выгадавалі, унукаў дачакаліся, а табе ж за што такое выпрабаванне?
– За што – не ведаю, – паціскае плячыма Наташка. – А з-за чаго – здагадваюся, і ўрачы гэтую здагадку пацвярджаюць. Мне мо 5 ці 6 гадоў было, прастудзілася. Мама паставіла ранкам градуснік тэмпературу памераць – і забылася. А я ўпала, градуснік выпаў і кончык адбіўся. Дык я яго назад пад паху паставіла і так цэлы дзень з ім і хадзіла, пакуль вечарам зноў не стала гарэць і ўсе не кінуліся градуснік шукаць, каб тэмпературу даведацца.
– Дык чаму ж ты не прызналася маме, што тэрмометр разбіўся?
– Ой, вы што! Я баялася... Мама мяне вельмі моцна біла – за ўсё на свеце і без дай прычыны. Папругай, кіпяцільнікам, сеткай. Калі я тры дні сесці не магла з-за таго, што сукенку варэннем запэцкала, то можаце ўявіць, што мне было б за разбіты градуснік? Вось я і насіла, думала: можа, забудуцца? А выкінуць яшчэ больш баялася… Малая, дурная…
У палаце завісла паўза.
– А цяпер маці ведае, дзе ты і што з табой? – асцярожна спытала адна з суседак.
– Вядома! – махнула рукой Наташка. – Але ёй без розніцы, не тэлефанавала ні разу, не кажучы ўжо пра тое, каб прыехаць. Дый добра: цяжка нам разам. Я з 12 гадоў сама сябе забяспечвала, у школу збірала. Па лісічкі ў лес хадзіла, па чарніцы. Яблыкі на закінутых сядзібах трэсла, здавала. У тэхнікум паступіла, кожнае лета працавала. А потым кінула: зіма суровая была, а мне не было за што боты купіць, у кедах на заняткі ездзіла.
– П’яніца? – перапытвае Наташка – і круціць галавой: – Не, яна прыстойная, прыгожая жанчына, працавала, ў перадавіках лічылася. Толькі яна мяне ніколі не любіла. Мо, з-за таго, што бацька нас кінуў, калі мне 2 гады было, мо, таму, што я малая шустрая была, усё на мне гарэла. А мо, яна проста нарадзілася такой? Здараецца ж, што людзі нараджаюцца з інваліднасцю, з пэўнымі фізічнымі адхіленнямі. А мая мама, напэўна, нарадзілася з адсутнасцю гена любові… Бо і да малодшага брата, якога яна нарадзіла ад другога мужа, гэтак жа адносілася – Толіка, па сутнасці, я расціла.
…Калі дзіця нараджаецца з нейкай хваробай, яго імкнуцца вылечыць, часам – усім мірам.
А калі інваліднасць – не фізічная, а псіхічная? Як яе распазнаць? Ці можна вылечыць? Як? Чым?
А галоўнае – як уратаваць ад такіх фізічна здаровых інвалідаў іншых, найперш – іх дзяцей?
Ніна РЫБІК.