ivyenews.by

Хілевіцкія адгалоскі школы і вёскі. Даследаванне краязнаўцы Алега Ігліцкага (частка 2)

О малой родине

Працяг. Чытаць пачатак тут

Сёстры Яніна і Уладзіслава Станулевічы пражывалі ў бацькоўскім доме. Яніна працавала прыбіральшчыцай у вясковай школе. Уладзіслава выйшла замуж за Іосіфа Дуная з в. Забялаўцы. Ён працаваў трактарыстам у брыгадзе “Васілевічы”. Уладзіслава – на паляводчых работах. У вольны ад працы час сёстры займаліся ткацтвам на кроснах. Таленавітыя майстрыхі выраблялі на ткацкім станку перабіранкі, ручнікі, займаліся вышыўкай і вязаннем. 

Іосіф і Марыя Каранеўскія працавалі паляводамі ў брыгадзе “Васілевічы”. Іх дачка Альбіна працавала ў школе прыбіральшчыцай, буфетчыцай. Была замужам за Яўгеніем Булка, які працаваў трактарыстам на меліярацыйных работах, затым – трактарыстам у саўгаснай брыгадзе “Васілевічы”. Іх дзеці Валя і Саша пражываюць у Лідзе. Другая дачка Каранеўскіх Уладзіслава таксама пражывала з сям’ёй у Лідзе.

Па правы бок вясковай вуліцы пражывалі наступныя сем’і. Іосіф і Станіслава Нехвядовічы працавалі ў саўгасным паляводстве. Іх сын Станіслаў ажаніўся з дзяўчынай Алімай з Вадолі. Там яны жылі і працавалі ў паляводстве.

Дачка Іосіфа і Станіславы Галіна працавала фельчарам у Суботніцкай участковай бальніцы. Цяпер на пенсіі, пражывае ў дачкі Валянціны ў Мінскім раёне.

Дачка Галіны Іосіфаўны Валянціна нарадзілася 13 мая 1965 года ў в. Суботнікі. Калі бацькі пражывалі ў Хілевічах, Валянціна пачынала вучобу ў Вадольскай базавай школе, а потым працягнула вучыцца ў Суботніцкай сярэдняй школе.

У 1988 годзе Валянціна Курсевіч закончыла Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці “лячэбная справа”. Працавала ўрачом выяздной брыгады станцыі хуткай дапамогі Мінскага раёна.

З 1992 года Валянціна Вацлаваўна працавала ўрачом-кардыёлагам Мінскага раённага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання, урачом-рэўматолагам, намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай часці Мінскай абласной клінічнай бальніцы. З 2013 года працавала загадчыкам кардыялагічнага аддзялення 2-ой гарадской клінічнай бальніцы горада Мінска.

Валянціна Вацлаваўна – беларускі дзяржаўны дзеяч. Закончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце РБ па спецыяльнасці “дзяржаўнае і мясцовае кіраванне”. Выбіралася дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 6-га склікання. Была абраная дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 7-га склікання па Заслаўльскай выбарчай акрузе №77. З’яўляецца членам Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы. 

У цяперашні час Валянціна Вацлаваўна Курсевіч працягвае працаваць галоўным урачом у дзяржаўнай медыцынскай установе “Мінскі абласны клінічны шпіталь інвалідаў ВАВ імя П.М.Машэрава”. За шматгадовую і плённую дзяржаўную дзейнасць узнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу РБ, нагрудным знакам Міністэрства аховы здароўя “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”.

Дасягнуць прафесійнай вышыні ў галіне медыцыны можа толькі высокаматываваны, творчы, любячы сваю справу спецыяліст. Такім і з’яўляецца ўраджэнка Іўеўшчыны Валянціна Вацлаваўна Курсевіч, і мы, землякі, вельмі ганарымся ёй і яе заслугамі.

Ідзём далей па асветленай сонцам, брукаванай вуліцы вёскі Хілевічы. Тут калісьці стаяла невялікая хатка, дзе пражывалі дзве старэнькія жыхаркі - Людвіся і Салюта Кузьмы. Адзінокім жанчынам аказвалі шэфскую дапамогу вучні Вадольскай базавай школы. Прыбіралі ў хаце і на надворку, насілі ваду, палівалі агарод.

Далей пражывала сям’я Мякіш. Іх сын Іван быў у прымах у вёсцы Кіслыя, затым пераехаў і пражываў у Суботніках. Дочкі Мякішаў Яніна і Ядзя з’ехалі ў Казахстан. Дачка Юзэфа – ва Украіну. На жаль, іх рэдкае прозвішча на Іўеўшчыне не захавалася. Калісьці мякішам называлі мяккі хлеб без скарынкі. Адсюль паходзіць і прозвішча Мякіш. Цікавае, рэдкае і вельмі беларускае прозвішча.

Адольф Станулевіч і яго жонка Яніна з’ехалі ў маладосці ў Казахстан у пошуках лепшага жыцця. Але настальгія па малой радзіме была настолькі моцнай, што сям’я, хоць і не ў поўным складзе, вярнулася ў Хілевічы. Старэйшыя дзеці: сын Часлаў і дачка Тарэса стварылі сем’і і засталіся ў Казахстане. Меншыя дзеці Станулевічаў уладкаваліся ў Беларусі. Марыя жыве ў Мінску, Валянцін ў Лідзе. Вацлаў жыў у Іўі, Ядвіга – у Лідзе.

Іосіф Іосіфавіч Мінко ў маладосці працаваў у саўгасным паляводстве, даглядаў сваіх бацькоў у в. Вадоль. 20 гадоў да пенсіі ахоўваў лес лесніком Ліпнішкаўскага лясніцтва. Яго жонка Ванда Міхайлаўна працавала ў паляводстве. Іх сын Станіслаў Мінко жыў і працаваў у Мінску вадзіцелем тралейбуснага дэпо №1. Дачка Марыя Іосіфаўна Есмановіч пражывае ў Іўі і працуе касірам Іўеўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Іосіф і Генуэфа Качаны працавалі ў саўгасным паляводстве. Любоў да роднай зямлі і працавітасць яны перадалі сваім дзецям. З чатырох дзяцей трое засталіся жыць і працаваць на Іўеўшчыне.

Дачка Марыя выйшла замуж за Паўла Вайткоўскага, які працаваў шафёрам у саўгасе “Жамыслаўль”. Марыя працавала ў паляводстве, даяркай на ферме “Васілевічы”, санітаркай у санаторыі “Суботнікі”. Сям’я пражывала ў вёсцы Дабраўляны. 

Дачка Алена выйшла замуж за жамыслаўскага хлопца Эдуарда Жульпу, які працаваў паляводам, а затым кавалём на мехдвары брыгады “Раманы” саўгаса “Жамыслаўль”. Алена працавала ў Суботніцкай участковай бальніцы сястрой-гаспадыняй, а затым паштальёнам Суботніцкага аддзялення сувязі. Алена Іосіфаўна цяпер на пенсіі, пражывае ў вёсцы Дабраўляны.

Дачка Крысціна пражывала з сям’ёй у Лідзе, працавала будаўніком на Лідскім лакафарбавым заводзе.

Сын Іван закончыў Навагрудскае вучылішча механізацыі, набыў прафесію трактарыста і вярнуўся ў родную вёску Хілевічы. Працаваў тут трактарыстам у калгасе, які называўся “1 Мая.” Службу ў Савецкай Арміі Іван Качан праходзіў у Печах пад Барысавам, дзе займаў пасаду інструктара па падрыхтоўцы вадзіцеляў танкаў. Пасля дэмабілізацыі зноў вярнуўся ў Хілевічы і працаваў трактарыстам на бульдозеры ў саўгасе “Жамыслаўль”.

Галоўны заатэхнік саўгаса Ларыса Антановіч прапанавала Івану Іосіфавічу ўзначаліць у 1968 годзе адстаючую ферму “Васілевічы” па адкорме БРЖ (бычкі, цялушкі). Іван Іосіфавіч згадзіўся, і за кароткі перыяд ферма стала перадавой у саўгасе. Тут размяшчалася стада 400 галоў, а прывага на адкорме вырасла да 700 грамаў за суткі. Сакрэт поспеху быў просты: падабраў талковы калектыў, узмацніў кантроль, клапаціўся пра кармы ў дастатку: камбікорм, салома, сілас, барда (адходы) з саўгаснага спіртзавода. У 1987 годзе Іван Іосіфавіч завочна закончыў Ваўкавыскі сельскагаспадарчы тэхнікум.

У 1968 годзе ў саўгас прыехала працаваць аграном па прафесіі Ванда Іванаўна Шаціла. Яна ўзначаліла ўчастак “Васілевічы”. Іван Іосіфавіч і Ванда Іванаўна пазнаёміліся, падружылі і згулялі вяселле ў 1968 годзе. Ім суджана было і працаваць разам. Бо ўчастак “Васілевічы” павялічыўся за кошт далучэння ўчастка “Залессе”. Іван Іосіфавіч працаваў памочнікам загадчыка ўчастка. Сям’і Качаноў давялося працаваць пры ўсіх дырэктарах саўгаса “Жамыслаўль”: Талаку, Дзесюкевічу, Ханько, Халупка. І ўсе былі задаволены іх работай.

Былы дырэктар саўгаса “Жамыслаўль” Анатоль Рыгоравіч Халупка, які кіраваў саўгасам з 1979 па 1995 год, сказаў: “Прыемна было працаваць з Вандай Іванаўнай і Іванам Іосіфавічам. Яны былі выдатнымі кіраўнікамі. Самастойна прымалі рашэнні, талковыя, адказныя, пунктуальныя, чэсныя, справядлівыя людзі”.

Ванда Іванаўна працавала загадчыкам участка да 1995 года. Іван Іосіфавіч пайшоў на пенсію ў 2000 годзе. Але яшчэ да 2002 года працаваў загадчыкам фермы “Васілевічы” па просьбе дырэктара саўгаса Віктара Клімашэўскага. Ветэраны працы саўгаса пражываюць у вёсцы Васілевічы.

Сям’я Іосіфа і Ганны Мінко працавала ў саўгасным паляводстве. Паляводам працаваў і іх сын Альбін. Яго жонкай была настаўнік гісторыі мясцовай школы Юзэфа Паўлаўна Сандура. Іх адзіная дачка Святлана жыве ў Мінску і працуе медсястрой ў бальніцы.

Сын Іосіфа і Ганны Юзік жыў з сям’ёй у Хілевічах і працаваў вартаўніком на ферме “Васілевічы”. Яго жонка Ванда – паляводам.

Станіслаў і Габрыня Каранеўскія таксама працавалі ў паляводстве. Іх сыны Міхаіл і Мікалай уладкаваліся ў Мінску. Мікалай цяпер жыве і працуе ў сталіцы будаўніком. Трэці сын Іван застаўся жыць у Хілевічах. Працаваў буравым майстрам Гродзенскага СМУ, лесніком Ліпнішкаўскага лясніцтва. Жонка Альбіна – у паляводстве. Цяпер Іван пражывае ў сына ў горадзе Бярозаўка.

Вадольская базавая школа замацоўвала маладыя педагагічныя кадры ў вёсцы. Мясцовы хлопец Іван Станюкевіч працаваў кавалём на мехдвары ў брыгадзе “Васілевічы”. Ажаніўся з маладой настаўніцай пачатковых класаў Валянцінай Дзмітрыеўнай. Маладая сям’я купіла ў Хілевічах хату Каранеўскіх. Выгадавалі трох сыноў. Аляксандр жыў і працаваў у Мінску, Леанід – у Мінойтах. Сын Юра прыязджае ў бацькоўскую хату з Ліды.

Стаяць у Хілевічах хаты больш аддаленыя ад вясковай вуліцы. Каля лесу – дагледжаная хата Івана і Аміліі Васілеўскіх, якія працавалі ў паляводстве. Іх дзеці Ганна і Ванда – у  Польшчы. Сын Іосіф пражывае ў Лідзе. Дачка Тарэса працавала ў паляводстве. Жыве ў бацькоўскім доме і падтрымлівае яго ў належным стане. 

Іван і Станіслава Бутурлі працавалі ў паляводстве. Іх дзеці Іосіф і Рэгіна – у Ашмянах. Сын Вацлаў жыў і працаваў у Мінску.

Побач пражываў родны брат Івана Бутурлі Франц з жонкай Геленай. Працавалі ў паляводстве. Іх дачка Марыя – у Маладзечна, Ядвіга – у Галімшчыне, Леаніда пражывала ў вёсцы Слесары.

Сям’я Вацлава і Яніны Нехвядовічаў была мнагадзетнай. Вацлаў Вайцехавіч  быў інвалідам другой групы, не працаваў. Усе цяжкасці сямейнага жыцця ляглі на плечы жонкі Яніны Станіславаўны. Гадавала пяцёра дзяцей, працавала звеннявой па вырошчванні ільну ў брыгадзе “Васілевічы”, хадзіла на сезоную работу па нарыхтоўцы торфу для паліва кацельнай спіртзавода саўгаса “Жамыслаўль”, а ноччу працавала вартаўніком у амбары.

Хотите читать актуальные новости Ивья и Ивьевского района первыми? Подписывайтесь на наш Телеграм-канал по ссылке https://t.me/ivyenews

(Працяг будзе).

Алег Ігліцкі.

 

Читайте ещё:



Оставить комментарий